Адкрылася выстава аб’яднання «Верасень»
29 жніўня ў Мінску, у Палацы мастацтва адкрылася выстава творчага аб’яднання «Верасень» Беларускага саюза мастакоў.
![vierasienj_10_logo.jpg vierasienj_10_logo.jpg](/img/v1/news/full/vierasienj_10_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На адкрыцці выставы. Фота Марата Гаравога
Як адзначае мастацтвазнаўца Марына Эрэнбург, за 24 гады існавання аб’яднання яно адзінаццаты раз экспануе творчасць сваіх сяброў. Ядро «Верасню» складаюць мастакі, якія сфармаваліся ў перыяд росквіту беларускай рэалістычнай школы. Яны працавалі, у асноўным, у станковай і кніжнай графіцы, выявілі сябе як сталыя майстры з яркай творчай індывідуальнасцю і высокай графічнай культурай. Сярод іх — Сяргей Волкаў, Пятро Дурчын, Георгій Паплаўскі, Наталля Паплаўская, Юрый Зайцаў, Яўген Жылін, Віктар Кліменка, Мікола Казлоў, Iрына Лобан, Леанід Марчанка, Міхаіл Міронаў, Уладзімір Пашчасцеў, Мікола Рыжыкаў і Наталля Сустава.
Мастацкая мова і стылістыка, тэматыка і тэхніка сяброў аб'яднання вельмі разнастайныя (ад рэалізму і імпрэсіянізму да сімвалізму і абстракцыі), аднак грунтуюцца на агульных прынцыпах творчасці — маральнай і эстэтычнай каштоўнасцях мастацтва, высокай значнасці індывідуальнага творчага пачатку, імкненні захаваць адмысловы "свет мастака". Можна сказаць, што ў "Верасні" пазбіралісь мастакі, якія вызнаюць рамантызм у самых розных яго праявах. Яны ўвабралі рэалістычны пафас і рамантычную эмацыйнасць 1960-1980-х гадоў, імкнуцца да лірычных сюжэтаў і вобразных рашэнняў, да літаратурных і культурных асацыяцый.
Пры цяперашняй папулярнасці ў мастацтве друкаваных тэхнік сябры аб’яднання адданыя самаробнай графіцы: алоўку, пяру і акварэлі, што захоўваюць жывы рух рукі мастака. Адной з улюбёных тэхнік застаецца акварэль, прадстаўленая ў экспазіцыі ва ўсёй сваёй разнастайнасці: ад традыцыйнай вольнай трансфармацыі натурных матываў і архітэктурнага пейзажа да лірычнай недаказанасці выяў. Мастакі сярэдняга пакалення, якія працуюць у станковых графіцы і жывапісу, не парываючы з традыцыйнай маляўнічасцю, большую ўвагу надаюць пошукам у вобласці сучаснай мастацкай мовы — умоўнай трансфармацыі формаў, фактуры і дэкаратыўнасці.
Нягледзячы на тое, што менавіта графіка з'яўляецца прыярытэтам для большасці сяброў аб'яднання, яны не меней паспяхова рэалізуюць сябе ў дызайне, сцэнічным касцюме, сцэнаграфіі, мультыплікацыі і станковым жывапісу, а таксама ў педагогіцы.
У аб’яднання склаўся свой падыход да выстаў. Кожны мастак прадстаўлены некалькімі творамі; невялікія персанальныя экспазіцыі прысвечаны творчасці мастакоў, якія адзначаюць круглыя даты (сёлета — Юрый Зайцаў, Кацярына Паплаўская, Барыс Цітовіч і Яўген Саковіч); дэманструецца спадчына калег, якія пайшлі з жыцця (Мікола Рыжыкаў). Акрамя таго, «Верасень» адкрыты для маладых мастакоў — да ўдзелу ў выставе былі запрошаны сябры моладзевай секцыі БСМ — кандыдаты на ўступ у аб'яднанне, у тым ліку цікавы графік Усевалад Швайба.
Першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца назваў выставу «вельмі добрай, чыстай, светлай, прыгожай, інтэлігентнай і шляхетнай, дзе пануе гармонія і свята, а значыць — жыве Бог».
Выстава працуе па 18 верасня.
Фота з выставы Марата Гаравога
![verasen_1_logo.jpg verasen_1_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/verasen_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ірына Лобан «У пошуках персанажа»
![verasen_2_logo.jpg verasen_2_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/verasen_2_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Усевалад Швайба «Вянчанне»
![verasen_3_logo.jpg verasen_3_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/verasen_3_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Юрый Зайцаў «Выкраданне Марыі Шарапавай з Беларусі»
![verasen_4_logo.jpg verasen_4_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/verasen_4_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Уладзімір Пашчасцеў «Раніца»
![verasen_5_logo.jpg verasen_5_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/verasen_5_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
.
Уладзімір Шнарэвіч «Кузьня Гефеста»
![verasen_6_logo.jpg verasen_6_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/verasen_6_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кацярына Паплаўская «Дахі Несебра»
![verasen_7_logo.jpg verasen_7_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/verasen_7_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Наталля Марчанка «Цюльпаны і гранаты»
![verasen_8_logo.jpg verasen_8_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/verasen_8_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
.
Наталля Паплаўская «Папялушка»