«Здзейснены акт дзяржаўнага вандалізму». Зміцер Дашкевіч звярнуўся ў Генпракуратуру
Зміцер Дашкевіч збіраецца несці заяву ў Генеральную пракуратуру Беларусі наконт знішчаных у Курапатах крыжоў.
Пра гэта Зміцер Дашкевіч паведаміў у сваім фэйсбку і прывёў тэкст заявы наконт “акту дзяржаўнага вандалізму ў Курапатах 4 красавіка 2019 года”:
«Заява
4 красавіка 2019 года ва ўрочышчы Курапаты быў здзейснены акт дзяржаўнага вандалізму: Бараўлянскі спецлясгас пры падтрымцы МУС РБ і людзей, якія называюць сябе “настамнетамі”, былі знесены і вывезены ў невядомым накірунку 70 6-метровых крыжоў. Гэтыя крыжы летась усталёўваў я са сваімі сябрамі, на большую частку матэрыялаў (дрэва, жалеза, прапіткі) мы маем квіткі (копіі дадаюцца да скаргі) — і таму расцэньваем гэты вандалізм, як крадзеж маёмасці сотняў людзей, якія ахвяроўвалі грошы на крыжы і іх усталёўвалі. Звяртаю ўвагу, што ўсё гэта было зроблена без ніякіх на тое дакументаў і юрыдычных рашэнняў. Пра юрыдычныя аспекты і прэтэнзіі да 70 крыжоў, якія усталёўваліся цягам лета-восені 2018 года і цяпер былі знішчаныя, тлумачу наступнае:
1. 24 крыжы былі ўсталяваныя з заходняга боку ўрочышча Курапаты (з боку забаўляльнага кабака “Поедзім-поедзім”) і па гэтых крыжах да нас Бараўлянскім выканкамам не было выказана НІЯКІХ юрыдычных прэтэнзій — ні да працаў, ні да саміх крыжоў.
2. 33 крыжы былі ўсталяваныя з усходняга боку Курапатаў (з боку “Экспабэла”) і “справай” гэтай займаўся ўжо Мінскі райвыканкам, які выказаў нам прэтэнзіі да працаў і даў штраф. Да саміх крыжоў ніякіх прэтэнзій выказана не было.
3. 13 крыжоў былі ўсталяваны з паўночнага боку Курапатаў (з боку дарогі Заслаўе — Калодзішчы) і гэтымі крыжамі займалася ўжо трэцяя (!) інстанцыя — Мінскаблдзяржбуд, які выказаў прэтэнзіі і да працаў, і да саміх крыжоў. АЛЕ! Але першае рашэнне Мінскаблдзяржбуда аб шрафе за ўсталёўку крыжоў мы паспяхова абскардзілі ў Цэнтральным судзе Мінска — штраф быў адменены. Пасля гэтага Мінскаблдзяржбуд, адразу пасля вялікай размовы Лукашэнкі, фактычна паўтарыў сваё адмененае рашэнне і выпісаў штраф. Але і гэтае рашэнне абскарджвалася!
Цяпер да адзінай юрыдычнай прэтэнзіі, якая была сфармулявана да нас адносна крыжоў. 1 красавіка 2019 года Мінскаблдзяржбуд накіраваў прэтэнзію аб дэмантажы 13 крыжоў да шасці чалавек.
АЛЕ:
1. Прэтэнзія была падпісана 1 красавіка і прыйшла да нас у паштовыя скрыні 5 красавіка, а крыжы знішчаны былі ўжо 4 красавіка.
2. Прэтэнзія патрабавала дэмантаваць крыжы да 19 красавіка, але, зноў жа, крыжы былі па-варварску знішчаны 4 красавіка.
3. Прэтэнзія тычылася 13 крыжоў, а знесены былі 70.
У сувязі з гэтым узнікае дзве галоўныя юрыдычныя прэтэнзіі (пытанні) да дзяржаўнага вандалізму ў Курапатах 4 красавіка 2019 года:
1. Чаму 13 крыжоў ля дарогі Заслаўе — Калодзішчы былі знішчаны за 15 сутак да выстаўленай нам прэтэнзіі? Чаму мы не мелі часу абскардзіць рашэнне ў судзе? А мы б яго абскардзілі, бо згодна з пастановай Мінкульта №70 ад 1 снежня 2013 года аб зонах аховы мемарыяла Курапаты: “На тэрыторыі гісторыка-культурнай каштоўнасці дазваляецца правядзенне работ па ўшанаванню памяці ахвяр палітычных рэпрэсій” (пункт №9). І гэтыя працы па ўшанаванню памяці — усталёўку крыжоў — грамада рабіла 30 год, пакуль дзяржава Курапаты ігнаравала.
2. Чаму знішчаны 70 крыжоў, калі юрыдычная прэтэнзія тычылася 13 крыжоў?
Патрабую ад пракуратуры даць адказы на гэтыя пытанні і таксама паведаміць, дзе мы можам забраць 70 крыжоў, якія належаць не дзяржаўным вандалам, а людзям, якія збіралі на іх грошы?
Зміцер Дашкевіч, 8 красавіка 2019»