Злом за дабро
Ніводная добрая справа не застанецца беспакаранай. Менавіта такім дэвізам кіруюцца ўлады Гродзенскай вобласці. На Аляксея Шчадрова, які ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёна арганізаваў прытулак для бяздомных, заведзеная справа па артыкуле 193-1 КК — дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
Аляксей Шчадроў
Грэшнік, які пакаяўся
Сам Аляксей Шчадроў — малады яшчэ чалавек, яму 28 гадоў. Па адукацыі — медык, скончыў медыцынскую вучэльню, працаваў на «хуткай дапамозе». Але ў той жа час ён краў і прадаваў медычныя прэпараты наркатычнага дзеяння. Быў злоўлены, адбыў два гады за кратамі. У турме ён прыйшоў да Бога і стаў шчырым вернікам.
Магчыма, каб збыць тое зло, якое ён прычыніў людзям, ён і заняўся дабрачыннай дзейнасцю. Папрасіў дабраславення на міласэрную дзейнасць у мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, атрымаў яго і паехаў у Гродна. Там ён шукаў, куды б прыкласці свае намаганні.
Але тая праца, якую ён рабіў у Гродна (а менавіта, раздача ежы беспрытульным у касцёле), яго не задавальняла. Ён адчуваў, што нешта робіцца няправільна. «Мяне непакоіла тое, што людзі прыходзілі, адзін раз паелі, а потым вярталіся на вуліцу. Мяне ж цікавіла, дзе яны жывуць, чаму яны не пераапранутыя, брудныя. Іншым разам мы вымушаныя былі адмаўляць людзям нават у ежы, бо пускаць у памяшканне з ежай іх было небяспечна — вошы, кароста. Я думаў, як даць ім прытулак і дах над галавой», — распавядае Шчадроў.
Аляксей Шчадроў сярод жыхароў прытулку
І ён вырашыў арганізаваць сталы прытулак для пастаянна альбо часова бяздомных. Хата ў вёсцы Аляксандраўка знайшлася ад знаёмых каталікоў, якія прадалі яе за смешны кошт у 500 долараў. Потым, пабачыўшы, што гэта — святая справа, Шчадрову прадалі і суседні дом за тую ж суму. А потым і яшчэ адзін — за 700. Танна, канешне, але што рабіць — вёска выміраючая.
Усяго праз гэты прытулак ужо прайшлі каля сотні чалавек, а ўзімку там стала жылі 27 небаракаў. «У асноўным, гэта людзі, якія вызваляліся з турмаў, ім проста не было куды ісці», — тлумачыць Шчадроў.
Можна было б падумаць, што столькі былых зэкаў уяўляюць нейкую небяспеку для жыхароў мясцовасці. Але з усім тым, у прытулку Шчадрова вельмі строга, амаль па-манастырску. «У сем гадзінаў у нас пад’ём, у восем — малітва, у дзевяць гадзінаў сняданак. Тыя, у каго ёсць дакументы, выпраўляюцца на працу. Нехта ў прыватнікаў, нехта грузчыкам у краме, нехта ў саўгасе. Тыя, у каго дакументаў няма, альбо займаюцца афармленнем папераў, альбо працуюць па гаспадарцы і на гародзе. Ніхто не застаецца лайдаком», — кажа Шчадроў. Зразумела, пра алкаголь і наркотыкі ў гэтым «манастыры» казаць не выпадае.
Яшчэ калі Шчадроў пачынаў сваю дзейнасць, улады звярнулі на яе ўвагу. «Да нас прыязджалі і супрацоўнікі міліцыі, і супрацоўнікі КДБ, глядзелі, як мы маліліся, правяралі рэлігійную літаратуру. У сувязі з тым, што ў нас была пабудаваная невялічкая капліца, дзе мы маліліся, нам прапаноўвалі пайсці зарэгістравацца як рэлігійная арганізацыя. І больш ніякіх прэтэнзіяў да нядаўняга часу не было», — адзначыў Шчадроў.
Улада ад д’ябла?
Тэарэтычна, улады павінны быць удзячныя Шчадрову — ён займаецца тым, чым павінны займацца сацыяльныя службы і міліцыя. Ён перавыхоўвае былых зняволеных, дае ім часовы прытулак, пакуль у іх няма дакументаў, уладкоўвае іх на працу, зніжае колькасць «бамжоў» і паляпшае паказчыкі Гродзенскай вобласці па колькасці сацыяльна неабароненага насельніцтва. Але гэта толькі тэарэтычна. Здзіўляе тое, што ўлада не тое што не дапамагла Шчадрову — нават пальцам не паварушыла, каб нечым паспрыяць гэтай справе.
«Яшчэ ў лютым мы спрабавалі зарэгістраваць у мясцовым аддзеле па справах рэлігій абшчыну братоў місіянераў міласэрнасці. Але адтуль нас чамусьці адправілі ў курыю да епіскапа. Епіскап такія рэчы, вядома ж, не рэгіструе, і адправіў нас назад у гарвыканкам. Мы шмат разоў хадзілі па гэтым замкнёным коле, аднак потым проста апусцілі рукі. Пачалі жыць, як жылі, у малітве, спадзявацца на Бога», — працягвае Шчадроў.
Менавіта такое стаўленне ўлады выклікае абурэнне юрыста пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» Сяргея Луканіна, які наведаў прытулак Шчадрова. «Не было ніводнага кроку насустрач! Ніхто не падказаў, як зарэгістраваць арганізацыю, ніхто нават не паспрабаваў дапамагчы ў тым, каб тое, што робіць Шчадроў, уваходзіла ў межы беларускага заканадаўства! Нічога такога не было ні з боку выканаўчай улады, ні з боку праваахоўных органаў», — кажа Луканін.
Як вынік, у чэрвені гэтага года міліцыя распачала ў адносінах да Шчадрова крымінальную справу за стварэнне і дзейнасць незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі. У абшчыну прыехалі супрацоўнікі міліцыі з пракурорам і вышэйшым кіраўніцтвам, з пастановай на вобшук.
«Пачалі правяраць усё, кнігу побыту пастаяльцаў, фінансавыя кнігі, забралі малітоўнікі, кнігі, крыжыкі, усю літаратуру. Былі ў мяне дзве кніжкі Маці Тэрэзы, дык яны зачапіліся за тое, што яны выдадзены Рыма-Каталіцкай царквой Расіі, і іх на экспертызу адправілі. А ўвогуле мне сказалі, каб я спыніў сваю дзейнасць і знік адсюль хаця б у суседні раён, кінуў усё, што зроблена і пераехаў з Аляксандраўкі ў іншае месца», — распавядае Шчадроў.
Усяго праз прытулак ужо прайшло каля сотні чалавек, а ўзімку там стала жылі 27 небаракаў
Чаму?
Навошта ўладзе такія брутальныя дзеянні? Здаецца, ніхто не зацікаўлены ў тым, каб такая справа спынілася. Адзінае лагічнае тлумачэнне магло б быць з таго, што некаму з «высокіх кабінетаў» спатрэбілася зямля Шчадрова ў Аляксандраўцы, вось адсюль і такі «рэйдарскі захоп». Але гэтая версія, па словах Шчадрова, не вытрымлівае крытыкі. Побач не будуецца і не плануе будавацца нейкае «стратэгічнае» прадпрыемства, вёска — і так памірае, асаблівай мілавіднай прыроды пад катэджы побач таксама няма — пясок ды балота. Дый самой зямлі ў Шчадрова — 25 сотак, не вартыя яны таго, каб задзейнічаць у гэтым міліцыю, пракуратуру і абласныя ўлады. Бо, па звестках вернікаў, пастанова пра ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць Шчадрова ўзгоднена на абласным узроўні.
Па словах вернікаў, гэтаму ўчынку ёсць два тлумачэнні. Першае тлумачэнне ад Шчадрова — нібыта, сваім прытулкам вернік паказвае крах «сацыяльнай стабільнасці» ў рэгіёне. «Справа не ў тым, што мы молімся, а справа ў гэтых людзях, якія прыходзяць да нас. Як мне сказалі ў Шчучынскім гарвыканкаме, «у нас няма бамжоў, а ёсць малазабяспечаныя». А праблема ў тым, што такія людзі бяздомныя ёсць, і ім ніхто не хоча дапамагаць, імі не хочуць займацца. У Шчучынскім раёне няма такіх дамоў міласэрнасці. У Гродна на вуліцы Карскага ёсць дом начнога побыту, але ён адчыняецца а шостай вечара і а восьмай раніцы чалавек яго мусіць ужо пакінуць. Гэта не тое, што трэба людзям», — лічыць Шчадроў.
Другое тлумачэнне — ад Луканіна, які паразмаўляў з мясцовымі міліцыянтамі. Справа ў тым, што ўлада проста баіцца ірацыянальнай бояззю. «Калі я запытаўся ў міліцыянтаў, чаму яны так ціснуць чалавека, які займаецца дабрачыннасцю, то пачуў ад іх простую і зразумелую ім прычыну. Калі чалавек дзейнічае без рэгістрацыі, то міліцыі, калі там, у Шчадрова, здарыцца нешта не тое, не пашчасціць — яны згубяць свае месцы і свае пагоны. Таму прасцей за ўсё проста зачыніць прытулак і знішчыць яго. Гэта, дарэчы, тычыцца і прапановы Шчадрову пераехаць у іншае месца — галоўнае, каб ніякіх негатыўных наступстваў для гэтай мясцовай улады не было», — кажа Луканін.
Сапраўды, «нешта не тое» здарылася адзін раз — чалавек не кінуў піць і трапіў пад нагляд лекараў. Гэта быў адзіны інцыдэнт за два гады існавання прытулку, і адзін чалавек з 97, хто прайшоў праз ягоныя дзверы. Калі б у дзяржаўных выхаваўчых установаў і ў беларускіх турмах была б такая статыстыка — можна было б казаць пра тое, што злачыннасці ў Беларусі не існуе ўвогуле.
Што ж далей?
Вынік усёй гэтай сітуацыі ў нечым парадаксальны. Зараз справа Шчадрова перададзеная ў Следчы камітэт. Той, хто дапамагаў былым зняволеным, рызыкуе наноў патрапіць за краты на два гады. Я думаю, што чалавека, які ўжо адседзеў разок у беларускай калоніі, другім тэрмінам не напужаеш.
А вось улада, якая заварыла ўсю гэтую кашу, аказалася проста ў глабальнай калошыне. Калі Шчучынскія ўлады спрабавалі паказаць, што ў іх няма «бамжоў», а ёсць толькі малазабяспечаныя, то сваімі дзеяннямі ў адносінах да Шчадрова яны якраз прадэманстравалі — «бамжы» ў іх ёсць, і праблема існуе.
Калі мясцовая міліцыя спрабавала пазбегнуць праблемаў, то ліквідацыяй прытулку яна якраз пасадзіла сабе на шыю некалькі дзясяткаў беспрытульных людзей. І калі яны хацелі, каб «нічога не здарылася», то зараз нешта здарыцца абавязкова — бо былыя зняволеныя ўжо не знаходзяцца пад наглядам Шчадрова, і ніхто імі не апекуецца.
Калі Следчы камітэт падтрымае справу супраць Шчадрова, то ў Беларусі з’явіцца яшчэ адзін «вязень сумлення», а некалькі чалавек, якія спрычыніліся да гэтай справы, трапяць у «чорны спіс» неўязных у Еўрасаюз — усе ведаюць, як Еўропа ставіцца да крымінальнага артыкула 193-1 і што яна лічыць яго неканстытуцыйным і не адпавядаючым асноўным сусветным правам грамадзян.
Нельга абыякава ставіцца да рэакцыі на гэтую справу як каталіцкай царквы, так і іншых цэркваў, і ў Беларусі, і ў замежжы. Калі ўлады «закрыюць» шчырага каталіка Шчадрова за зробленую ім богаўгодную справу, то пра шматлікія запрашэнні папе Францыску наведаць Беларусь можна проста забыцца. Папа наўрад ці з разуменнем паставіцца да асаблівасцяў беларускага заканадаўства.
Прасцей за ўсё было б справу ў адносінах да Шчадрова спыніць, а ягоную абшчыну зарэгістраваць. Тады б было добра ўсім: і ўладзе, і Шчадрову. Пакуль што «кропка незвароту» не пяройдзеная, і ва ўлады ёсць шанец ачомацца.