Ад Афрыкі да Лапландыі: Ёлачныя цацкі распавядаюць свае гісторыі (фота)

Унікальны навагодні праект «Музей ёлачных цацак» адкрыўся ў Нацыянальным гістарычным. Выстава з’яўляецца часткай збору буйнейшай сусветнай калекцыі ёлачных цацак. А наведнікі змогуць пазнаёміцца з традыцыямі навагодніх святаў такіх экзатычных краін, як Паўночная Карэя, Іран, Конга, Перу, Руанда, Антыгуа і Барбуда, Новая Зеландыя і шмат іншых.

img_2180.jpg


Уладальнік калекцыі і арганізатар выставы — Андрэй Бягун.
«Езжу па свеце, збіраю артыфакты», — лаканічна сказаў пра сваё захапленне калекцыянер. — Колькі краін вы ўжо аб’ехалі? — Семдзесят дзве, гэта я дакладна скажу. Усе краіны лічу — мне цікава.

img_2229_1.jpg


Калекцыянер не аддае перавагі нейкім экспанатам. «Няма такога насамрэч. Усе цацкі мілыя і добрыя. Складана вылучыць нейкую цацку», — з пяшчотай кажа ён.


На выставе дэманструюцца навагоднія цацкі з Еўропы, Азіі, Аўстраліі, Амерыкі і Афрыкі, аналагаў якім няма ні ў адным еўрапейскім музее. Сярод іх — рарытэтныя экспанаты. Дакладная копія шара, падараванага шкловыдзімальшчыкамі Папе Рымскаму Яну Паўлу ІІ. Цацка занесена ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самы вялікі шар, выдзьмуты са шкла. А яшчэ можна пабачыць велізарны шкляны шар з Венскага балю. Такімі шарамі ўпрыгожвалі памяшканні, дзе праходзілі знакамітыя калядныя балі ў Аўстра-Венгерскай імперыі.


Ёсць раздзел выставы, які называецца «Санта-Эрмітаж». На шкляных шарах выкананы рэпрадукцыі знакамітых мастакоў. Гэта копіі карцін Марка Шагала, Івана Шышкіна, Сальвадора Далі, Пабла Пікаса, Віктара Васняцова, Івана Айвазоўскага, Леанарда да Вінчы, Вінсэнта Ван Гога. Кожны з прадстаўленых шароў напісаны алеем і выкананы ў адзіным экзэмпляры.
Дар’я Аўчыннікава, загадчык інфармацыйна-выставачнага аддзела Нацыянальнага гістарычнага музея:
«Гэта менавіта аўтарская сусветная калекцыя. Не так многа такіх калекцыянераў буйных, каторыя збіраюць па ўсім свеце менавіта ёлачныя цацкі. І займаюцца гэтай тэмай як не толькі хобі. Гэта ўжо праца, гэта ўжо стыль жыцця. Так, Андрэй Бягун — аўтар адной з буйных сусветных калекцый.
Ён ездзіў і падарожнічаў у многіх краінах. І ён знаёміўся з мясцовымі жыхарамі, якія распавядалі пра свае традыцыі. Хтосьці яму проста дарыў гэтыя цацкі. Напрыклад, маскі афрыканскія яму падарылі менавіта мясцовыя насельнікі. І распавялі пра тое, што гэта значыць, чаму іх патрэбна вешаць пэўным чынам. І чаму вось гэтыя статуэткі стаяць менавіта ў іх дома.
Калекцыя Андрэя Бегуна налічвае больш 2 тысяч экспанатаў. Кожны год яна ўсё папаўняецца і папаўняецца новымі экспанатамі. Іх цікава паказваць. Навагодні настрой, майстар-класы па роспісу навагодніх шарыкаў, ёлачныя цацкі, паштоўкі навагоднія — усё стварае атмасферу чарадзейства і свята. І мы вельмі рады, што гэта адбываецца менавіта ў нашым Нацыянальным гістарычным музеі».


На выставе прадстаўлена гісторыя вытворчасці шкляных ёлачных цацак з сярэдзіны 19-га стагоддзя да нашых дзён. Дэманструюцца цацкі з саломы, плюшу, нітак і іншых матэрыялаў. А яшчэ паштоўкі, маркі, гірлянды і незвычайная навагодняя атрыбутыка з розных краін. Геаграфія экспанатаў — Ірландыя, Японія, Егіпет, Мальта, Сент-Кітс і Невіс, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Багамскія выспы, Італія, Грэцыя. На шыльдах побач са стэндамі можна прачытаць, як святкуюць Новы год у той жа Афрыцы, і ў Індыі, Скандынавіі, ЗША, Інданэзіі, Аўстраліі.
«Музей ёлачных цацак» — аўтарскае творчае захапленне, якое перарасло ў прафесійнае. Андрэй Бягун не толькі калекцыяніруе цацкі, але і пачаў іх вырабляць. Ён стваральнік адзінай у Беларусі Фабрыкі ёлачных цацак «Грай».
«Трэба разумець, што фабрыка — гэта не правобраз трактарнага завода», — сказаў Андрэй. Гэта, па яго словах, хутчэй артэль, дзе працуе каля 40 чалавек. Робяць цацкі і на экспарт у Расію. «Можа нейкія рамеснікі штосьці і робяць, а фабрыка, так, адзіная, — адзначыў Андрэй Бягун. — Гэта цяжка. Мала прафесіяналаў у краіне. Кадравы голад адчуваецца на ўсіх узроўнях. Як на мастацкім, так і на ўзроўні адміністрацыйным. Таму даводзіцца змагацца з усіх бакоў. Але мы пераможам».
Наконт сваёй пасады Андрэй не замарочваецца: «Упраўляючы. Альбо ўласнік. Як заўгодна можаце напісаць. Мне падабаецца «ідэйны натхняльнік». Ёміста і па-навагоднему».


На выставе будзе магчымасць даведацца аб сакрэтах вытворчасці навагодніх упрыгожванняў Фабрыцы ёлачных цацак «Грай». Мастакі прадпрыемства правядуць адукацыйныя майстар-класы па вырабу цацак. Працуе фірмовая крама фабрыкі «Грай». Там ужо падчас адкрыцця выставы наведнікі пачалі пабываць ёлачныя цацкі — па фабрычных коштах.
— Дзякуй маёй камандзе, — зазначыў Андрэй Бягун. — Пастараліся зрабіць навагодне-калядную казку, якая будзе радаваць мінчан і гасцей сталіцы ў бліжэйшыя два месяцы. Мы радуем усіх беларусаў сваёй прадукцыяй. Гэта стала ўжо справай усяго майго жыцця.
Дадатковая частка экспазіцыі размешчана ў рэстарацыі музея-тэатра «Камуналка», якая знаходзіцца насупраць гістарычнага музея. У ёй прадстаўлена яшчэ адна частка калекцыі — гэта савецкія цацкі.
Ніна Калымага, намеснік дырэктара гістарычнага музея:
«Прыемна ўсіх бачыць напярэдадні казачнага свята. Новы год — гэта казка для нашых дзяцей. І для дарослых, якія вяртаюцца ў дзяцінства. Мы — гістарычны музей, і натуральна, мы расказваем пра гісторыю. І гэта выстава як ніякая другая можа распавесці пра гісторыю стварэння ёлачных цацак.
Мы ўпэўнены, што выстава будзе цікавая не толькі малышам, таму што тут будзе вельмі шмат інтэрактыву разнастайнага. Але і, канечне, іх бацькам. Запрашаем усіх вас, вашых дзяцей, унукаў, бабуляў, дзядуляў прыходзіць да нас у музей. Выстава будзе нядоўга; як і свята, яна таксама скончыцца вельмі хутка. Таму мы з задавальненнем прымем вас у нашым музее. Прыходзьце. І з надыходзячым Новым годам усіх вас!».

Фота Алега Леўса