Адкрылася выстава графікі Уладзіміра Сытчанкі, прысвечаная 60-годдзю мастака

6 чэрвеня ў Мінску, у Палацы мастацтва адкрылася выстава графікі Уладзіміра Сытчанкі, прысвечаная 60-годдзю мастака.

У экспазіцыі прадстаўлены больш за 60 прац розных гадоў, у тым ліку ілюстрацыі да беларускіх народных казак, кніг народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава і лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Анатоля Вярцінскага, партрэты і нацюрморты.



6cb5da3513bd26085ee3fad631ebb37a.jpg

6 чэрвеня ў Мінску, у Палацы мастацтва адкрылася выстава графікі Уладзіміра Сытчанкі, прысвечаная 60-годдзю мастака.

У экспазіцыі прадстаўлены больш за 60 прац розных гадоў, у тым ліку ілюстрацыі да беларускіх народных казак, кніг народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава і лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Анатоля Вярцінскага, партрэты і нацюрморты.
Як адзначыў першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, пры ўсёй сваёй чалавечай сціпласці Уладзімір Сытчанка застаўся вельмі прыкметнай асобай ў айчыннай графіцы. “З вялікай радасцю магу сказаць, што ў маёй асабістай бібліятэцы ёсць нямала кніг, таленавіта аздобленых гэтым мастаком. Прычым надзвычай запамінальныя — зборнікі заходнебеларускай паэзіі “Ростані волі і выбітнага нашага паэта Анатоля Вярцінскага “Хлопчык глядзіць. Гэтыя кнігі з’яўляюцца прыкладам цудоўнага сумоўя паэта і мастака, — сказаў Сітніца. Ён назваў Уладзіміра Сытчанку “вельмі сумленным чалавекам, харошым хлопцам і мастаком.


Першы прарэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, доктар філасофскіх навук, прафесар Святлана Вінакурава назвала выставу святам не толькі мастака, але і акадэміі. Паводле яе слоў, сваёй выставай Уладзімір Сытчанка выказвае павагу да ўсіх наведвальнікаў, да сваёй прафесіі, якой займаецца шмат год, да сябе, як прафесіянала, а таксама да студэнтаў, якія змогуць пазнаёміцца з яго творчасцю не толькі праз выкладанне. “І мне вельмі прыемна, што такі майстра працуе ў нашай акадэміі і перадае свае веды і вопыт новым пакаленням беларускіх мастакоў, — сказала Вінакурава.
Паводле слоў загадчыка кафедры малюнка, жывапісу і скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Ігара Гардзіёнка, звычайна жыццё мастака дзеляць на этапы пошукаў, станаўлення і творчых эксперыментаў. “Але прыемна, што ў творчасці Уладзіміра Сытчанкі немагчыма выдзяліць нейкія этапы. Яго працы — ранейшыя і больш познія — па даросламу дасканалыя, па даросламу прафесійныя і майстэрскія. У іх ёсць дзіцячая шчырасць і наіўнасць пачуццяў, адкрытасць і юнацкая імправізацыя, — падкрэсліў Гардзіёнак.


Паэт і сябра мастака Анатоль Вярцінскі паведаміў, што сустрэўся з Уладзімірам Сытчанка толькі праз 20 год пасля таго, як у 1992 годзе мастак аформіў ягоную кнігу. “Я не ведаю, чаму так адбылося. Можа таму, што мы з ім — не з самых мітуслівых і камунікабельных людзей. Я быў заняты працай дэпутата і рэдактара, да і мастак усе гэтыя гады шмат працаваў. Кніга “Хлопчык глядзіць — мая самая любімая таму, што яе аздобіў Уладзімір Сытчанка. І я часта здымаю яе з паліцы менавіта дзеля таго, каб не пачытаць самога сябе, а пагартаць і паглядзець ілюстрацыі да зборніка, — сказаў паэт і прачытаў з гэтай кнігі свой верш “Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.


Уладзімір Сытчанка нарадзіўся 5 жніўня 1951 года ў горадзе Маладзечна Мінскай вобласці. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1975). Вучыўся ў Васіля Шаранговіча і Паўла Любамудрава. Удзельнік мастацкіх выстаў з 1975 года. Працуе ў розных жанрах станковай і кніжнай графікі, а таксама ў жывапісе і плакаце. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі і фондах БСМ. Сытчанка — сябра БСМ з 1988 года, выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і жыве ў Мінску.

  
Як адзначае кандыдат мастацтвазнаўства Алена Атраховіч, “работы Уладзіміра Сытчанкі лёгка пазнаць па іх выразнай манеры, няспешнаму эмацыянальнаму рытму… Мастак імкнецца да пераканаўчага візуальнага ўвасаблення, трымаючыся традыцыйнай пабудовы малюнка… Асноўную рысу ў творчасці мастака можна вызначыць як “спакой. Графіка яго без рэзкіх кантрастаў, дынамічных, узрываючых прастору дыяганалей, у працах заўсёды вызначаны спакойны рытм выяўленчых форм, ураўнаважаная, замкнёная кампазіцыйная структура…
 
Выстава працуе да 24 чэрвеня.