Судзяць Ніну Багінскую і Паўла Севярынца
У судзе Мінскага раёна пачаўся разгляд спраў Ніны Багінскай і Паўла Севярынца, затрыманых у Курапатах 5 красавіка.

Ніна Багінская была затрымана 5 красавіка ў Курапатах: 73-гадовая жанчына стала перад экскаватарамі, якія ставілі плот на месцы крыжоў, і патрабавала спыніць іх працу. Прышлі міліцыянты з папярэджаннямі. Пасля таго, як Ніна Багінская сказала, што не разумее іх па-руску, падцягнуліся яшчэ міліцыянты і пачалі настойліва прапаноўваць Багінскай прайсці да машыны і там паразмаўляць ды адпусціць яе. Павел Севярынец пайшоў разам з Багінскай і міліцыянтамі да машыны. У выніку ў машыну пасадзілі і Ніну Багінскую, і Паўла Севярынца і адвезлі ў Бараўлянскі РУУС, а адтуль у ізалятар часовага ўтрымання на вул. Скарыны. Там яны былі да суда.

Ну судзе высветлілася, што з 5 красавіка спадарыня Ніна трымала галадоўку.
Паводле складзеных пратаколаў, Ніну Багінскую абвінавачвалі ў хуліганстве і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Але суддзя Аляксей Крапачоў адправіў пратаколы на дапрацоўку. Спадарыню Ніну вызвалілі ў залі суда.

Справу Паўла Севярынца разглядае Павел Жэчка.

У якасці сведкі выступае амапавец Дзмітрый Матока.

Фота Арцёма Лявы