Жонка першага амбасадара Беларусі ў ФРГ так і не дачакалася пад'ёмніка

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у ФРГ (1992–1994 гг.), дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання Пётр Садоўскі ў газеце «Народная Воля» распавёў, што яго жонка, маючы інваліднасць 1-й групы і праблемы з апорна-рухальным апаратам, сёлета пакінула гэты свет, так і не дачакаўшыся ўсталявання пад'ёмніка ў пад'ездзе і выкліканых на дом дактароў. 
«Новы Час» выказвае шчырыя спачуванні аўтару і прыводзіць яго тэкст.

1532256998_temen_696x393.jpg

Я доўга разважаў: ці варта пісаць гэты матэрыял, і калі пісаць, то пад сваім імем ці выкарыстаць псеўданім? Справа ў тым, што размова пойдзе пра смерць блізкага мне чалавека, маёй жонкі, з якой я пражыў 57 гадоў. Смерць «маленькага чалавека» сама па сабе не можа быць прадметам публічнага сацыяльнага інтарэсу. Гэта інтымны боль і шчымлівыя ўспаміны пра нябожчыка на ўсё жыццё толькі для яго блізкіх. Асабліва калі ён доўга хварэў. Ці добра выносіць на людзі свае пакуты?
І ўсё ж я вырашыў, што варта напісаць: можа, гэта дапаможа іншым такім жа хворым і зменшыць гора іх блізкіх. Спадзяюся, што мае нататкі прачытаюць і будучыя дэпутаты беларускага парламента, якія нарэшце зразумеюць, што ёсць праблемы, за вырашэнне якіх трэба брацца неадкладна. Для дзяржавы мучэнні чалавека не павінны быть на другім плане…

Мы, народжаныя за два-тры гады да пачатку саракавых мінулага стагоддзя, маем пра тую вайну, якую афіцыйна называем Вялікай Айчыннай, даволі цьмяныя ўспаміны, аднак як фізічныя істоты мы – дзеці вайны. У 1945-м мы, ужо дзеткі дашкольнага ўзросту, былі маларослыя, вузкагрудыя, з тонкімі шыйкамі, што вытыркалі з пацёртых каўняроў кашуль, нібы сцяблінкі засохлых кветак з гарлачыка. Калі нас пасля вайны «ставили на наружный вид» для вызначэння ўзросту пры адсутнасці дакументаў, шмат каго маладзілі на год, а то і на два. Бамбёжкі, страляніна, уцёкі, бадзянне па лясах ды пасляваенны голад зрабілі сваю справу. Мы хварэлі, як тады казалі, на чахотку, рахіт, прыпадкі, язву страўніка, запаленне касцявых скляпенняў… Савецкая ўлада, што б мы цяпер пра яе ні гаварылі, час ад часу заўважала нас: шматдзетным сем’ям давалі пасільную дапамогу ад міжнароднага Чырвонага крыжа, пасылалі на так званыя дзіцячыя аздараўленчыя пляцоўкі, у «лясныя школы». Тых, каму сёння за 80 і хто з 1940-х гадоў нясе ў сабе тыя балячкі, я выдзеліў бы ў асобную сацыяльную групу – дзеці вайны. Пра гэта павінна быць асобная гаворка.
Аднак мы выраслі рамантыкамі, кахалі шчыра, ствараючы сям’ю. Мы не пыталіся ў любага чалавека пра яго здароўе ці спадчынныя захворванні. Усё жыццё выжывалі і хварэлі разам, не кідалі адно аднаго ў цяжкія дні. Праз хваробы аазісаў шчасця было не так і шмат.

Народжаная да вайны ў Маскве, мая жонка ў чатырохгадовым узросце ў час эвакуацыі трапіла пад бамбёжку, апынулася пасля вайны ў Гомелі, куды яе бацька быў накіраваны пасля фронту на аднаўленне станкабудаўнічага завода. Пачаліся праблемы са здароўем: кашмары не давалі спаць, мучылі галаўныя болі, ужо школьніцай часта траціла прытомнасць, раз-пораз аднімаліся ногі… І дарослае жыццё не было салодкім.


Смерць падчас балю на пажарышчы

Апошнія 6–7 гадоў яна ўжо з цяжкасцю ўставала, мала сядзела, больш ляжала: адняліся ногі, падкасілі неўрапатычныя болі, невыносна балела скура, наступала кантрактура суставаў, месцамі з’яўляліся пролежні. Адыходзіла яна ў лепшы свет у спякотныя летнія дні, калі вакол гудзелі бясконцыя святочныя ўрачыстасці: еўрапейскія спартыўныя гульні, Дзень Незалежнасці 3 ліпеня з вайсковым парадам (у нас пад балконам грукаталі танкі), «Славянскі базар у Віцебску»… Ішла гучная медыякампанія пра бітву за ўраджай-2019. Потым была спартыўная «збербанкіяда», падчас якой Герман Грэф паабяцаў кіраўніку нашай дзяржавы пабудаваць у падарунак светлавы фантан у цэнтры Мінска. Было аб’яўлена пра планаваную рэканструкцыю помніка Перамогі. Потым праводзіўся адзіны алімпійскі дзень. Потым СМІ радасна паведамлялі, што кітайцы паабяцалі нам пабудаваць сучасны футбольны стадыён і плавальны басейн сусветнага ўзроўню. Потым была ўрачыстасць усясветнага маштабу – беларускі палітыкум на чале з кіраўніком дзяржавы сабраў у Мінску, які прэтэндуе стаць Хельсінкі-2, канферэнцыю па кібербяспецы супраць тэрарызму. Потым пачалося святочнае чаканне і падрыхтоўка да «матча стагоддзя» ў Мінску – лёгкаатлетычных спаборніцтваў Еўропа–ЗША… Грымела тысячагоддзе Брэста. Медыі штодня нагадвалі пра хуткае свята горада Мінска. Агучваліся дзяржаўныя мроі пра Мінск як сталіцу будучых чэмпіянатаў свету і нават Алімпійскіх гульняў…
Апошнія сведчанні дзяржаўнай велічы я слухаў ужо адзін, радуючыся, што мая спадарожніца жыцця адышла ў безбар’ерны свет, дзе не будзе ні лесвічных прыступак, ні бетонных бардзюраў, ні праблем з выклікам дактароў і аплатай інваліднага таксі па дарозе дадому пры выпісцы з бальніцы, ні пошукаў дарагіх імпартных лекаў…
Чаму я гавару пра баль на пажарышчы? Сёння ўжо з дзяржаўных крыніц вядома, што кожны жыхар Беларусі вінны замежным крэдыторам больш за тысячу долараў. Называюцца лічбы і ў разы большыя. Я не чытаў ні парламенцкіх справаздач, ні дакладных дзяржаўных статыстычных дадзеных пра тое, коштам якіх затрат ўсе гэтыя дзяржаўныя публічныя юбілеі ды святы ладзяцца. Дзе дзяржава зарабляе, а дзе траціць? Калі нешта фінансуецца спонсарамі, то ці ўсё гэта першараднае? Спонсараў жа можна заахвоціць ствараць фонды, напрыклад, для падвышэння аплаты працы дактароў у дзяржаўных клініках і бальніцах, распрацоўкі праектаў недарагіх серыйных пад’ёмнікаў у пад’ездах і ванных пакоях для інвалідаў. А колькі каштуюць шматлікія рэзідэнцыі ды гасцявыя дамкі, раскіданыя па ўсёй краіне? Усё гэта пакрыта тайнай, як тая арэнда лагойскіх лясных абшараў на 99 гадоў шэйхамі Арабскіх Эміратаў. Хто пасрэднікі ўсяго гэтага?
Дзяржаўныя СМІ тыражуюць вымучаныя інтэрв’ю з дробнымі міжнароднымі клеркамі, якіх паслухмяныя дзяржаўныя журналісты падштурхоўваюць рытарычнымі пытаннямі да кампліментаў на адрас беларускага кіраўніцтва. Нават у «братніх» расійскіх СМІ, не гаворачы ўжо пра заходнія, нашы «эпахальныя» спартыўныя высілкі ды «маштабныя міжнародныя ініцыятывы» знаходзяць вельмі сціплы розгалас.

Ліставанне з дзяржавай

Акрамя непазбежных выдаткаў на лекі ў хворых з дэфектамі апорна-рухальнага апарату, як правіла, ёсць праблемы з сэрцам, узроўнем глюкозы ў крыві, крывяным ціскам, кровазваротам, яны пакутуюць на неўрапатычныя болі і да т.п. Жыццё ўскладняецца яшчэ і немагчымасцю выйсці з кватэрнай ізаляцыі, падыхаць свежым паветрам, з’ездзіць на працэдуры ў паліклініку ці да прыватнага доктара. Цяжка не страціць сацыяльную арыентацыю, не ператварыцца ў чалавекападобную расліну.
На працягу 14 месяцаў я вёў перапіску з ЖКГ і адміністрацыяй Цэнтральнага раёна Мінска пра магчымасць усталявання пандуса ці пад’ёмніка ў пад’ездзе. Падчас выязнога прыёму ў кіраўніка адміністрацыі раёна я нават прапаноўваў аплаціць уласнымі сродкамі частку выдаткаў. Даю храналогію падзей.
5 мая 2018 года. Мой зварот у Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦ САН) Цэнтральнага р-на г.Мінска.
12 чэрвеня. Зварот ТЦ САН Цэнтральнага р-на г.Мінска ў ЖКГ Цэнтральнага раёна.
21 чэрвеня. Адказ ЖКГ Цэнтральнага раёна на адрас ТЦ САН і на адрас інваліда: «Включение в Городскую программу … работ по устройству пандуса и поручня внутри подъезда… для инвалида 1-й группы… не представляется возможным в связи с большим углом уклона ступеней, что противоречит требованиям СТБ2030-2010. …В данной ситуации могут быть выполнены работы по устройству подъемной платформы внутри подъезда. …При формировании плана мероприятий… на 2019 г. просьба инвалида 1-й группы… будет учтена». Подпіс: и.о. замдиректора О.С.Лапша. На гэты ліст я даслаў электронны зварот з просьбай удакладніць тэрміны прыняцця афіцыйнага рашэння ЖКГ і абследавання тэхнічных умоў у пад’ездзе для фармулёўкі тэхзадання падрадчыку.
11 жніўня 2018 года. Сустрэча з кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага р-на г.Мінска Пятрушам Дз.В. на выязным асабістым прыёме грамадзян у ЖУ №4 у прысутнасці начальніка ЖКГ сп.Собаля.
13 жніўня 2018 года. Адказ кіраўніка спраў адміністрацыі Цэнтральнага р-на г.Мінска В.А.Перадні: «…Работы по устройству под’ёмной платформы в указанном под’езде учтены».
25 жніўня 2018 года. Прамая тэлефонная лінія з кіраўніком спраў адміністрацыі Цэнтральнага р-на. Я зноў прашу ўдакладніць тэрміны работ.
27 жніўня 2018 года. Пісьмовы адказ намесніка кіраўніка адміністрацыі Канаплёва В.Н. без указання тэрмінаў. З фармулёўкай: «…В настоящее время… формируется потребность в финансировании и план мероприятий Государственной программы по созданию безбарьерной среды жизнедеятельности физически ослабленных лиц на 2019 г., в котором работы по устройству подъемной платформы учтены».
29 жніўня 2018 года. Кіраўнік адміністрацыі Пятруша Дз.В. дасылае пісьмовы адказ на маё імя пасля «выездного приема граждан главой администрации Центрального р-на г.Минска», у якім без указання тэрмінаў пацвярждаецца, што «работы по устройству подъемной платформы в указанном подъезде учтены».
Верасень 2018 года. У сувязі з пагаршэннем стану ўласнага здароўя (адкрылася венознае кровацячэнне ў ніжніх канечнасцях) і кароткачасовай шпіталізацыяй звяртаюся ў адміністрацыю Цэнтральнага раёна з настойлівай просьбай паведаміць нарэшце дакладныя тэрміны ўсталявання пад’ёмніка.
5 сакавіка 2019 года. Ліст з адміністрацыі Цэнтральнага раёна г.Мінска пра тэрміны (на беларускай мове!):
«У цяперашні час падрыхтавана рашэнне адміністрацыі Цэнтральнага р-на г.Мінска «Аб дазволе правядзення праектна-пошукавых і выканання і будаўніча-мантажных прац», у якім улічаны аб’ект «Прылада пад’ёмнай платформы ўнутры пад’езда (даецца адрас)…»
Далей у лісце тлумачылася (цытую з захаваннем стылістыкі арыгінала): «Ва ўмовах, якія склаліся на практыцы, будаўнічыя работы ў аналагічных выпадках прыпадаюць на IV квартал. Дадзеная практыка звязана з неабходнасцю працэдуры закупкі па выбары падраднай арганізацыі на выкананне праектна-каштарыснай дакументацыі па аб’екце, узгаднення яе з усімі зацікаўленымі ведамствамі, праходжання дзяржаўнай экспертызы. Пасля атрымання праектнай дакументацыі праводзіцца працэдура закупкі па выбары падраднай арганізацыі на выкананне будаўніча-мантажных работ… Тым не менш адміністрацыяй Цэнтральнага раёна г.Мінска будуць прымацца ўсе залежныя ад яе структурных падраздзяленняў меры для паскарэння рашэння дадзенага пытання. Просім паставіцца з цярпеннем і разуменнем да існуючага парадку па стварэнні безбар’ернага асяроддзя…» І напамінак у апошнім абзацы, што я магу абскардзіць адказ ва ўстаноўленым парадку.
Ці то беларуская мова, ці то мая настойлівасць, як бачна, вымусілі канкрэтызаваць тэрміны ды трошкі змякчылі тон адказу. Аднак уявіце сабе, колькі этапаў яшчэ павінна быць пройдзена! Пакуль што прынята толькі рашэнне аб дазволе правядзення! Тэндары, выбар арганізацыі па распрацоўцы каштарыснай дакументацыі, выбар падрадчыка, закупка матэрыялу, тэхнічная экспертыза. Усё яшчэ наперадзе! А колькі тых зацікаўленых арганізацый, з якімі ўсё гэта трэба ўзгадніць!..

Трэба толькі захацець

Ці ж не можна прыдумаць нейкую стандартную тыпалогію? Вось ездзіць кіраўнік дзяржавы на жывёлагадоўчыя комплексы, на фабрыку музычных інструментаў, на льнокамбінат, марыць наладзіць айчынныя майстэрні, дзе будуць вырабляць пластыкавыя лыжы. Няхай бы высокі чыноўнік з профільнага міністэрства з’ездзіў адзін раз у пратэзна-артапедычны цэнтр, што на вуліцы Адоеўскага, 10 у Мінску, дзе вырабляюцца і рамантуюцца вазкі для інвалідаў ды праектуецца іншае рознае начынне для асоб з паслабленым здароўем. Можна даручыць аддзелу галоўнага канструктара (ёсць там такое падраздзяленне) распрацаваць гатовы модуль пад’ёмніка для пэўнага тыпу дома. У нашым выпадку – высокі першы паверх дома з сямю прыступкамі і ліфтам, з такімі і такімі габарытамі пляцоўкі справа і злева, з такой і такой шырынёй лесвіцы. Падобных дамоў пабудовы пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў Мінску нямала. Філіялы артапедычнага цэнтра ёсць у кожным абласным цэнтры. Там свае тыпы дамоў. Пераменнай велічынёй застаецца шырыня вазка і прыблізная вагавая нагрузка на платформу. Матэрыялы могуць быць тыпавыя на кожны элемент пад’ёмніка. Фінансаванне трэба рабіць цэнтралізаванае, а не раскладаць па раёнах. Тут жа выпадковыя велічыні: прырода не размяркоўвае інвалідаў па раёнах. Тады спросціцца працэдура: дзяржаўны падрадчык, дзяржаўная закупка. Выпадзе «раённае звяно»: атрымаў чалавек 1-ю групу інваліднасці паводле дэфектаў апорна-рухальнага апарату – адразу ідзе заяўка да дзяржаўнага падрадчыка-будаўніка на пэўны тып пад’ёмніка з некаторымі ўдакладненнямі.
Пад’ёмнік з платформай – нятанная рэч. Чым гадамі чакаць і не дачакацца, інваліды былі б рады атрымаць у арэнду ці за ўмераную плату просценькі ланцугова-шнэкавы апарат або прыстасаванне з дзвюма злучанымі тэлескапічнымі шынамі, па якіх вазок будзе рухацца пры дапамозе механічнага паліспаста. Тут толькі патрэбны дазвол домакіраўніцтва на ўсталяванне ў сцяне на першым высокім паверху надзейнага кручкападобнага зачэпа. Пасля з’езду і пад’ёму шыны прыбіраюцца. Усё гэта даўно вядома. У інтэрнэце ёсць розныя варыянты ад прыватных фірм. Наколькі я ведаю, нямецкія спецыялісты з Дортмунда прапаноўвалі беларускаму боку на гэты конт свае рэкамендацыі шмат гадоў таму.

Пакуты з інвалідным вазком айчыннай вытворчасці

Інвалідам 1-й групы з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарата пакаёвыя вазкі даюцца бясплатна. Праз недахоп сродкаў яны ж выкарыстоўваюцца і на вуліцы. Кожны карыстальнік інваліднага вазка можа даць парады нашым канструктарам, якія скапіравалі апарат з кітайскага (я гавару пра той, што дастаўся нам), як яго ўдасканаліць. Трэба абавязкова падоўжыць ручкі сантыметраў на 8–10. Ва ўмовах нашых гарадоў, дзе на кожным кроку прыходзіцца пераадольваць бардзюры, патрэбны большы рычаг для пад’ёму пярэдняй часткі з маленькімі калёсікамі, якія круцяцца вакол восяў на 360 градусаў. Там, дзе ў пад’ездах няма ні пандусаў, ні пад’ёмнікаў, інвалідам трэба даваць вазкі з графітавымі шынамі для вялікіх колаў, бо з гумовых выціскаецца паветра пасля спуску па прыступках без апоры на маленькія пярэднія. Дарэчы: маленькія можна «арыштаваць» з дапамогай металічнага ці пластмасавага вугольнічка, каб яны круціліся толькі паралельна вялікім. Тады можна будзе пры спусках абапірацца і на іх, маючы наперадзе вялікія графітавыя колы. Да кожнага вазка павінны быць прадугледжаны тры адпаведныя ключы для падцяжкі гаек перад выездам (іх не даюць), што прадугледжана інструкцыяй. На корпусе спінкі вазка для ключоў і насоса павінны быць прадугледжаны спецыяльныя кішэні. Насосы даюць кітайскія, закупленыя ў Расіі. Яны яўна кантрафактныя, бо не ганяюць паветра нават пры халастым рэжыме. Нам прывезлі дамоў (!) спраўны насос пасля маіх некалькіх званкоў на камбінат з просьбай паведаміць, якая фірма праводзіць аптовыя закупкі насосаў у расійскага пасрэдніка. Я паабяцаў паскардзіцца ў наш Следчы камітэт.
Вазкі даюць толькі пакаёвыя. Тыя, што для вуліцы, вельмі дарагія. Выціранне колаў пасля бруднай вуліцы – для нас ужо дробязь. У пакаёвым вазку паміж заднімі коламі прадугледжаны два супрацьперакульвальныя кранштэйны, калі інвалід рухаецца заднім ходам. Пры кожным выездзе на вуліцу загнутыя наканечнікі прыходзіцца знімаць, бо інакш той, хто коціць вазок, будзе біцца аб іх наскамі чаравікаў і вымушаны будзе ісці скурчыўшыся. Пра гэта, дарэчы, у інструкцыі не ўзгадваецца, бо вазок пакаёвы. Прывязны пояс з штучнай тканіны мацуецца па краях металічнай шпількай з невялікай галоўкай. Канструкцыя вельмі ненадзейная, бо пры нагрузках тканіна вакол галоўкі разбураецца. Шырыня дзвярэй у ванных пакоях і туалетах у нашых тыпавых дамах мінулых гадоў складае не больш за 60 сантыметраў. Наш вазок меў невялікія знешнія габарыты, амаль як дзіцячы, – 57 сантыметраў. А што ж рабіць хвораму з вазком большых памераў? Пра пад’ёмнікі для спуску хворых у ванным пакоі пад душ я ўжо маўчу. Тут трэба шмат думаць, каб сканструяваць адносна недарагое прыстасаванне, якое па кішэні нашай дзяржаве. Людзі прыдумляюць самі паваротную пляцоўку з крэслам (спінка нахілена градусаў на 120), што мацуецца на папярочнай дошцы над ваннай. Гэта канструкцыя нагадвае рухомую платформачку пад тэлевізар на журнальным століку савецкага часу.

«Хуткая дапамога» і медыцынская перавозка

Не дачакалася мая жонка пад’ёмніка. Памерла. За дзень да смерці давялося перажыць непрыемныя прыгоды. Ноччу падняўся артэрыяльны ціск і тэмпература. Страціла прытомнасць, спаўзла з ложка. Адзін падняць не магу: мне дзявяты дзясятак ды зламаны абедзве рукі. Выклікаю «хуткую дапамогу». Прыязджаюць дзве дзяўчынкі – доктар і фельчар. Пацыентка не тоўстая. Кілаграмаў 55–56 важыць. Старэйшая кажа: у мяне хворы хрыбет, нацягалася бамжоў у рэанімацыі, баюся, што будзе кепска. Кажу: «Давайце паклічам вадзіцеля, каб дапамог!» Кажуць: вадзіцель не пойдзе, яму за гэта не плацяць. Выклікалі брыгаду моцных дзецюкоў. Вынеслі ў ношах на гарызантальную каталку. Па дарозе ў бальніцу рабілі ўколы, ставілі кропельніцу. У 3-й бальніцы зрабілі рэнтген, аналіз крыві. Быў высокі ціск, тэмпература пад сорак. Сітуацыйны дыягназ – застойная пнеўманія. Апрытомнела хворая. Кажуць: вязіце дадому, выклікайце тэрмінова ўчастковага тэрапеўта. Як везці? «Хуткая» назад не вязе. У звычайнае таксі хворую з кантрактурай, якая не стаіць на нагах, не пасадзіш. Кажуць: выклікайце медыцынскую перавозку. Перавозка з крэслам або з насілкамі і пад’ёмам да ложка ў кватэры каштуе ад 35 да 50 рублёў. Знячэўку я ўзяў з сабой толькі пашпарты. Грошай з сабой аказалася ўсяго 20 рублёў. Кажуць: званіце знаёмым, бо ноччу медперавозка патрабуе грошы наперад. А было палова на трэцюю. Кажу сястры і доктару ў калідоры прыёмнага пакоя: «Вы паглядзіце хворую, каб не звалілася з каталкі, а я пабягу да паставога афіцэра каля Адміністрацыі прэзідэнта прасіць пазычыць рублёў 20 пад залог пашпарта…» Глядзяць, як на блазна: «Ладна, давайце давязём да пад’езда, але падымаць будзеце самі…» Званю па 101 (надзвычайныя сітуацыі). Прашу дапамагчы. Зразумелі бяду, пытаюцца пра адрас. Кажуць: пад’язджаючы да дому, хвілін за пяць набярыце па мабільным 101. Там недалёка ёсць машына службы надзвычайных сітуацый, дапамогуць падняць. Стомленыя, замурзаныя хлопцы ўжо чакалі каля дома. Былі пасля пажару. У просценькім рабочым крэсле паднялі на паверх. Ад усялякай падзякі адмовіліся.

Раніцай прышоў участковы доктар. Прызначыў лекі. Днём стан нібы стабілізаваўся. Пад вечар ізноў павысілася тэмпература і вырас артэрыяльны ціск. Пасля прыёму лекаў (аўгменцін) хворая супакоілася, заснула. Сцішылася. Пад раніцу памерла. Можа, трэба было зноў везці на «хуткай» у стацыянар, рабіць уколы, ставіць кропельніцу? Можа, яшчэ пажыла б? У пасмяротным дыягназе запаленне лёгкіх не ўзгадваецца. Агульная фармулёўка для смерці старога нямоглага чалавека: хранічная недастатковасць кровазвароту, атэрасклератычныя парушэнні на фоне артэрыяльнай гіпертэнзіі. Што тут ужо было разбірацца?.. Можа, гэта і ёсць характарыстыка запалення лёгкіх?


Што могуць дактары?

Да смерці тыдні за два мы выклікáлі на дом праз дзяжурнага тэрапеўта (у нас не было свайго пастаяннага некалькі месяцаў) «спецыялістаў» – дэрматолага, хірурга (ці хірургічную сястру) і неўролага. Цікава, што тэрапеўта як бы не лічаць спецыялістам. Ён нібы развадны начальнік начной варты ў войску. Апошнія паўтара года ў нас пабывала сем дэрматолагаў. Кожны раз – новы, малады. Давалі супярэчлівыя рэкамендацыі. На гэты раз не дачакаліся ніякага візіту. Неўролага таксама не дачакаліся. У паліклініцы тры гады не было неўролага. Доктар-жанчына была ў дэкрэце. Потым выйшла на працу, але неўзабаве звольнілася. Быццам бы з’явіўся новы неўролаг. Хірурга абяцалі прыслаць. Нават назвалі дзень і час. Мы чакалі. Але доктар так і не прыйшоў.
Не павёз я хаваць жонку на Заходнія могілкі пад Мінскам, гэты мурашнік з нябожчыкаў, што прырастае квадратна-гнездавым метадам штодня на дзясяткі «месцаў». Пахаваў на сельскіх могілках каля вёскі Студзёнкі, што недалёка ад пасёлка Гарадзейскага цукровага завода. Там ляжаць мая старэйшая сястра з мужам, у тым пасёлку жыў мой брат-чарнобылец, ужо нябожчык, там памерла мая маці, якую пахавалі на малой радзіме недалёка ад вядомай вёскі Забораўна Вушацкага раёна, дзе ў брацкай партызанскай магіле пэўны час спачываў мой бацька. Паехала да мужа. Цяпер і я ў хуткім часе паеду да сваёй жонкі. Там мне ўжо адгарадзілі месца. Калі хавалі жонку, праз дарогу, метраў за 20, каласілася жыта. Удалечыні віднеўся «край зубчаты бору». На саракавы дзень пасля пахавання на месцы жыта ляжалі круглыя цюкі спрасаванай саломы… Пазнака вечнага кругабегу часу.
Нешта неверагоднае пачалося на трэці (ці на чацвёрты?) дзень пасля пахавання, калі я ўжо меў на руках пасведчанне аб смерці, якое атрымаў у аддзеле ЗАГС галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама, пакінуўшы там даведку аб смерці і жончын пашпарт. Гадзін у 12 раздаецца тэлефонны званок, бадзёры мужчынскі голас, як у нас заведзена, не называючы сябе, пытальна-сцвярждальным тонам канстатуе: «Гэта з паліклінікі. Вы выклікалі на дом неўролага…» Адказваю, што ў доктары ўжо няма патрэбы, хворая памерла. У адказ кароткі радасны голас: «О, дык тады і візіту не трэба!..» Слухаўка – шлёп!
У той жа дзень яшчэ званок ад хірурга, што прыйдзе. Зноў кажу, што ўжо няма патрэбы. На гэты раз слухаўку паклалі моўчкі, не вымавіўшы ні слова.
Прыблізна праз гадзіну пасля першых двух тэлефонных званкоў раздаецца званок у дзверы. Прыйшла дэрматолаг – зноў новая. Адчыніў я дзверы. Не запускаючы ў кватэру, паведаміў пра смерць пацыенткі. Зноў – ні слова выбачэння, ні спачування. Моўчкі павярнулася, пабегла ўніз па лесвіцы. Вось, думаю, пэўна, далі ўказанне, каб нанеслі візіт ды паставілі птушачку ў журнале выклікаў, а то пакрыўджаныя сваякі памерлай яшчэ будуць скаргі пісаць. Лепш позна, чым ніколі…

Развітальны ліст ад дзяржавы

Для мяне пабеглі дні з новым адлікам часу… Праз некалькі дзён пасля пахавання нябожчыцы мне ўзгадалася, што гэта ж нехта дзесьці ў калідорах адміністрацыі Цэнтральнага раёна выконвае пастанову аб «дазволе на ўсталяванне пад’ёмнай платформы», марнуе дзяржаўныя сродкі: праводзіць тэндары, шукае падрадчыкаў на фармулёўку тэхзадання і да т.п. Тэлефаную ў прыёмную адміністрацыі. Сакратарка, на жаль, не разумее беларускай мовы: наша слова «адказ» атаясамлівае з расійскім «отказ»: «Мы вам ни в чем не отказывали!» Кладу слухаўку. Пішу на адрас адміністрацыі Цэнтральнага раёна электронны ліст з падзякай за клопат (прыслалі аж сем лістоў) і прашу прыпыніць працэс стварэння безбар’ернага асяродку па адрасе такім і такім, бо інвалід 1-й групы такая і такая ўжо з месяц таму адышла ў лепшы, безбар’ерны, свет. Адказ з адміністрацыі прыйшоў хутка і на беларускай мове:
«Паважаны Пётр Вікенцьевіч! На Вашы электронныя звароты ў адмiнiстрацыю Цэнтральнага раёна г.Mінскa ў дадатак да раней накiраванай iнфармацыi паведамляем: на падставе прадстаўленай Baмi iнфармацыi ў электронным звароце ад 21 чэрвеня 2019 г. распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыi па аб’екце «Прылада пад’ёмнай платформы ўнутры пад’езда» (даецца адрас) спынена. Адмiнiстрацыя Цэнтральнага раёна г.Miнcкa выказвае спачуваннi з нагоды Вашай cтраты. У адпаведнасцi з артыкулам 20 Закона Рэспублiкi Беларусь ад 18.07.2011 «Аб зваротах грамадзян i юрыдычных асоб» дадзены адказ Вы маеце права абскардзіць у Мінгарвыканкам. Намеснік кіраўніка адміністрацыі В.А.Перадня».
Вось і канец актуальнай гісторыі пра смерць інваліда 1-й групы, вазочніка з паўтарагадовым стажам.
Калі рэдакцыя «Народнай Волі» дазволіць, я мог бы расказаць яшчэ шмат карыснага са сваіх шматгадовых назіранняў, якімі маглі б пакарыстацца і хворыя, і дактары, і аўтары тэкстаў для даведак ад устаноў аховы здароўя, і канструктары вазкоў, і супрацоўнікі аптэк, і банкі, што бяруць 15% камісіі з інвалідаў, якія па льготнай цане купляюць такое-сякое начынне ў цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання.
Хацелася б яшчэ выказаць на старонках газеты падзяку дактарам, асабліва стаматолагам і псіхатэрапеўтам, супрацоўнікам цэнтра сацыяльнай падтрымкі, вадзіцелям інваліднага аўтобуса, аптэкарам. Думаю, што можна будзе назваць і прозвішчы. Перш, канешне, трэба добра падумаць: ці не пашкодзіць ім публічная падзяка? Бо часам, каб дапамагчы хвораму, яны вымушаны былі парушаць інструкцыі. У нас вельмі спецыфічная краіна.
nv-online.info