Жыхары Ленінскага раёна Мінска не згодныя з праектам ушчыльнення жылой забудовы

Больш за 1 тысячу грамадзянаў падпісаліся пад зваротам супраць зацвярджэння і рэалізацыі ў прапанаваным выглядзе праекта дэталёвага планавання тэрыторыі ў межах вул. Дзянісаўскай — вул. Маякоўскага —зав. Маякоўскага — чыгункі.



yanchurevich_250.jpg

Подпісы перададзеныя ў адміністрацыю Ленінскага раёна г. Мінска, якая з 2 па 26 лютага праводзіць грамадскае абмеркаванне праекта рэканструкцыі дадзенай тэрыторыі.
Абурэнне грамадзян выклікаў намер праекціроўшчыкаў крытычна ўшчыльніць жылую забудову шматпавярховымі новабудоўлямі каля дома №23 па вул. Козыраўскай і на тэрыторыі двара па вул. Барадзінскай, 31, а таксама пашырыць вул. Вялікаморскую да 3-х палос з арганізацыяй аўтобуснага маршруту. На думку жыхароў раёна, праект рэканструкцыі павінен служыць мэце комплекснага добраўпарадкавання тэрыторыі, стварэння спрыяльнага асяроддзя жыццядзейнасці, забеспячэння аб'ектамі сацыяльнай інфраструктуры, паркоўкамі і стаянкамі аўтатранспарту, а не быць інструментам банальнай кропкавай забудовы свабодных участкаў жылымі дамамі падвышанай паверхавасці.
Галоўнымі праблемамі раёна грамадзяне называюць слаба развітую інфраструктуру, нізкую якасць дзіцячых і спартовых пляцовак, катастрафічны недахоп парковак, з прычыны чаго вуліцы і дваравыя тэрыторыі загрувашчаны аўтамабілямі. Праект рэканструкцыі павінен вырашаць менавіта гэтыя праблемы, а не ствараць жыхарам новыя.
Падвядзенне вынікаў грамадскага абмеркавання павінна адбыцца 27 лютага. Грамадзяне спадзяюцца, што іх меркаванне будзе ўлічана і праект будзе адпраўлены на дапрацоўку, а пры вырашэнні пытання не на карысць грамадскай думкі маюць намер абскардзіць рашэнне і абараняць свае інтарэсы ў вышэйшых інстанцыях.
Віктар Янчурэвіч, каардынатар грамадзянскай ініцыятывы «Еўраперспектыва» каментуе сітуацыю:
— Праблемы пры правядзенні грамадскіх абмеркаванняў горадабудаўнічых праектаў ўзнікаюць з прычыны адхілення грамадскасці ад удзелу ў працэсе планавання. Ні Мінгарвыканкам, ні праектныя інстытуты не лічаць патрэбным весці камунікацыю з гараджанамі на этапе распрацоўкі праекта развіцця канкрэтнай тэрыторыі, аддаючы перавагу сілай прапіхваць тое, што выгадна камусьці, але не гараджанам. Сёння ўладам горада час задумацца аб змене падыходаў да горадабудаўніцтва і праектавання, выбудоўваць з грамадскасцю дыялог, а не навязваць неабдуманыя рашэнні, наступствамі якіх з'яўляюцца пратэсты, недавер і ўзлаванасць.
Паводле прэс-рэлізу "Еўраперспектывы"