Адкрылася выстава Міколы Купавы “Песьняры зямлі беларускай”

22 мая ў Мінску, у “Кніжным салоне (вуліца імя Міхаіла Калініна, 5) адкрылася мастацкая выстава Міколы Купавы “Песняры зямлі беларускай да 130-годдзя ад нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.



239f914f30ea3c948fce2ea07a9efb33.jpg

22 мая ў Мінску, у “Кніжным салоне (вуліца імя Міхаіла Калініна, 5) адкрылася мастацкая выстава Міколы Купавы “Песняры зямлі беларускай да 130-годдзя ад нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа.
У экспазіцыі прадстаўленыя больш за 30 твораў акварэлі і графікі, створаных мастаком за апошнія амаль 40 гадоў. Сярод іх — партрэты народных паэтаў Беларусі і іх папярэдніцы Цёткі (Алаізы Пашкевіч), вобразы памятных мясцінаў, дзе нарадзіліся, у розныя гады жылі і працавалі класікі беларускай літаратуры, у тым ліку краявіды Вязынкі, Акінчыцаў і Акопаў, куточкі Мінска, Вільні, Лунінца і Пінска, а таксама ілюстрацыі да твораў Купалы і з жыцця Коласа да кнігі Сцяпана Александровіча “На шырокі прастор (Мінск, “Мастацкая літаратура, 1979).


Як адзначыла мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская, творчасць Міколы Купавы заўжды вызначалася высокай нотай патрыятызму і духоўнасці, яна працятая настроямі безагляднага служэння Бацькаўшчыне, падкупляе гледача шчырасцю і ўзнёсласцю мыслення, запалам грамадзянскай пазіцыі і светлай любові да прыгажосці роднай зямлі.
Паводле яе слоў, ад першых самастойных крокаў у мастацтве Купавай быў закладзены высокі камертон служэння справе асветы, адраджэння і аднаўлення страчаных старонак айчыннай гісторыі і культуры. “На гэтым шляху мастак не ведаў адступленняў, сумніву і хістанняў. Кожны яго новы твор — гэта новы пошук, новае адкрыццё і новы творчы здабытак, — сказала Гаранская. Яна назвала кніжную і станковую графіку Купавы “яркай і адметнай, а яго “паслядоўную, маштабную і грунтоўную працу над вобразамі песняроў, іх мемарыяльных мясцінаў і герояў твораў — “грамадзянскім подзвігам творцы перад суайчыннікамі і Радзімай.


Паводле слоў літаратуразнаўцы Генадзя Тумаша, мастакоў заўсёды жывіла роднае слова нацыянальных геніяў: і вячыстае слова Францішка Скарыны, і звеставанае слова Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, і як скарб пранесенае слова Паўлюка Багрыма, і вольнае слова Кастуся Каліноўскага, і адваяванае ў імперскай Расіі слова Францішка Багушэвіча, і ўваскрэслае слова Янкі Лучыны, і ў Янкі Купалы слова роднае-пракаветнае, цвярдыня народная, і ў Якуба Коласа духам ўзнебнае, карэннямі, сокам, зямлёю хлебнае.


Паводле слоў сына Якуба Коласа Міхася Міцкевіча, яго з дзяцінства вельмі прываблівалі гравюры. “У бацькі віселі ў пакоі два невялічкіх афорты. Памятаю, на адным з іх была намалявана самая звычайная вясковая карціна: за плугам ішоў араты, за ім невялічкі сарайчык і плот, — сказаў Міцкевіч. Паводле ягоных слоў, на гэтай “выдатнай выставе, якая лашчыць вока, экспануюцца ілюстрацыі беларускай гісторыі, а таксама значная частка твораў і жыцця Якуба Коласа. “Не хапае толькі пухавіцкага перыяду жыцця бацькі — з 1933 па 1941 гады, — адзначыў Міцкевіч. Затым ён прачытаў верш Коласа “Мой дом.
 


Мастак і грамадскі дзеяч Аляксей Марачкін лічыць, што дзяржава павінна парупіцца і зрабіць альбом графікі Купавы, прысвечанай жыццю і творчасці беларускіх песняроў. “І гэты альбом павінны быць у кожнай беларускай школе, — падкрэсліў Марачкін. На ягоную думку, Купава працягвае мастацкую традыцыю замалёвак з натуры айчынных помнікаў гісторыі і культуры, распачатую Напалеонам Ордай і працягнутую Віктарам Сташчанюком. “Іх творы добра куплялі і яны да гэтай пары ўпрыгожваць айчынныя музеі і дамы беларусаў. І вартыя таго ж выдатныя вытанчаныя творы Міколы Купавы, якія напаўняюць душу рамантыкай мінулага, — сказаў Марачкін.


Кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Шунейка назваў Міколу Купаву “лідарам беларускай графікі, а яго выставу — “класікай нацыянальнага адраджэння.
Купава распавёў пра гісторыю стварэння многіх сваіх твораў, якія дэманструюцца на выставе, і адзначыў, што не менш за палову вобразаў памятных мясцінаў, якія сёння ўжо не існуюць, яму давялося ўзнаўляць па дакументах, фатаздымках і ўспамінах.