Адкрылася выстава Сяргея Кірушчанкі “Метабалізм жывапіснай прасторы”

6 чэрвеня ў Мінску, у Палацы мастацтва адкрылася выстава Сяргея Кірушчанкі “Метабалізм жывапіснай прасторы.

У экспазіцыі — абстрактныя творы з абавязковай рашоткай — пластычным элементам, прыўнесеным у візуальныя мастацтвы вопытам авангарду. Глядач убачыць на выставе змену і “разбурэнне “ экспазіцыйнай і архітэктурнай прасторы з дапамогай жывапіснай паверхні, а таксама жывапісныя паліптыхі, фотадакументацыю акцыі роспісу вясковых пабудоў і аб’ект, зроблены з драўлянага зрубу.



e2a7555f7cabd6e31aef45cb8cda4999.jpg

6 чэрвеня ў Мінску, у Палацы мастацтва адкрылася выстава Сяргея Кірушчанкі “Метабалізм жывапіснай прасторы.
У экспазіцыі — абстрактныя творы з абавязковай рашоткай — пластычным элементам, прыўнесеным у візуальныя мастацтвы вопытам авангарду. Глядач убачыць на выставе змену і “разбурэнне “ экспазіцыйнай і архітэктурнай прасторы з дапамогай жывапіснай паверхні, а таксама жывапісныя паліптыхі, фотадакументацыю акцыі роспісу вясковых пабудоў і аб’ект, зроблены з драўлянага зрубу.


Як адзначыў першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца, ён з радасцю прысутнічае на адкрыцці гэтага маштабнага мастацкага праекта, “таму што Сяргей, з якім я знаёмы гадоў 35, заўсёды быў для мяне праектам і адкрыццём — мастаком з вялізарным творчым патэнцыялам. Бо нават тады, калі ён працаваў у звыклых формах, мастак быў абсалютна нетрадыцыйным, бо яго не задавальняла тое, што робіцца навокал, і тое, што ён робіць сам. І, зрэшты, гэта ці не адзіна правільнае, што забяспечвае рух ў мастацтве. Бо дзе няма руху, там мастацтва заканчваецца, дарэчы, як і само жыццё, — падкрэсліў Сітніца.
 


 

Паводле ягоных слоў, пры ўсім сваім наватарстве і нетрадыцыйнасці выстава Кірушчанкі абапіраецца на традыцыі, запачаткаваныя на пачатку XX стагоддзя на беларускай зямлі Казімірам Малевічам і Лазарам Лісіцкім. “Дык чаму ж не апірацца на гэтыя традыцыі, якія пры ўсёй сваёй авангардавасці і рэвалюцыйнасці таксама мелі апірышча ў народным мастацтве і іканапісе? І ўсе гэтыя наватарскія і традыцыйныя формы мастацтва аб’ядноўвае духоўнасць, маральныя і гуманістычныя прынцыпы, на каторых трывае свет. Я вельмі радуюся поспехам Кірушчанкі, паколькі ён мяне як вельмі прыдзірлівага гледача ніколі не расчараваў. Мне прыемна, што ў залах Беларускага саюза мастакоў адбываецца такі праект. І хто б што ні казаў на нашу творчую арганізацыю, у яе межах ёсць месца ўсім. І сцверджанне гэтаму — сённяшняя выстава, — сказаў намеснік старшыні БСМ.


Куратар праекта Сяргей Шабохін паведаміў, што маштабны экспазіцыйны праект Кірушчанкі ўяўляе сабой дзве персанальныя выставы мастака ў Палацы мастацтва (“Метабалізм жывапіснай прасторы і “Час шчыльна заняцца прыземленым мастацтвам), кропкавые мастацкія інтэрвенцыі ва ўрбаністычную прастору Мінска разам з вядомым стрыт-артыстам і мастаком Андрэем Буслом, а таксама семінар пра абстрактнае мастацтва і рэтраспектыўную выставу пра дзейнасць мастака з 1970 па 2012 гады ў сталічнай галерэі сучаснага мастацтва “Ў.


Паводле словаў Шабохіна, у апошнюю экспазіцыю ўключаны пералік асноўных выстаў мастака, дакументы, праграмныя творы Кірушчанкі і рэпрадукцыі яго прац, а таксама работы калег мастака Жанны Грак, Андрэя Дурэйкі, Аляксея Лунёва, Ганны Сакаловай, Тамары Сакаловай, Сяргея Шабохіна і Алега Юшко. Акрамя таго, як паведаміў куратар праекта, зараз у Нацыянальным мастацкім музеі дэманструецца выстава “Беларускі авангард, дзе таксама прадстаўлены працы Кірушчанкі.


Кірушчанку лічаць класікам беларускага мастацтва, прычым яго апошнія працы дзівяць сваёй сучаснасцю і фарміруюць іншыя адносіны да абстрактнага мастацтва. “Ён ідэнтыфікуе сябе як жывапісца, але тым не менш заўсёды звяртаецца да скульптуры і шаўкаграфіі, фатаграфіі і відэа, land art і public art вопытам, neon art і працы з тэкстам. Калі глядзіш на метамарфозы яго прац у кантэксце развіцця сусветнага мастацтва, разумееш, што яму ўдалося на прыкладзе сваёй творчасці метадычна “пратэставаць некаторыя ключавыя падыходы заходняй школы, паспрабаваўшы ў нечым “зламаць самаізаляцыйны пафас беларускай культуры, — сказаў Шабохін.


Кірушчанка нарадзіўся ў 1951 годзе ў горадзе Чыта (Расія). У 1960 годзе пераехаў у Мінск, дзе зараз жыве і праце. З 1963 года Сяргей вучыўся ў мастацкай студыі Сяргея Каткова. У гэты ж час ён практыкаваў алейны экспрэсіянісцкі жывапіс і графіку. З 1972 года вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. З 1983 года Кірушчанка — сябра БСМ, з 1986 года — сябра арт-групы “Няміга–17.


Выстава працуе да 22 чэрвеня.