Завулак Каржанеўскага, 28 — небяспечны адрас для менскіх гандляроў
Падаткавікі ладзяць аперацыю «Кантрольная закупка» ў адной з прыватных менскіх кватэраў: тых, хто прадае без чэка, чакаюць штрафы ад Br 30 да 40 млн.
Фота svaboda.org
Юля Сцяпанава паведамляе ў сваім «Фэйсбуку» пра працяг гісторыі з рэалізацыяй нераспрададзенага тавару пасля таго, як Чэрвенскі кірмаш не працягнуў дамову з яе мужам, прадпрымальнікам Аляксандрам Макаевым.
«Два дні таму Сашу патэлефанаваў мужчына, сказаў, што ад супольных сяброў — назваў імёны, вітанне перадаў — і сказаў, што ўжо купляў у Сашы кран калісьці», — напісала Сцяпанава. — «Замовіў кран. Папрасіў яго прывезці, бо самавывезці няма як, а кран тэрмінова патрэбны. Без усялякай задняй думкі Саша павёз. Звычайны жылы дом, кватэра на другім паверсе. Тыпу муж і жонка — кран паглядзелі, усё іх задаволіла. Саша выпісаў гарантыю, яны далі грошы».
Пасля гэтага з розных кутоў кватэры са словамі «Кантрольная закупка» пачалі высыпацца людзі з пасведчаннямі:
«Давайце пройдзем на кухню — у нас наступныя» кліенты зараз».
«Саша сказаў: «Буду стаяць тут — можа хоць аднаго чалавека ўратую ад Вас». Не далі — завялі-такі на кухню», — працягвае Сцяпанава.
На кухні ўжо сядзелі гора-прадаўцы. Бралі ўсіх — з «Анлайнера», з «Сэканд.бай», з «З рук у рукі», курʼераў з інтэрнэт-сайтаў… Нікога не хвалюе — сваё вы прадаеце або гандлюеце ўвесь час. Даказаць нічога не магчыма — ніхто з гэтай кватэры не выйшаў без пратакола».
Сярод затрыманых быў мужчына, які прадаў адзін ложак са спальнага набору — ложак канфіскавалі, мужчыну пасля суду чакае штраф у 30–40 млн рублёў.
Сцяпанава папярэджвае, што патэнцыйны кліент просіць прывезці тавар па адрасе завулак Каржанеўскага, 28, кватэра 80, і дадае, што замаўляюць звычайна «больш і даражэй», бо тавар аўтаматычна канфіскуюць.