У Клімавічах затрымалі дэпутата райсавета?
Па неафіцыйнай інфармацыі, на мінулым тыдні супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі ў Клімавічах Сяргея Аўхіменку, намесніка дырэктара адной з будаўнічых арганізацый горада, які адначасова з’яўляецца дэпутатам Клімавіцкага раённага Савета народных дэпутатаў 26 склікання.

Па словах жыхароў Клімавіч, якія выпадкова сталі сведкамі падзеі, затрымалі дэпутата райсавета Аўхіменку на вуліцы перад уваходам у арганізацыю, дзе ён працуе. Невядома, прадстаўнікі якой сілавой структуры яго затрымлівалі, бо супрацоўнікі праваахоўных органаў былі ў цывільным. Як кажуць некаторыя сведкі, іх дзеянні здымаліся на відэакамеру.
Па неафіцыйнай інфармацыі, дэпутат райсавета затрыманы за парушэнні крымінальнага характара ў дзейнасці будаўнічай арганізацыі, дзе ён працуе намеснікам кіраўніка. Супрацоўнікаў гэтай арганізацыі быццам бы пачалі выклікаць на допыты ў якасці сведкаў.
Пракуратура і іншыя дзяржаўныя органы пакуль ніяк не каментуюць гэтае затрыманне. Магчыма, адсутнасць афіцыйных паведамленняў тлумачыцца тым, што намеснік дырэктара будаўнічай арганізацыі адначасова з’яўляецца дэпутатам Клімавіцкага раённага Савета народных дэпутатаў.
Адзін з жыхароў Клімавічаў распавядае: “У сераду 16 студзеня некалькі чалавек распавялі мне аб тым, што адбылося. Былі нават людзі, якія сцвярджалі, што бачылі гэта на ўласныя вочы. Да
таго ж стала вядома, што некаторых мясцовых жыхароў пачалі выклікаць на допыты. Падзею абмяркоўваюць усе Клімавічы, а ўладныя структуры адмоўчваюцца.
spring96.org