У вёсцы Кадыш усталююць памятную шыльду паўстанцам 1863-га года
2 жніўня а 15-ай гадзіне адбудзецца ўсталяванне памятнай шыльды паўстанцам 1863 года. Пройдзе яно ля вёскі Кадыш Гарадзенскага раёна. Да памятнага каменя прымацавана шыльда, на якой напісаныя вядомыя цяпер імёны чатырох палеглых паўстанцаў. Іх выявілі мясцовыя краязнаўцы.
Фота zapraudu.info
Тэхнічны бок усталявання ажыццявіла прадпрыемства “Свідравіна”. Дырэктар прадпрыемства Сяргей Зылькоў распавёў:
— Тэкст на гэтай пліце будзе наступны: “21 мая 1863 года ў бітве паўстанцаў з расійскімі войскамі каля вёскі Кадыш загінулі і тут пахаваны Іосіф Гласка, Буткевіч, Верпахоўскі, Пранашка”. І 11 чалавек пахавана невядомых. Усяго ў гэтай магіле пахавана 15 чалавек.
22 траўня 1863 года ў гэтых мясцінах прайшоў пераможны бой паўстанцкіх аддзелаў над маскоўскімі акупантамі. У 20-я гады мінулага стагоддзя на месцы пахавання палеглых быў усталяваны драўляны крыж з мемарыяльным каменем.
Некалькі гадоў таму гарадзенскія прадпрымальнікі адрэстаўравалі крыж. На адкрыццё шыльды памежнікамі будзе забяспечаны праезд у вёску Кадыш Гарадзенскага раёна пры прадастаўленні пашпарту.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя