Акуджава па-беларуску загучаў разам з БГ, Макарэвічам і «ДДТ» (слухаць)

Гурт «Балцкі Субстрат» запісаў пераклад на беларускую мову кампазіцыі Булата Акуджавы «Музыкант», якая ўвайшла ў трыб'ют, прысвечаны 95-годдзю знакамітага барда.

inx960x640_35.jpg

Булат Акуджава. Фота: РІА НовостиПраект да 95-годдзя Булата Акуджавы, якое адзначалася 9 траўня, мае назоў «Булат 95». Яго абвесціў расійскі лэйбл «Moroz Records», і ўдзел у ім узялі пераважна расійскія выканаўцы — як мэтры рускага року, так і пачаткоўцы. Трыб’ют складаецца з трох дыскаў, у першы з іх увайшлі версіі песень Акуджавы, якія прадставілі Барыс Грабеншчыкоў, Андрэй Макарэвіч, «ДДТ», «Мельница», «Сурганава і аркестр» і многія іншыя.
Адметна, што сярод іх — і два беларускія гурты: каманда «Нэма» з рускамоўнай песняй «Шёл троллейбус по улице», а таксама «Балцкі Субстрат» — з беларускамоўным перакладам песні «Музыкант». Дарэчы, гэта не толькі адзіная беларускамоўная кампазіцыя ў трыб’юце, але ўвогуле — адзіная не на рускай мове.
Пераклад з’явіўся да леташняга конкурсу ў Гайнаўцы. Там праходзіў традыцыйны Міжнародны фестываль Акуджавы, і мне прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе ў яго межах, — распавёў «Новаму Часу» аўтар перакладу і лідар «Балцкага Субстрату» Максім Іўкін.

ek00ulc3gm4_logo_1.jpg

Гурт «Балцкі Субстрат». Максім Іўкін — трэці справа. Фота Рамана Яраша Выбар патрапіў на гэтую кампазіцыю таму, што яна блізкая Максіму: ён сам музыкант, і гэта не толькі прафесія, а — жыццё. Пераклад заўважылі і ацанілі, а музыку ўдалося пазнаёміцца з удавой Акуджавы, пад патранажам якой ладзіцца фестываль.
Для мяне было вялікім адкрыццём, што Акуджава грыміць у Польшчы, там ёсць вельмі шмат яго прыжыццёвых перакладаў. Ягоную «Малітву» падчас «Салідарнасці» спявалі па касцёлах. Ён там ледзь не нацыянальны герой, — дзеліцца музыка.
Ад арганізатара фестываля Максім Іўкін даведаўся пра падрыхтоўку запісу расійскага трыб’юту Акуджавы, і гурт вырашыў запісаць для яго студыйны варыянт «Музыканта» па-беларуску. Для будучага альбому выдаўцы атрымалі больш за паўтары сотні кампазіцый, і з іх спачатку адабралі 29, у тым ліку кавер «Балцкага Субстрату». А па выніку атрымаўся патройны альбом, куды ўвайшлі 63 трэкі. 
Наконт беларускай мовы ў арганізатараў не ўзнікла ніякіх пытанняў, і з напісаннем назвы гурта таксама — нам паўсюль ішлі насустрач, — зазначае Максім Іўкін.
І дадае, што ўдзельнічаць у альбоме разам з БГ і Макарэвічам для гурта — гонар. Як і спрычыніцца да ўшанавання памяці Булата Акуджавы, песні якога фонам гучалі з самага дзяцінства.
 З часам да мяне прыйшло разуменне, што Акуджава — вялікі чалавек. А з яго антываенным пафасам сёння ён актуальны, як ніколі, — перакананы Максім Іўкін.