«Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер». Пад Светлагорскам запускаюць кітайскі завод

7 ліпеня пад Светлагорскам зноў спрабуюць запусціць прадпрыемства па вытворчасці беленай цэлюлёзы, Жыхары вёскі Якімава Слабада ахрысцілі новы завод «смярдзючым» — пры пусканаладачных работах увосень 2017 году наваколле накрыла смуродам. Піша Радыё Свабода.

Завод пад Сетлагорскам

Завод пад Сетлагорскам


Яшчэ год таму вяскоўцы скардзіліся на шматлікія праблемы са здароўем. Пусканаладачныя работы былі спыненыя. Цяпер — новая спроба. «Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер!» — скардзяцца людзі.
Перад пускам заводу Светлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат папрасіў «паважаных жыхароў Светлагорску і раёну» паставіцца з разуменнем да магчымых часовых нязручнасцяў. Дырэкцыя абяцае, што маніторынг за станам навакольнага асяродздзя будзе весці санстанцыя, некалькі лабараторый, Белгідрамэт. Інфармацыя будзе размяшчацца на завадзкой святлодыёднай дошцы ў анлайнавым рэжыме, на сайце прадпрыемства і санстанцыі.
Але людзі вераць не афіцыйным паведамленням, а сваім органам пачуццяў. «Смярдзіць сёньня з 5.30 раніцы! Нямоцна — але гэта дзякуючы таму, што вецер! Нас зноў труцяць», — кажуць вяскоўцы.
Жыхары Якімавай Слабады праз смурод з заводу мусілі асвоіць мэтэаралягічныя навыкі. Яны распавядаюць: калі будзе заходні вецер — смурод накрые вуліцу Школьную, дзіцячы сад, школу і старую краму. Калі паўднёвы ці паўднёва-заходні — будуць пакутаваць жыхары Цэнтральнай і раёну птушкафабрыкі. Паўночны і паўночна-заходні вецер дадасць клопату жыхарам Новай, Садовай, Кветкавай. «Сёння вецер пераменны. Таму смурод не такі моцны. Пасля абеду моцна смярдзела на вуліцы Цэнтральнай. Каля гэтай хімічнай пачвары таксама невыносны пах», — зазначае жыхарка Якімавай Слабады Людміла Іванаўна. Яна жыве на вуліцы Сонечнай. Сёння, дзякуючы паўночна-заходняму ветру, на яе вуліцы ня надта смярдзіць. Вяскоўка кажа, што людзі стаміліся скардзіцца, пісаць ва ўсе інстанцыі. «Нас запэўніваюць — усё добра, і будзе яшчэ лепш, на блакітным воку кажуць», — дадала Людміла Іванаўна.
Тамара Паўлаўна жыве ў Якімавай Слабадзе ад нараджэння. Цяпер ёй 60. «Я хачу спакойна жыць і памерці ў сваёй вёсцы. Нас труцяць, а яшчэ і падманваюць», — кажа вяскоўка. Зранку з прычыны смуроду яна выклікала МНС. Але там жанчыну «супакоілі» — ідуць пусканаладачныя работы на новым заводзе, не хвалюйцеся. «Як не хвалявацца, калі нам няма чым дыхаць? Зноў смярдзіць гэтай сапсаванай капустай!» — абураецца пэнсіянэрка.
На пусканаладачныя працы прыехалі праводзіць маніторынг шкодных выкідаў — газаў-мэркаптанаў — прадстаўнікі расейскай лябараторыі. У новага заводу пакуль не выпрацавана мэтодыка вызначэння канцэнтрацыі мэркаптанаў, няма адмысловага абсталявання. Прадстаўнікоў расейскай лябараторыі і мясцовай санстанцыі Тамара Паўлаўна сустрэла ля дзіцячага садку — там яны бралі замеры. Жанчыне ўдалося высветліць, што пробы, узятыя з чатырох пунктаў у Якімавай Слабадзе, будуць аналізавацца ў Маскве.
На сходзе ў вёсцы Якімава Слабава 21 чэрвеня жыхары дамовіліся разам з уладай сачыць за пусканаладачнымі работамі на заводзе. На сустрэчы прысутнічала дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Галіна Філіповіч. Яна прапанавала ўключыць у склад незалежнай камісіі вяскоўцаў і прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы па маніторынгу сітуацыі з заводам.
«Відаць, забыліся на абяцанне. Нас, прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы, назіраць за пусканаладачнымі работамі не паклікалі. Я тэлефанавала актыўным жыхарам Якімавай Слабады — іх таксама не запрашалі. Казалі ж на сходзе — пойдзем разам, паглядзім... Насамрэч — не», — зазначыла жыхарка Светлагорску, праваабаронца Алена Маслюкова. Яна кажа, што сёньня найбольшы смурод, паводле вяскоўцаў — у раёне гародніннай фабрыкі.
Завод беленай цэлюлёзы будуе Светлагорскі ЦКК. Меркавалася, што новы завод забяспечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэніваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.
У 2012 годзе ў Светлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва. Але праект быў распачаты. Летась у лістападзе запусцілі завод у тэставым рэжыме. Потым праца была спыненая. Пазней кітайцы з'ехалі на свае навагоднія вакацыі, якія расцягнуліся ня менш, як на месяц.