Зноў пачынаюцца войны...
Не дарма эканаміст Яраслаў Раманчук прадказваў, што так званыя «гандлёвыя войны» паміж Расіяй і Беларуссю будуць развівацца. Як у ваду глядзеў. За малаком і
сельскагаспадарчай тэхнікай надышла чарга мяса.
Расійскі сельгаснагляд 21 ліпеня ўвёў часовыя абмежаванні на пастаўку ў Расію прадукцыі ААТ «Гомельскі мясакамбінат» і ААТ «Брэсцкі мясакамбінат».
Не дарма эканаміст Яраслаў Раманчук прадказваў, што так званыя «гандлёвыя войны» паміж Расіяй і Беларуссю будуць развівацца. Як у ваду глядзеў. За малаком і
сельскагаспадарчай тэхнікай надышла чарга мяса.
Расійскі сельгаснагляд 21 ліпеня ўвёў часовыя абмежаванні на пастаўку ў Расію прадукцыі ААТ «Гомельскі мясакамбінат» і ААТ «Брэсцкі мясакамбінат».
Як паведамляецца на афіцыйным сайце ведамства, забарона ўведзена «ў сувязі з выяўленнем пры маніторынгавых даследаваннях забароненых і шкодных рэчываў у жывёлагадоўчай прадукцыі беларускіх
мясакамбінатаў».
У гэтай сітуацыі трэба адзначыць звышаператыўную рэакцыю беларускіх кантралюючых органаў. Ужо 22 ліпеня Галоўнае ўпраўленне ветэрынарыі Мінсельгасхарчу прыпыніла пастаўкі ў Расію прадукцыі трох
айчынных прадпрыемстваў — Лунінецкага малаказавода, Бабруйскага мясакамбіната і Клецкага маслакамбіната. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў прэс-службе Мінсельгасхарчу. Паводле слоў
прэс-сакратара міністэрства Дар’і Казлоўскай, экспарт прадукцыі на расійскі рынак часова спынены з-за выяўлення ў ёй недапушчальнай колькасці рэшткавых антыбіётыкаў.
Найбліжэйшым часам спецыялісты ветэрынарнай службы Беларусі правядуць расследаванне па факце выяўлення шкодных рэчываў у прадукцыі названых прадпрыемстваў, на іх вытворчасцях будзе арганізаваны
пастаянны ўзмоцнены маніторынг.
Акрамя таго, галоўнае ўпраўленне ветэрынарыі Мінсельгасхарчу Беларусі ўзмацняе кантроль за прадукцыяй Гомельскага і Брэсцкага мясакамбінатаў, пастаўкі якой у Расію былі часова прыпыненыя
Рассельгаснаглядам у сувязі з паўторным выяўленнем у прадукцыі антыбіётыкаў тэтрацыклінавай групы.
Здаецца, гэты адказ адэкватны для расійскага боку. Але нездарма большасць спецыялістаў лічыць такія «гандлёвыя войны» выключна палітычнымі. Бо адначасова з забаронай на ўвоз
беларускага мяса ў Расію беларускі бок заявіў пра забарону эксплуатацыі беларускага ўчастка нафтаправоду «Унеча — Вентспілс», што належыць расійскаму прадпрыемству
«Захадтранснафтапрадукт». Як паведаміў прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных справах Віталь Навіцкі, гэта зроблена выключна з прычыны яго нездавальняючага тэхнічнага
стану.
Беларусь пачала вучыцца ў Расіі. Выключна «тэхнічнымі» прычынамі тлумачыў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Расіі Генадзь Анішчанка забарону на экспарт беларускага малака ў Расію.
Нібыта, нашы прадпрыемствы не аформілі новыя сертыфікаты. Зараз такія ж «тэхнічныя» пытанні ўзніклі і ў Беларусі.
Цікава, ці адпавядае беларускім дзяржстандартам праца вайсковых аб’ектаў у Беларусі, кшталту станцый забеспячэння сувязі з марскімі сіламі Расіі ў Вілейцы? Гэта станцыя была пабудавана яшчэ
за савецкім часам. Можа, яе праверыць на тэхнічную і экалагічную бяспечнасць? Вось атрымалі б козыры ў гульне з Расіяй!
А тым часам у Беларусі хапае і сваіх праблем. Каму спадабаецца тое, што за звычайнай гумкай ці за бутэлькай мінералкі трэба выстойваць чаргу ў гіпермаркеце? Здаецца, нікому. Але гарадскія ўлады
Мінска лічаць па-іншаму.
Адраджэнне сеткі прыпыначных кіёскаў у Мінску не мае ніякіх перспектыў. Пра гэта заявіла начальнік упраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ларыса Камарова на прэс-канферэнцыі 22 ліпеня.
Паводле яе слоў, да прыняцця рашэння аб ліквідацыі кіёскаў на прыпынках у сталіцы пытанне прапрацоўвалася не толькі на ўзроўні Мінгарвыканкама, але і Міністэрства замежных спраў: быў прааналізаваны
досвед краін Еўропы. У выніку ў сталіцы было вырашана рэалізоўваць на прыпынках «мінімальную колькасць дробнааптовых тавараў, друкаваных выданняў і канцылярскіх тавараў». Гэтым
займаюцца кіёскі «Белсаюздрука», 80 працэнтаў прадукцыі якіх складаюць друкаваныя выданні.
Нагадаем, Мінгарвыканкам прыняў рашэнне пра знос кіёскаў яшчэ ў 2006 годзе. У канцы 2007 года чыноўнікі вярнуліся ды гэтага пытання, і да канца 2008 года ўсе прыпыначныя кіёскі ў Мінску былі
дэмантаваны. Прадстаўнікі гарвыканкама сцвярджалі, што кіёскі як форма дробнарознічнага гандлю на прыпынках «сябе зжыла».
Не ведаю, вопыт якіх «краін Еўропы» быў прааналізаваны. На вуліцах Бонна і Берліна можна набыць шырокі асартымент тавараў, і нават не ў кіёсках. Наўпрост на вуліцы, на грыле там
смажацца каўбаскі, прадаецца піва, стаяць аўтаматы па продажы тых жа цыгарэт і прэзерватываў. У Празе таксама ніякіх праблемаў з камерцыйнымі шапікамі не назіралася. І нават Юрый Лужкоў, мэр Масквы,
на аналагічную мінскай прапанову аб зносе такіх жа кіёскаў у Маскве загадаў «не чапаць прадпрымальнікаў», асабліва ў крызісны час.
Больш за тое, нашы чыноўнікі, здаецца, вырашылі, што забаронай можна вырашыць любое пытанне. Міністэрства гандлю прапануе забараніць вытворчасць і продаж на тэрыторыі Беларусі слабаалкагольных
напояў. Адпаведную прапанову міністэрства накіравала ва ўрад, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 21 ліпеня першы намеснік міністра гандлю Міхаіл Свянціцкі.
«Мы рашуча выступаем супраць вытворчасці і рэалізацыі слабаалкагольных напояў, такіх як джын-тонік», — заявіў намеснік міністра. Ён адзначыў, што Мінгандлю
сур’ёзна непакоіцца сітуацыяй са спажываннем гэтых напояў на фоне алкагалізацыі насельніцтва. Паводле слоў Свянціцкага, за спажываннем слабаалкагольных напояў няма належнага кантролю, бо яны
«выпадаюць з-пад дзеяння закона аб рэгуляванні абароту алкагольнай прадукцыі».
Нагадаем, што Міністэрства ўнутраных спраў таксама выступае за забарону, — забарону распіцця піва на вуліцах. І таксама такі праект накіраваны на разгляд Палаты прадстаўнікоў.
Канешне, барацьба з алкагалізмам актуальная для Беларусі. Але гэта не робіцца забаронай. Вынікам «сухога закона» ў Амерыцы напачатку мінулага стагоддзя стала тое, што там узніклі
мафіёзныя кланы. Вынікам «сухога закону» пры Гарбачове ў СССР стала развіццё самагонаварэння і масавыя атручванні алкагольнымі сурагатамі. Няўжо складана зразумець, што
алкагалізацыя насельніцтва, — не з-за слабаалкагольных напояў, а з-за «шмурдзякоў», «чарнілаў», і іншых так званых «пладова-ягадных
вінаў».
Калі і далей нашы чыноўнікі будуць дзейнічаць выключна па прынцыпу «забараніць і не пушчаць», нічога з гэтага не атрымаецца. Як у глабальным, так і ў лакальным плане.