«Жыццё пасля раку» - кнігу рэальных анкалагічных гісторый прэзентуюць у Мінску

«Жыццё пасля раку» — гэта 22 гісторыі анкалагічных пацыентаў, якія ўсвядомілі, што смерць можа быць блізка, але іх жыццё ў такой сітуацыі набывае іншы сэнс.



rak2.jpg

У Беларусі людзі хаваюць, што яны маюць анкалагічныя хваробы і дыягназ рак успрымаецца многімі як прысуд. Мэтай гэтага праекту было змяніць гэты стэрэатып і расказаць пра людзей, якія перамаглі хваробу і лічаць, што гэтае выпрабаваньне змяніла і ўдасканаліла іх жыццё. Кніга выйшла ў серыі «Бібліятэка Свабоды».

Павал Маісееў, загадчык аддзелу арганізацыі супрацьракавай барацьбы Рэспубліканскага цэнтру анкалогіі і медычнай радыалогіі, адным з першых прачытаў гісторыі і напісаў пасляслоўе да кнігі, адзначыўшы яе пазітыўны эфект: «Яшчэ дзесяць, нават пяць гадоў таму такое проста нельга было ўявіць, каб людзі ў нашай краіне публічна, не хаваючыся, распа­вядалі пра сваю хваробу, пра «чуму 21 ста­годзьдзя  рак. Людзі пачынаюць цікавіцца праблемай ракавых захворванняў, пазнаюць нешта новае для сябе, кажучы мэдыцынскай мовай, павышаюць сваю«анкалагічную пісьмен­насць». Тут абсалютна дарэчны прынцып: «Хто інфармаваны — той узброены!» 

Ідэя праекту «Жыццё пасля раку» належыць Ганне Соўсь, яна ж і ўкладальніца кнігі. Паводле яе словаў, у Беларусі 95% людзей хаваюць тое, што яны хварэюць на рак. Сярод герояў «Жыцця пасля раку» — музыка, банкір, клоўн, палітычны актывіст, тэатральны крытык, настаўніца ангельскай мовы, святар, пенсіянэр... Гэта людзі розных ўзростаў, інтарэсаў, перакананняў, сацыяльных статусаў.

20 кастрычніка адбудзецца ўрачыстая прэзентацыя кнігі з удзелам яе аўтараў і герояў, а таксама беларускіх музыкаў. Гэтая імпрэза распачне кампанію «Перакможам», мэта якой сабраць як можна больш пазітыўных прыкладаў перамогі над гэтай хваробай. На мерапрыемстве выступяць таксама беларускія гурты NAVI, RECHA i RAHIS. Уваход вольны.

Паводле прэс-рэліза "Бібліятэкі Свабоды"