Аляксандр Колбышаў. Пяць гадоў пасля сцюжы

Пяць гадоў таму не стала Аляксандра Колбышава — беларускага акцёра, рэжысёра і сцэнарыста, чыё жыццё абарвалася на ўзлёце, не дасягнуўшы і 52 гадоў. Гледачы палюбілі яго за ролю зухаватага жаўнера Штыркіна з «Акупацыі» і святара-партызана з «Масакры».

kolbishev_3.jpg

Ягоная карціна «Ваўкі» сталася адзінай поўнаметражнай стужкай, пастаўленай Колбышавым на «Беларусьфільме». Цяпер усё ясней маштаб здзейсненага творцам і трагізм няздзейсненага.

Аляксандр Колбышаў нарадзіўся ва Украіне, першую — акцёрскую — адукацыю атрымаў у Кіеўскім дзяржаўным інстытуце тэатральнага мастацтва ў 1987 годзе; да 1993 года ён выступаў на сцэне Брэсцкага драматычнага тэатру. Але калі Колбышаў дазнаўся, што ў Мінску ладзіцца набор на рэжысуру, то паступіў у Акадэмію Мастацтваў і стаў вучнем Віктара Турава.

У Акадэміі Колбышаў пасябраваў з Андрэем Кудзіненкам: іхні тандэм увасобіў на экране падставовы вобраз новага беларускага кіно, што выклікаў рэпрэсіі і абурэнне. Партызанскі прайдзісвет, выхваляка і па сумяшчальніцтве — расейскі каланізатар Штыркін быў сыграны Колбышавым з такім гумарам і цеплынёй, што не палюбіць яго немагчыма. Але дробны злодзей, які змагаецца за самагонку і трагічна гіне, каб ажыць у новых партызанскіх навелах, падрываў асновы «дзяржаўнай ідэалогіі», і, як скардзіліся цэнзары, «дрэнна дзейнічаў на маладое пакаленне». Карціна Кудзіненкі «Акупацыя. Містэрыі» са Штыркіным-Колбышавым, была надоўга забароненая ў Беларусі, яе паказ на Маскоўскім фэсце суправаджаўся скандалам.

Іншы сімпатычны вобраз Колбышава — святар з фільму «Масакра» — таксама быў з двайным жыццём: ён змагаўся са злом і кулакамі, і на метафізічным узроўні.

Прынцыповаму Колбышаву, які гаварыў праўду і не саромеўся сваіх падрыўных роляў, не знаходзіліся месца на «Беларусьфільме»; творца здымаў серыялы ў Расіі. Нават калі ён прапанаваў да 60-годдзя Перамогі стужку пра падлеткаў, якія трапляюць у мінулае, яму катэгарычна адмовілі. Пазней у Расіі на гэты сюжэт паставілі фальшыва-маладзёвых «Мы з прышлага». Можна толькі ўявіць, якую б стужку зрабіў Колбышаў, які сам прайшоў праз пекла афганскай вайны.

Ягоныя аўтарскія рэжысёрскія працы суворыя і трагічныя. Яны рубам ставяць пытанне пра адказнасць чалавека і ягоны маральны выбар. Кароткаметражныя фільмы «Чорная скрыня», «Яма», «Ахвота жыць» былі заўважныя на кінафэстах, але ані беларуская тэлевізія, ані студыя не паклапаціліся данесці іх да шырокага гледача.

Іншая сітуацыя склалася з фільмам «Ваўкі». У перыяд кароткай і кволай лібералізацыі 2008–2010 гадоў Колбышаў паставіў у Беларусі антытаталітарную кінааповесць. Чалавек уцякае з ГУЛАГаўскага цягніка. Карнікі ладзяць аблаву ў вёсцы, але герой у зімнім лесе натыкаецца на зграю ваўкоў.

Я бачыў Колбышава за працай: ён быў неверагодна патрабавальны да сябе і тактоўны да іншых. Сам цудоўны акцёр, ён ведаў, як дамагчыся найдакладнейшага малюнку ролі. Так, у фільме «Ваўкі» ёсць гаваркая даносчыца. Колбышаў папрасіў Аксану Лясную, што выконвала ролю, сыграць яе ўжо без словаў — толькі постаццю, жэстамі і вачыма.

Пасля ледзяных «Ваўкоў» Колбышаў планаваў камерную душэўную меладраму; і многа іншых задумак было ў яго.

Але раптам самы энергічны жаўнер беларускага кіно, варты цэлай арміі, спатрэбіўся на іншым участку.

У партызанскім Раі, які, магчыма нагадвае Гарыбальдзійскі вырай, куды адпраўляўся герой Колбышава, стала на аднаго байца болей.

На асцюдзелай зямлі яму замены няма.