5 фактаў пра Лондан як «калыску» беларускай філатэліі
Беларуская дыяспара ў Лондане не толькі спрычынілася да збору беларускіх кніг і архіваў у Бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны, але таксама мае непасрэднае дачыненне да гісторыі пра беларускую пошту за мяжой, піша «Будзма». Згодна з дамоўленасцю з англійскай дзяржаўнай поштаю, маркі беларусаў можна было ўжываць на аднолькавых правах знакаў паштовай аплаты, як і брытанскія маркі.
Менавіта беларускую дыяспару ў Лондане можна назваць «калыскаю» беларускай філатэліі і пошты ў гэтай частцы Еўропы.
Даследчык беларускай пошты Андрэй Мялешка распавядае пра цікавыя факты, звязаныя з асобамі ці падзеямі, дзякуючы якім з’явілася эміграцыйная пошта ў Лондане.
Гай Пікарда — стваральнік беларускай пошты Лондана
Адной з самых знакамітых асобаў, датычных да стварэння беларускай пошты і філатэліі на тэрыторыі Вялікай Брытаніі, быў Гай Пікарда — ангельска-французскі адвакат і музыказнаўца, даследчык беларускай культуры.
У «Скарынаўцы» захаваныя цікавыя дакументы, якія тычацца ліставання тагачаснага старшыні Рады БНР Вінсэнта Жук-Грышкевіча з Гаем Пікардам. У дакументах старшыня Рады БНР просіць спадара Гая даслаць у вялікай колькасці юбілейныя паштовыя маркі, выдадзеныя ў Лондане ў 1978 годзе да 60-х угодкаў БНР.
Таксама «Скарынаўка» мае вытрымкі з ліставання Гая Пікарды з міжнароднымі «філатэлістычнымі дамамі».
«Філатэлістычнымі дамамі» раней называлі міжнародныя фірмы, якія цяпер вядомыя спецыялізаванымі каталогамі. Бадай, самым вядомым «філатэлістычным брытанскім домам» таго часу быў Stanley Gibbons Group Limited, старэйшая ў свеце філатэлістычная кампанія, якая дзейнічае з 1856 года.
Спадар Гай не толькі апісваў для гэтай кампаніі маркі «Згуртавання Беларусаў Вялікай Брытаніі», але і набываў у гэтай кампаніі паштовыя маркі для калекцыі «Скарынаўкі». Бібліятэка мае некалькі дзясяткаў лотаў, набытых у 70-я і 80-я гады ХХ стагоддзя менавіта ў гэтай кампаніі.
Вядомыя некалькі выпускаў, да якіх персанальна меў дачыненне Гай Пікарда:
1) Марка «Асобны атрад» з адмысловай чорнай наддрукоўкай «ZBVB Post». Выкарыстоўвалася Поштай ЗБВБ у часе страйку паштароў у 1971 годзе.
2) Адмысловыя маркі Пошты ЗБВБ, падобныя на кавалачкі блакітнай паперкі з надпісам «З.Б.В.Б Пошта».
3) Серыя паштовых марак «Згуртавання Беларусаў Вялікабрытаніі» з выявамі помнікаў архітэктуры. У калекцыі «Скарынаўкі» захоўваюцца адпраўленні з гэтымі маркамі, дасланыя беларусам па ўсім свеце.
4) Марка Юбілейнай пошты БНР 1918-1978, выдадзеная Беларускай замежнай поштай з ініцыятывы Гая Пікарды. Маркі выдаваліся на аркушах па 50 асобнікаў. Кожная марка каштавала 20 цэнтаў. На марках выява «Пагоні».
5) Паштовая марка 1979 года, якая прапануе байкатаваць Алімпійскія гульні ў Маскве ў 1980 годзе.
6) Налепка «БЗП. Лятунская пошта», выдадзеная Беларускай замежнай поштай з ініцыятывы Гая Пікарды. Белы тэкст на ангельскай і беларускай мовах. Вялікабрытанія, 1978 год.
Легалізацыя прыватнай пошты «Згуртавання Беларусаў Вялікай Брытаніі»
У 1971 годзе ў Вялікабрытаніі трываў сямітыднёвы страйк дзяржаўнай паштовай службы.
Падчас гэта страйку з дазволу ангельскіх уладаў была легалізавана так званая прыватная пошта «Згуртавання Беларусаў Вялікай Брытаніі».
«Пошта ЗБВБ» мела тры аддзяленні ў розных частках Лондана, дзе месціліся беларускія грамадскія месцы. Менавіта тут у гэтых месцах два разы на тыдзень можна было здаваць лісты і пасылкі, для адпраўкі не толькі ў межах Лондана, але і ў іншыя гарады Вялікай Брытаніі: Манчэстэр, Бірмінгем і Брэдфард.
У брытанскія СМІ адмысловай адозваю ад Управы ЗБВБ была пададзена аб’ява пра тое, што па трох адрэсах працуе пошта, і былі ўказаныя кошты на адпраўку лістоў і пасылак.
Цікавым момантам працы гэтых аддзяленняў было тое, што апроч наклейвання на лісты і пасылкі ангельскіх марак, можна было клеіць маркі, на якіх было пазначана «Пошта ЗБВБ» ці «ZBVB Post».
Згодна з дамоўленасцю з ангельскай дзяржаўнай поштаю, маркі беларусаў можна было ўжываць на аднолькавых правах знакаў паштовай аплаты, як і брытанскія маркі.
У зборах «Скарынаўкі» ёсць як самі маркі, так і паштовыя адпраўленні, якія ў 1971 годзе дасылаліся ў іншыя краіны. Для збіральнікаў і даследчыкаў беларускай пошты гэтыя адпраўленні, бадай, самыя дарагія артэфакты гэтай «скарынаўскай» калекцыі.
«Дамавая кніга» Пошты ЗБВБ
Сябра Рады Апекуноў Бібліятэкі і Музея Скарыны Павал Шаўцоў перадаў для даследавання і каталагізацыі цікавую рэч. Гэтую рэч можна назваць «дамавой кнігай» Пошты Згуртавання Беларусаў Вялікабрытаніі за 1971 год.
У кнізе пазначана наступная інфармацыя за 1971 год, калі трываў страйк брытанскай паштовай службы: дата адпраўкі ліста ці пасылкі, што канкрэтна было адпраўлена і калі чалавек атрымаў. Таксама пазначаныя адпраўленыя лісты беларусам не толькі ў межах Вялікабрытаніі, але і па ўсім свеце.
Павал прыхаваў прыватныя адрэсы атрымальнікаў, таму што лічыць, што па гэтых адрэсах могуць яшчэ жыць дзеці і ўнукі атрымальнікаў гэтых лістоў.
Архіў пошты «Згуртавання Беларусаў Вялікай Брытаніі»
У архіве сабраныя дакументы і ліставанне сяброў «Згуртавання» пра тое, што сабой уяўляюць паштовыя паркі, апісанне марак, пералічэнне наміналаў гэтых марак і фотаздымкі.
Праглядаючы гэтыя лісты, можна заўважыць, што паштовымі маркамі Згуртавання Беларусаў Вялікай Брытаніі цікавіліся не толькі беларусы.
Ёсць некалькі цікавых лістоў, у якіх прадстаўнікі расійскай эміграцыі задаюць пытанні пра гісторыю пошты, таксама просяць даслаць маркі для напісання артыкулаў пра іх.
Артыкулы мусілі з’явіцца ў расійскай эміграцыйнай прэсе — газеце «Новае Рускае слова». Знайсці гэтыя артыкулы пакуль не ўдалося, але разбор калекцыі «Скарынаўкі» толькі распачаўся, і таму, спадзяюся, гэтыя артэфакты ўдасца расшукаць .
Замежныя каталогі пра пошту ЗБВБ
Калекцыя «Скарынаўкі» змяшчае таксама замежныя каталогі, якіх няма ці яны вельмі рэдка трапляюцца ў беларускіх архівах і бібліятэках.
Адным з такіх цікавых для вывучэння каталогаў ёсць каталог украінскага даследчыка пошты Багдана Паўка, які выйшаў з друку ў 1996 годзе. (Калісьці ў 1999 годзе я чакаў тыдзень у Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, каб атрымаць на гадзіну копію гэтага каталога).
Ёсць таксама старыя каталогі Мichel і Stanley Gibbons ды іншыя. «Скарынаўка» мае таксама выразкі з літоўскай, расійскай і брытанскай прэсы, дзе ідзе расповед пра пошту беларусаў у Вялікай Брытаніі.
У Музеі і бібліятэцы Скарыны ў Лондане таксама захоўваецца пошта беларускай эміграцыі Злучаных Штатаў Амерыкі і Канады, да якой мае дачыненне бацька Івонкі Сурвілы, але, як кажуць, гэта ўжо іншая гісторыя, якая патрабуе часу і дадатковага даследавання.
Андрэй Мялешка, Budzma.org