30 дзён на перадавой
Дакументаліст Антось Цялежнікаў вярнуўся з Данбасу, дзе на ўласныя вочы пабачыў, як выглядае вайна. Апошні месяц ён правёў на перадавой ў вёсцы Пескі пад Данецкам разам з украінскімі і беларускімі добраахвотнікамі «Правага сектару».
— Ці ёсць сэнс называць тое, што цяпер адбываецца на Данбасе, антытэрарыстычнай аперацыяй? Ці гэта поўнамаштабныя вайсковыя дзеянні?
— Я не прыгадаю антытэрарыстычных аперацыяў, падчас якіх прымяняліся б практычна ўсе віды ўзбраення, у тым ліку цяжкая артылерыя. Бадай што толькі авіяцыі практычна не ўжывалася. Тое, што я адчуў на ўласнай скуры, гэта поўнамаштабная вайна, дзе, важна падкрэсліць, бяруць удзел расейскія адмыслоўцы. Я чуў перамовы па рацыі і перакананы, што там ёсць расейцы.
— А як ты зразумеў, што гэта расейцы?
— Я чуў выразны акцэнт і чуў, як яны карэктуюць агонь. З улікам вільготнасці паветра, ветру ды іншых атмасферных чыннікаў. А «Правы сектар» карэктаваў — «туды 20 метра, сюды 50 метраў». Гэта проста адчувалася: на тым баку дзейнічаюць прафесіяналы.
— Вынік дзеянняў гэтых прафесіяналаў такі, што раён Данецку выглядае як пустэча...
— Прыватны сектар у Песках — гэта зруйнаваныя дамы. Бачна, што вельмі шчыльны абстрэл быў. Практычна няма жывога месца. Калі трапляе снарад, або міна, або «Град» — аскепкі ляцяць на шмат метраў і разбураюць усё навокал. Гэта робіць уражанне. Калі побач чуеш выбух снараду ад «Граду», то развітваешся з жыццём.
— Ты правёў на вайне амаль два месяцы, з іх месяц — на перадавой зжаўнерамі-добраахвотнікамі «Правага сектару». Чаму ты паехаў менавіта да іх?
— Гэта ўнікальнае фармаванне, што стварылі прыхільнікі «Правага сектару», якія вырашылі са зброяй у руках бараніць Украіну. Але ўкраінскія ўлады не хочуць іх легалізаваць, бо «Правы сектар» не хоча ісці ў падпарадкаванне ні міністэрству абароны, ні міністэрству ўнутраных справаў, бо не давярае ім.
—... і адкрыта крытыкуе сённяшнюю ўладу.
— Так. І з'яўляецца пагрозаю для ўладаў. Таму афіцыйна яны не атрымліваюць ні ўзбраення, ні дапамогі, ні статусу ўдзельнікаў АТА.
— Як яны выжываюць? Каб ваяваць, патрэбнае ўзбраенне. Патрэбныя грошы, ежу.
— Што да зброі, яны прыязджалі з уласнаю — хто з паляўнічай дубальтоўкаю, хто са сваёй зарэгістраванай зброяй. Цяпер яны здабылі шмат зброі ў баях, ды і войска нефармальна дапамагае. Але асноўную дапамогу аказваюць валанцёры. Гэта проста ўнікальны рух. Яны даюць усё — пачынаючы ад шкарпэтак і скочваючы часам зброяй, прыладамі, такімі як оптыка і г.д.
— Хто гэтыя людзі, што ваююць у такіх батальёнах. Ці гэта сапраўды такіяд'яблы, як малюе расейская прапаганда? Што яны займаюцца марадзёрствам...
— Гэта абсалютна не такія людзі, як пра іх кажа расейская прапаганда. Гэта розныя людзі, часта сяляне, людзі, незаангажаваныя палітычна. Яны пабачылі ў гэтай арганізацыі надзею на эфектыўныя баявыя дзеянні, бо «Правы сектар» не падпарадкоўваецца ўладам, аднак дзеіць поруч з Узброенымі сіламі Украіны. Яны не кідаюць сваіх людзей, не падстаўляюць, клапоцяцца пра кожнага. Гэта ўнікальнае фармаванне, якое ўлады разглядаюць як злачынную групоўку. Яны пасля вайны нават могуць сесці ў турму. Але вельмі шмат людзей ідзе ў арганізацыю, вельмі часта далёкіх ад нацыяналістычных, а тым больш ад фашыстоўскіх поглядаў.
— У гэтых батальёнах ёсць таксама замежнікі. І ў доказ маем тваё відэа з беларускім сцягам на пазіцыях.
— Там ёсць і нашыя суайчыннікі. Увогуле, беларусаў багата і ў іншых фармаваннях. Два сцягі на перадавой пад Данецкам — украінскі і беларускі, гэта вельмі сімвалічна і гаворыць пра братэрства двух народаў. Галоўны герой майго фільма ўмацаваў гэты сцяг, зазначыўшы прысутнасць беларусаў на перадавой.
— Колькі асобаў у гэтым батальёне? Як ён дзеіць? Ёсць нейкі план? Адкуль яны ведаюць як дзейнічаць і што рабіць?
— Гэтыя людзі — часта самавукі, нават многія з іх не былі ў войску. Яны вучацца за пару дзён рэчам, якім вучаць у войску паўтары гады і нават болей. Яны ўжо маюць і цяжкае ўзбраенне і за некалькі дзён вучацца ім карыстацца. Я быў сведкам і пакажу вам гэта ў фільме.
— Калі мы зможам на «Белсаце» пабачыць тваю працу?
— Неўзабаве будзе рэпартаж пра добраахвотніцкі корпус «Правага сектару», а пазней будзе фільм пра беларуса.