Збегчы ад крызісу
Мінск прымае ўдзельнікаў аж двух міжнародных мерапрыемстваў: саміта ЕўрАзЭС і саміта СНД. Здавалася б, шараговая падзея ў межах двух няшмат на што ўплываючых зараз арганізацый. Але насамрэч вельмі нечакана гэтыя сустрэчы могуць выклікаць значныя перамены ў жыцці грамадства.
Ужо зараз відавочна, што падчас самітаў будзе зроблена ледзьве не апошняя спроба пераканаць Украіну не падпісваць асацыяцыю з ЕС. Памочнік прэзідэнта Расіі Юрый Ушакоў паведаміў прэсе, што Уладзімір Пуцін і Віктар Януковіч на сустрэчы ў Мінску 24 кастрычніка абмяркуюць праблемы расійска-ўкраінскіх адносін у выпадку ўступлення ў сілу пагаднення аб асацыяваным сяброўстве Украіны і Еўрасаюза. Не застанецца ўбаку і Аляксандр Лукашэнка, які будзе запрашаць Украіну замест Еўрасаюза ў Мытны саюз. «Магчыма, гэта той шлях, па якім пойдуць і іншыя дзяржавы СНД, па меншай меры, мы прапануем гэта былым савецкім рэспублікам, асабліва Украіне», — сказаў Лукашэнка.
«Ёсць жаданне ў Кыргызстана, Арменіі далучыцца да нашай тройцы. Мы таксама будзем абмяркоўваць гэтую праблему 24 кастрычніка», — адзначыў ён.
Для Украіны прыгатаваныя, падаецца, не толькі пернікі. Той жа Лукашэнка заявіў, што краіны Мытнага саюза гатовыя сумесна абараняць свае эканомікі ад магчымых негатыўных наступстваў у выпадку заключэння Украінай пагаднення аб асацыяцыі з ЕС. «Мы будзем абараняцца разам, Мытным саюзам, калі мы будзем бачыць у гэтым неабходнасць, класічным чынам: мы ўвядзем загараджальныя прамысловыя, мытныя пошліны па тых або іншых таварах, калі ў гэтым будзе неабходнасць», — сказаў Лукашэнка.
«Абарона Мытным саюзам» можа сур’ёзна адбіцца на Беларусі. Можа здарыцца так, што, абараняючы Мытны саюз, мы зноўку страцім вялікія грошы персанальна для сябе. Не трэба забывацца на тое, што Беларусь — трэці гандлёвы партнёр Украіны пасля ЕС і Расіі. Нам асацыяцыя Украіны з ЕС выгадная, бо ў Украіны з’явяцца нармальныя грошыкі, на якія яны могуць купіць традыцыйны наш экспарт — трактары і камбайны. А з Украіны мы атрымліваем прадукцыю машынабудавання, хімічнай прамысловасці і металургіі. Лік ідзе на сотні мільёнаў долараў.
Эканоміка — гэта вуліца з двухбаковым рухам. І калі мы кажам пра страты Украіны ў выніку таго, што МС будзе ўводзіць загараджальныя меры, то варта сказаць, што губляюць і краіны Мытнага саюза. Для Беларусі гэта можа апынуцца досыць адчувальным.
На саміце прэзідэнты Расіі і Беларусі прадметна пагутараць і пра лёс арыштаванага ў Мінску гендырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера. Прынамсі, на гэта разлічвае Пуцін. Лукашэнка не спяшаецца аддаваць Баўмгертнера Расіі, разлічваючы на «кампенсацыю стратаў» у 100 мільёнаў долараў. Але ад таго, ці дамовяцца па гэтай праблеме прэзідэнты, залежаць кошты газу і нафтавых кантрактаў, аб’ёмы пастаўкі нафты на беларускія НПЗ у наступным годзе і пастаўка нафты ў прынцыпе. А значыць, і стан у будучым «беларускага эканамічнага цуду», які шчыльна падсеў на нафтавую іголку.
Тым часам, у гэтай справе з’явіўся чарговы «беларускі след». Па паведамленні агенцтва «Bloomberg», беларус па паходжанні Аляксей Хоцін заявіў пра жаданне набыць 33% акцый ААТ «Уралкалій». Нібыта, ён прапанаваў выкупіць акцыі Сулеймана Керымава.
Юрый Хоцін і ягоны сын Аляксей кантралююць буйныя офісныя плошчы ў Маскве. Юрый Хоцін стаяў ля вытокаў стварэння ў Беларусі кампаніі «Белкасмекс». Усярэдзіне 2000-х гадоў ён страціў цікавасць да касметыкі, прадаў касметычныя брэнды і перабраўся ў Маскву. Новым напрамкам дзейнасці стаў дэвелапмент, рэканструкцыя (а фактычна новае будаўніцтва) на тэрыторыі былых будынкаў заводаў і фабрык офісных цэнтраў, гандлёвых плошчаў і складоў. У 2011-м Хоціны правялі адну з самых буйных здзелак года на расійскім рынку нерухомасці — купілі ацэначна за паўмільярды долараў комплекс «Гарбушкін двор» і іншыя аб’екты ў свайго земляка, былога мінчука Аляксандра Міляўскага.
Па ацэнках расійскага часопіса «Forbes», у 2012 годзе ад здачы ў арэнду гандлёвых і офісных цэнтраў Хоціны атрымалі каля 320 мільёнаў долараў. І ў той жа час той жа «Forbes» адзначыў, што ўвесь іх бізнэс вельмі сумнеўны, і пабудаваны на рэйдарскіх захопах аб’ектаў нерухомасці.
Такім чынам, Хоцін з’явіўся ледзьве не дзясятым пакупніком «Уралкалія» па версіі СМІ за апошнія месяцы. Між тым, не жадаючы нічога дрэннага сказаць пра «Bloomberg», наўрад ці гэтая інфармацыя вартая даверу. Справа ў тым, што 33% акцый «Уралкалія» ў Керымава няма і ніколі не было. Ягоны «Suleiman Kerimov Foundation» мае толькі 21,75% каштоўных папераў прадпрыемства.
Раней сярод прэтэндэнтаў на пакет акцый Керымава называлі тандэм уладальнікаў АФК «Сістэма» Уладзіміра Еўтушэнкава і «Руснафты» Міхаіла Гуцарыева, а таксама прадпрымальніка Уладзіміра Когана, які выступае ў партнёрстве з арабскім Дзяржфондам і «Онэксім» Міхаіла Прохарава. Праходзіла інфармацыя і пра тое, што Коган ужо выплаціў аванс за пакет акцый «Уралкалія».
Лукашэнка 21 кастрычніка заявіў, што хацеў бы бачыць акцыянерам «Уралкалія» свайго сябра Міхаіла Гуцырыева.
Яшчэ адна цікавая бізнэс-навіна прайшла па дыпламатычных каналах. «Амкадор» і «Белаўтагаз» маюць намер стварыць холдынгі з прадпрыемствамі Сербіі. Перамовы пра гэта прайшлі ва ўрадзе балканскай краіны. Міжнародныя холдынгі плануецца стварыць з сербскімі прадпрыемствамі «Перш петолетка» і «Петар Драпшын», паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.
Варта зазначыць, што адным з асноўных акцыянераў «Амкадору» з’яўляецца бізнэсовец Аляксандр Шакуцін, якога лічаць «гаманцом» Аляксандра Лукашэнкі. Аж да таго, што ў 2012 годзе Шакуцін ледзьве не патрапіў у спіс асобаў, якім ЕС забараніў уезд на сваю тэрыторыю.
Стварэнне холдынгу з прадпрыемствамі краіны, якая да 2020 года мае намер уступіць у ЕС — гэта «трывожны званочак» найперш для Аляксандра Лукашэнкі. Падаецца на тое, што «гаманец» Лукашэнкі мае намер вывезці грошы з краіны, пакуль тут не адбылося нічога лёсавызначальнага. І, можа, знак таго, што нават «прыдворныя» бізнэсоўцы разумеюць хісткасць беларускай палітыка-сацыяльнай мадэлі, якая можа абрынуцца ў любы момант.