Зміцер Міцкевіч: Армія Лукашэнкі і беларускае войска — гэта не адно і тое ж
Больш за год Узброеныя сілы РБ праводзяць бесперапынныя ваенныя вучэнні — з моманту поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну. Дзяржаўная прапаганда трубіць, што перад моцай беларускай арміі не выстаіць ніводзін вораг.
Ці сапраўды войска такое моцнае, як яго малюе прапаганда? Што ўяўляе сабой беларускае войска сёння, ці здольнае яно абараніць краіну ад знешняй агрэсіі? Як пабудаваць сапраўды беларускае войска — па духу і сутнасці?
Пагаварылі пра сёння і заўтра беларускага войска з аналітыкам Belarus Security Blog Змітром Міцкевічам.
«У Беларусі ёсць тэхнічныя магчымасці абараняцца»
— Усё залежыць ад праціўніка, з якім войску давядзецца сутыкнуцца.
Тэхнічнае ўзбраенне войска, можа быць, выглядае і някепска. У Беларусі прысутнічаюць і сучасныя віды ўзбраенняў, Беларусь славіцца сваімі распрацоўкамі ў галіне радыёэлектроннай барацьбы, у нас ёсць свая сучасная зброя. Зразумела, у Беларусі ёсць тэхнічныя магчымасці абараняцца ад знешняга агрэсара.
А вось наконт арганізацыі абароны краіны, то тут узнікаюць вялікія пытанні. Сённяшняе войска, ягоная структура не дазваляе гаварыць пра яго эфектыўнасць.
Войска найперш будуецца на прызыве. Мы гаворым не пра тое, што прызыўная армія — гэта кепска, мы кажам пра тое, як гэты прызыў рэалізоўваецца. Жаўнеры замест праходжання баявой падрыхтоўкі косяць траву, фарбуюць аконныя рамы — займаюцца чым заўгодна, але не вучацца вайсковай справе. Няцяжка сустрэць жаўнера, які адслужыў паўтара года тэрміновай службы і ні разу не страляў з баявой зброі, і ўвогуле трымаў яе ў руках толькі падчас прысягі. Ёсць добрая тэхніка, ёсць людзі, але не факт, што яны могуць карыстацца гэтай тэхнікай.
Сапраўды, ёсць сілы спецыяльных аперацый, але гэта невялікая частка войска, якая пасуе для выканання толькі пэўных задач. Таму я б не сказаў, што сённяшняе войска можа выконваць сур’ёзныя баявыя задачы: яно проста не гатовае да гэтага. Нават тыя кантрактнікі, якія ёсць у войску Лукашэнкі (я яго нават не называю беларускім войскам, таму што беларускае войска мусіла б выконваць свой абавязак — абараняць краіну ад знешняй агрэсіі, а на дадзены момант мы бачым, што яно ніяк чынам не супрацьдзейнічае расійскай акупацыі, наадварот, усялякім чынам яе падтрымлівае), не маюць матывацыі ўдзельнічаць у баявых дзеяннях. Большасць з іх пайшла на кантракт дзеля таго, каб падзарабіць грошай, атрымаць ваенныя льготы і ў выніку атрымаць якую-ніякую пенсію.
Сёння дзейнічаюць негатыўныя механізмы адбору ў войска, улічваючы сённяшні ўзровень прэстыжу арміі. У беларускім грамадстве ваенная служба не лічыцца прэстыжнай, беларусы не імкнуцца аддаць сваіх дзяцей у Ваенную акадэмію. Нагадаю, што яшчэ ў 2018 годзе (гэта нават яшчэ да пратэстаў!) прахадны бал на агульнавайсковы факультэт ваеннай акадэміі на спецыяльнасць «кіраванне танкавымі падраздзяленнямі» складаў 109 балаў. З 400 магчымых! Можаце сабе ўявіць, каго туды панабіралі, што гэтыя людзі наваююць. Зноў жа, матывацыя ў іх не самая лепшая. Таму вельмі цяжка ўявіць сабе, што будзе, калі прыйдзе час рэальнай баявой праверкі гэтых фармацый.
А зараз сітуацыя ўвогуле ахавая, таму што большасць маладых афіцэраў адпрацоўваюць свой першы кантракт — і пасля першага кантракта звальняюцца: ніхто не зацікаўлены пры такім узроўні заробку, пры такім узроўні тэрору ў краіне спрабаваць нешта зрабіць унутры гэтай сістэмы. То бок, адток кадраў з войска сапраўды велічэзны. Вось вам і адказ: калі нават у наяўнасці і ёсць харошая тэхніка, зусім не факт, што ў наяўнасці тыя, хто можа яе правільна выкарыстаць. Ды і па самой тэхніцы пытанняў даволі шмат.
«Войска сёння абслугоўвае рэжым, а не абараняе краіну»
— У 2020 годзе беларускае войска вывелі на вуліцы, каб абараніць Лукашэнку ад народа. На фоне гэтых падзеяў ці можна ўвогуле гаварыць пра існаванне беларускага войска па сутнасці? Задача беларускага войска — абараняць нацыянальныя інтарэсы, а не адну персону, якая называе сябе галоўнакамандуючым.
— Гэта тое, пра што я казаў вышэй. Я не называў гэтае фарміраванне беларускім войскам, я называў яго арміяй Лукашэнкі, таму што на дадзены момант яна выконвае менавіта гэтую функцыю, а не абараняе краіну. На гэты момант войска выконвае функцыю абслугоўвання рэжыму. Канешне, яны могуць фоткацца ў вельмі моднай экіпіроўцы і прыкідвацца сапраўднымі ваярамі, а на справе яны проста забіліся пад лаўку, калі іх краіну акупавалі расійцы. Пра што мы кажам? Яны пішчалі з радасці, калі да іх прыехалі «вагнераўцы», што найміты сярэдняй рукі праводзяць іхняе навучанне. Увогуле пра якую годнасць, пра які афіцэрскі гонар мы кажам? Гэта проста халуі — іншую характарыстыку цяжка падабраць.
— Беларускіх вайскоўцаў не паслалі на вайну чаму: таму што не паступіў загад з Крамля ці ўнутры існуюць моцныя антываенныя настроі?
— Таму што Пуцін вырашыў, што гэта не патрэбна. Трэба разумець, што гэтае рашэнне прымаў не Лукашэнка: ён можа колькі заўгодна прыкідвацца, што нешта вырашае, але Лукашэнка ў Беларусі зараз кантралюе толькі пасяўную і хакей. Усе іншыя рэчы вырашаюцца ў Крамлі: за знешнюю палітыку Лукашэнка не адказвае, за нацыянальную бяспеку ён таксама не адказвае — ён яе не кантралюе. Ён кантраляе правядзенне рэпрэсій супраць беларускага народа, іхняе ўзмацненне, захаванне персанальнай улады і персанальнага доступу да кармушкі, а ў плане стратэгічнай палітыкі ён ужо нічога не вырашае. І пытанне адпраўкі грамадзянаў Беларусі на вайну Лукашэнка таксама не вырашае. Проста ў Расіі палічылі, што адпраўка беларусаў на вайну можа прывесці да росту сацыяльнай напружанасці, які зараз зусім непатрэбна. Па-другое, расійцы вельмі пагардліва ставяцца да іншых народаў, думаюць: што гэтыя «бульбашы» наваююць — абыдземся без іх.
Больш за тое, колькі народу з войска Лукашэнкі можна было б адправіць? Калі б сабраць усіх — тысяч 20, а хто ж тады застанецца, каб абараняць самога Лукашэнку? Адпраўка беларусаў на вайну не выгадная рэжыму ў Крамлі: яму непатрэбная яшчэ адна кропка напружання, яшчэ адзін пажар на сваіх межах. Нягледзячы на тое, што Пуцін асабіста Лукашэнку ненавідзіць (і наадварот: нянавісць узаемная), пакуль такая гульня працягваецца. Цяперашняя сітуацыя найперш выгадная Крамлю, а Лукашэнку ўжо даводзіцца падладжвацца.
— Калі ж такі загад з Крамля ўсё-такі паступіць — як адрэагуюць вайскоўцы?
— Не думаю, што знойдзецца многа жадаючых пайсці на вайну. Канешне, знойдуцца тыя, хто рэальна ўяўляе сябе Рэмбам і здольным процістаяць украінскім ваенным, але гэта будзе безумоўная меншасць. Частка вайскоўцаў, асабліва цяпер, калі перад вачыма прыклад з угонам расійскага верталёта і 500 тысячамі долараў, якія расійскі пілот атрымаў, таксама могуць зрабіць аналагічны выбар. Такія запыты ад вайскоўцаў, якія знаходзяцца на кантракце ва Узброеных сілах, ужо былі.
Я не думаю, што вайскоўцы будуць кідацца на амбразуру, як Аляксандр Матросаў. Як мы казалі, гэтыя людзі прыйшлі ў войска з зусім іншай матывацыяй, то бок яны прыйшлі туды, каб ні ў якім разе ні ў якіх баявых дзеяннях не ўдзельнічаць. Яны прыйшлі туды, каб пабудаваць сабе дачу, атрымаць льготную кватэру.
«Трэба разбураць цяперашнюю сістэму дашчэнту і будаваць новае войска»
— Як жа пабудаваць сапраўднае беларускае войска — па духу і па сутнасці, якое здольнае бараніць краіну ад знешняга агрэсара?
— Пытанне вельмі складанае. Патрэбная вельмі складаная паступовая рэформа, патрэбная дэмілітарызацыя Міністэрства абароны: яно мусіць стаць палітычным органам, які прымае рашэнні пра тое, як развіваецца войска. А ваенныя мусяць ужо выконваць загады — не яны павінны прымаць рашэнні.
Трэба разумець, што прызыўная сістэма ў Беларусі ў любым выпадку застанецца. Гэта адзінае выйсце. Мы бачым, што некаторыя суседзі ўжо вярнулі прызыў, некаторыя толькі разглядаюць гэтую магчымасць, таму што ў нашых шыротах можна абараніць краіну толькі тады, калі абарона татальная, калі абараняецца ўся краіна. Нам гэта трэба зразумець.
Больш за тое, людзі самі павінны зразумець, што сваю краіну трэба абараняць, што яны таксама адказныя за абарону краіны. Не прыляціць «волшебник в голубом вертолете» і бясплатна расстраляе ўсіх ворагаў з кулямёта. Гэта грамадскі працэс: армія мусіць быць адкрытая, людзі мусяць прымаць удзел. Вельмі важны момант — празрыстасць вайсковай службы, атэстацыя тых, хто ўжо прайшоў ваенную падрыхтоўку і набор новых вайскоўцаў. А гэта — павышэнне фінансавання, вяртанне прэстыжу службы ў войску, каб туды праводзіўся не набор, а адбор, каб у войска траплялі лепшыя.
— Па сутнасці, цяперашнюю сістэму трэба разбураць дашчэнту і на яе месцы ўзводзіць новае войска?
— Так, разбураць усё дашчэнту — у прамым значэнні гэтага слова. У Эстоніі, каб пабудаваць войска, разбурылі нават усе савецкія баракі, бо ў гэтых савецкіх памяшканнях немагчыма пабудаваць нармальныя стасункі паміж вайскоўцамі. Бо ў савецкія часы памяшканні будаваліся так, каб стасункі былі вычварэнскімі. Таму эстонцы з нуля будавалі нават баракі.
Усё мусіць быць разбурана і ўсё мусіць будавацца наноў. Але фінансаванне на войска мусіць павялічыцца як мінімум у два разы, а пажадана — і ў тры разы ад цяперашняга ўзроўню. І тады мы атрымаем вынік.