Жыццё працягваецца

Нібыта пераканаўчая перамога можа для кагосьці аказацца піравай.



sens_1_logo.gif

Памятаю, калі ў 2006 годзе Аляксандру Лукашэнку таксама зрабілі 83% галасоў, на адным з намётаў на плошчы Каліноўскага вісела шыльдачка: «83%? КГ/АМ». Карыстачы інтэрнэта памятаюць, што гэта такое.

«КГ/АМ» — гэта, у перакладзе на прыстойную мову, азначае, што крэатыў адназначна кепскі, ягоны аўтар — нехарошы чалавек.

Зараз ЦВК зноў налічыла Аляксандру Рыгоравічу больш за 83%. Але шыльдачкі пра крэатыў ніхто не вешае. Таму што і так ужо ўсё ўсім зразумела. Пэўна, толькі самыя аптымістычныя аптымісты спадзяваліся, што «ціхая вада грэблю рве». Гэтым разам не прарвала.

З аднаго боку, амаль ніхто не чакаў, што ў выніку гэтых выбараў нешта зменіцца. Ніхто не меў спадзеваў на перамогу альтэрнатыўнага кандыдата. Тое, што ўся глеба заточаная пад пяты тэрмін Аляксандра Рыгоравіча, было зразумела адразу пасля рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. А памятаеце, як аналітыкі казалі пра памілаванне палітвязняў? Правільна, «Лукашэнка рыхтуе глебу для прызнання выбараў». А калі ён рыхтуе глебу, то ні ў каго і сумневаў не ўзнікала, што кіраўніком краіны будзе не ён.

Таццяна Караткевіч казала, канешне, што «пойдзе не да канца, а да перамогі». Але ж адначасова і вызнавала, што перамога для яе — гэта не прэзідэнцкае крэсла, а павелічэнне ў грамадстве колькасці прыхільнікаў пераменаў.

У пэўнай ступені сваёй мэты яна дамаглася. Зусім нездарма Аляксандр Рыгоравіч расхваляваўся наконт «чалавека ў спадніцы», які «наўрад ці можа кіраваць краінай». Па-першае, ён ведае рэальную колькасць галасоў, пададзеную за Караткевіч і «супраць усіх». І дакладна разумее, што «супраць усіх» — гэта, найперш, супраць яго. Па-другое, ён падсвядома, «па Фрэйдзе» ўзгадаў сваю першую перадвыбарчую кампанію, калі таксама казалі, што «кіраўнік калгаса наўрад ці можа кіраваць краінай». Таму і знерваваўся, пераходзячы на асобы.

З іншага боку, калі ніхто не чакаў на сенсацыйны вынік, то і вялікага расчаравання няма. Дэпрэсіі няма, і ўсе маюць планы на будучыню.

Статкевіч, Някляеў і Лябедзька маюць намер пачаць адраджаць вулічную актыўнасць і дамагацца зменаў у выбарчае заканадаўства згодна са стандартамі АБСЕ. Пра гэта яны заявілі, нават не чакаючы афіцыйных вынікаў выбараў, адразу пасля закрыцця выбарчых участкаў. Прычым, яны хоць і расчараваныя магчымасцю спынення санкцый з боку Еўропы ў адносінах да беларускіх чыноўнікаў, але і гэта збіраюцца павярнуць на сваю карысць. На «выяздных» у Еўропу можна ціснуць эфектыўней, чым на «неўяздных». Ад іх ужо прагучала прапанова выдаваць сінявокай крэдыт МВФ у залежнасці ад прагрэсу ў палітычным жыцці краіны.

Гэта, мабыць, здаецца нерэальным. Але цалкам карэлюецца са словамі старшыні МВФ Крысцін Лагард, якая на сустрэчы з Лукашэнкам у Нью-Ёрку напрыканцы верасня параіла беларускаму правадыру «глыбока пераарыентаваць палітыку» краіны, прычым «на самым высокім узроўні».

Вынікамі ж працы «непрымірымай апазіцыі» скарыстаюцца якраз «памяркоўныя апазіцыянеры». Яны, безумоўна, далучацца да патрабаванняў аб канкрэтных зменах у Выбарчы кодэкс. Але ў той жа час пойдуць крыху іншым шляхам.

Таццяна Караткевіч на паслявыбарчай прэс-канферэнцыі агучыла свае планы. Найперш, гэта сабраць агульнанацыянальны форум развіцця «За мірныя перамены». Афіцыйна абвешчана, што гэта робіцца для таго, каб «кожны атрымаў магчымасць выказацца, падзяліцца ідэяй і стаць часткай вялікага руху за мірныя перамены».

Гэта пужае. Калі абвяшчаюць пра «вялікі рух», як правіла, у выніку ўзнікае чарговая карлікавая апазіцыйная арганізацыя. Ці не збіраецца Караткевіч зрабіць памылкі сваіх папярэднікаў? Час пакажа. Прынамсі, кіраўнік штаба Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў на той жа прэс-канферэнцыі адрынуў магчымасць пераўтварэння «Гавары праўду!» у нейкую палітычную партыю.

Але няма сумневаў і ў тым, што гэты форум задумваецца як антыпод не прайшоўшага ў гэтым годзе Агульнанацыянальнага беларускага сходу. Адначасна Караткевіч і яе штаб абвясцілі, што пачынаюць перадвыбарчую кампанію ў парламент.

Так што ў апазіцыянераў усё не так і кепска. Жыццё працягваецца. Працы шмат. Перспектывы, якія-ніякія, ёсць.

А вось каму не пазайздросціш, гэта 83-працэнтнаму кіраўніку дзяржавы. Толькі ў яго няма выразных новых ідэяў і планаў на будучыню. Яму давядзецца рэагаваць на сітуацыю, а не кіраваць ёю. І ў выніку 83-працэнтная перамога можа стаць піравай.