“Вучні Коласа” ў літаратурным музеі

Выстава з такой назвай адкрылася 2 верасня ў Мінску, у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.



vuchn_kolasa_3_logo.jpg

Фрагмент экспазіцыі

У экспазіцыі, прымеркаванай да Дня ведаў, дэманструюцца матэрыялы з фондаў музея, у тым ліку творы дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва, фатаздымкі, кнігі з дарчымі надпісамі народнага паэта Беларусі, яго метадычныя выданні, лісты былых вучняў да паэта і ўспаміны.

vuchn_kolasa_6_logo.jpg

На выставе можна даведацца пра педагагічную дзейнасць пісьменніка, пра ягоныя стасункі з вучнямі, якім народны паэт выкладаў у розныя перыяды свайго жыцця.

У адкрыцці выставы ўдзельнічалі вучні мінскіх школ.

vuchn_kolasa_12_logo.jpg

 Удзельнікі адкрыцця выставы

Як адзначыла дырэктар музея Зінаіда Камараўская, Якуб Колас меў непасрэднае дачыненне да адукацыйнай дзейнасці: ён не толькі працаваў як сапраўдны народны настаўнік у пачатковай, сярэдняй і вышэйшай школе, але і сам рыхтаваў настаўнікаў, распрацоўваў пытанні па педагогіцы, стаў аўтарам першай навуковай працы ў галіне навучання матчынаму слову — “Методыка роднае мовы” (1926).

Малодшы сын Якуба Коласа, доктар тэхнічных навук Міхась Міцкевіч павіншаваў школьнікаў з пачаткам новага навучальнага года і падкрэсліў: “Самае дарагое, што цэніцца ў свеце, але, на жаль, не ў нас, — гэта высокі інтэлект развітых мазгоў”. Для гэтага, паводле ягоных слоў, трэба старанна вучыцца, а таксама папаўняць свае веды праз спецыялізаваныя тэлеперадачы і, асабліва, кнігі. “І калі вы будзеце многа чытаць, дык не зробіце тых жыццёвых памылак, якія зрабілі героі твораў сусветнай літаратуры. Менавіта чытанне класікі найбольш развівае маладога чалавека”, — сказаў Міхась Міцкевіч.

vuchn_kolasa_8_logo.jpg

 Габелен “Партрэт Я. Коласа”.

Ён выказаў шкадаванне, што кіраўніцтва краіны зараз удзяляе так мала ўвагі развіццю айчынных адукацыі і навукі. Затым Міхась Міцкевіч прачытаў верш свайго бацькі “Не тужы”, які народны паэт Беларусі прысвяціў школьным гадам свайго малодшага сына.  

vuchn_kolasa_11_logo.jpg

Малодшы сын паэта Міхась Міцкевіч

Галоўны захавальнік фондаў музея, праўнучка песняра Васіліна Міцкевіч распавяла, што ў экспазіцыі, між іншым, прадстаўлены ліст вучня Коласа Міхаіла Занька, якому паэт выкладаў яшчэ ў 1902 годзе ў школы вёсцы Люсіна (цяпер у Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці) — сваім першым месцы працы. “У гэтым лісце, напісаным амаль праз пяцьдзесят год, Занька напісаў свайму настаўніку пра свой лёс і пра лёс іншых вучняў Люсінскай школы, якім выкладаў Колас”, — сказала Васіліна Міцкевіч.

vuchn_kolasa_13_logo.jpg

Праўнучка песняра Васіліна Міцкевіч

Паводле яе слоў, самыя цікавыя матэрыялы выставы звязаны з выкладаннем паэта ў Беларускім педагагічным тэхнікуме. Сярод іх — перапіска Коласа са сваёй вучаніцай Марыяй Туравец. “Прадзед сябраваў з ёй і дапамагаў ёй, а таксама яе сястры. Дарэчы, Марыі Туравец Якуб Колас падараваў дзве кнігі з сваёй асабістай бібліятэкі з вельмі цікавымі дарчымі надпісамі”, — адзначыла праўнучка паэта.

Яна прывяла фрагмент з успамінаў вучаніцы паэта Валянціны Журак, якой паэт запомніўся вельмі чулым чалавекам. “Аднойчы дзяўчына стаяла на калідоры і вельмі смуткавала, што не можа паехаць дадому, бо своечасова не атрымала стыпендыю. І тады Колас, які заўважыў стан сваёй вучаніцы, падышоў, распытаў і даў ёй грошай, каб змагла паехаць да сваіх бацькоў. А пасля, калі дзяўчына хацела аддаць доўг, паэт адмовіўся браць з яе грошы. На ўсё жыццё Марыя Туравец захавала ў сваім сэрцы высакародны вобраз Якуба Коласа”, — падкрэсліла Васіліна Міцкевіч.  

vuchn_kolasa_10_logo.jpg

Габелены Нэлі Валынец з серыі “Каляндар жыцця Я.Коласа”

 

vuchn_kolasa_9_logo.jpg

Габелен Людмілы Пуцейкі “Шляхі паэта”

 

Здымкі Марата Гаравога