28 верасня — IV фэст "Глушанскі хутарок"

28 верасня ў гарадскім пасёлку Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці адбудзецца IV фэст народных промыслаў і рамёстваў "Глушанскі хутарок".



sm_full.jpg

Хата сям'і Алеся Аламовіча ў Глушы

Яго арганізатарам выступілі Глушанскі сельскі выканаўчы камітэт і аддзел ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама. У фэсце возьмуць удзел народныя майстры і госці з Асіповіцкага, Бабруйскага і Глускага раёнаў Магілёўскай вобласці. 

Адзін з ініцыятараў свята, кіраўнік дзіцячага ўзорнага ганчарнага калектыву "Глечыкі" Аляксандр Арлоў паведаміў карэспандэнту НЧ, што першая пісьмовая згадка пра Глушу, размешчаную ў змяшаным лесе каля аўтамагістралі Бабруйск — Івацэвічы, адносіцца да XVI стагоддзя. 
 

Пасёлак добра вядомы ў краіне і за яе межамі дзякуючы творчасці славутага беларускага пісьменніка, літаратуразнаўцы і грамадскага дзеяча Алеся Адамовіча. Ён жыў у Глушы з 1928 года. Паводле яго завяшчання, пісьменнік пахаваны на мясцовых могілках. Імя літаратара прысвоена вуліцы, якая вядзе ад пасляваеннага дома Адамовічаў да школы, дзе вучыўся Алесь. У пасёлку захаваўся будынак былой аптэкі, апісанай Адамовічам у яго творах. У ім плануецца стварыць музей "Вайна пад стрэхамі", прысвечаны жыццю і творчасці пісьменніка. 
 

Як адзначыў Арлоў, вядомасць Глушы прынесла і яе асаблівая аўра, якая выпраменьвае ўтульнасць і спакой, а таксама багацце ягад і грыбоў у лясах. У пасёлку дзейнічае буйны спарткомплекс з басейнам і аднаўляецца цэнтр рамёстваў, створаны ў канцы 1980-х гадоў. Цэнтр дзейнічае на базе музея-скансэна з пабудоў канца XIX — пачатку XX стагоддзяў, звезеных з розных раёнаў Магілёўскай вобласці. Сярод помнікаў дойлідства — дамы ганчара, ткачыхі і лесніка, царква, гумно, лазня і вятрак. 
 

Паводле слоў Арлова, цэнтр аб'ядноўвае народных майстроў з Глушы і навакольных вёсак, у тым ліку спецыялістаў па кераміцы, саломцы, пляценню з лазы, бандарным рамястве, жывапісе і разьбе па дрэве. 
 

"Аднак галоўны кірунак дзейнасці цэнтра — ганчарнае рамяство. Мясцовая гліна блакітнавата-зеленаватага колеру добра лепіцца і абпальваецца", — сказаў Арлоў. Цэнтр мае печы для вытворчасці чарнадымленай і абварной керамікі з непаўторнымі малюнкамі. 
 

Арлоў выказаў надзею, што фэст будзе спрыяць развіццю народных промыслаў і рамёстваў у рэгіёне, а таксама ператварэнню Глушы ў абласны цэнтр ганчарнага майстэрства.

Падчас фэсту адбудуцца конкурсы майстроў народнай творчасці, частушак і падворкаў, выстава “Гордасць Глушанскай зямлі” і сустрэча з дачкой Алеся Адамовіча, а таксама кірмаш, канцэрт, гульні, атракцыёны, прэзентацыя аграсядзіб раёна, язда па лесу на конях, бяспройгрышная латарэя і наведванне музея-скансэна.

Заяўкі на ўдзел у фэсце прымаюцца да 27 верасня на электронны адрас morscaia@ya.ru і  па тэлефонах: 8-0225-59-34-55, 8-0225-59-34-15 і 8-029-133-58-33.