Аляксей Чубат: «Спеўны сход» не вучыць спяваць, а знаёміць з традыцыяй

Арганізатар спеўных варштатаў у межах праекта «CHOICE-Беларусь: спадчына i сучаснасць» разважае, як можна пракласці мост паміж музеем і людзьмі.

Аляксей Чубат. Фота Віталя Матусевіча 

Аляксей Чубат. Фота Віталя Матусевіча 

Апошнім часам беларусы сталі актыўна цікавіцца сваёй культурай і традыцыямі. Сярод тых, каго захапіла хваля моды на вышыванкі, ёсць людзі, якія паглыбляюцца ў сапраўдную традыцыю, даследуюць яе і захоўваюць. Дзякуючы ім з’явіўся шэраг культурніцкіх ініцыятыў розных кірункаў. Пра сваё бачанне захавання культурнай спадчыны Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі” распавёў адзін з арганізатараў курсаў традыцыйнага спеву Аляксей Чубат.

— Мяне заўсёды вабіла сфера культуры і хацелася зразумець, у першую чаргу, хто я ёсць і хто такія беларусы? Аднойчы я паехаў у экспедыцыю са Студэнцкім этнаграфічным таварыствам у Горацкі раён, і там на два тыдні пагрузіўся ва ўсю аўтэнтыку і традыцыю, якая толькі можа быць. Мы запісвалі песні, збіралі ручнікі, размаўлялі з бабулямі, там жа завязаліся сувязі, якія цяпер нараджаюць цікавыя праекты.

— Тады ж узнікла ідэя стварыць спеўныя курсы?

— Пасля экспедыцыі я задаўся пытаннем, як далей папулярызаваць сабраную спадчыну. Пайшоў на курсы па сацыяльным прадпрымальніцтве да Машы Чараковай, аўтаркі комікса “Гэта Беларусь, дзетка”. Адначасова стаў наведваць гурток па мужчынскіх спевах у СЭТ. У гэты ж час мы пазнаёміліся з Сяргеем Доўгушавым, у якога была ідэя стварыць “спеўны горад”. Ён быў гатовы рабіць гэта творча, а я мог дапамагчы арганізацыйна. У выніку мы зрабілі дваццаць тры “Спеўныя сходы” і шэраг “сходзікаў” — мерапрыемстваў невялікага фармату. З 2017 г. мы вырашылі ісці сваімі шляхамі, бо ў кожнага ёсць сваё бачанне на метады папулярызацыі спадчыны. Скажу за сябе: я бачу сваю дзейнасць у тым, каб пракласці мост паміж музеем і людзьмі. Каб тое, што захоўваецца ў спецыяльных месцах, стала публічным і вядомым. У канцы мінулага месяца мы правялі “Берасцейскі спеўны сход”: звазілі аўтэнтычны гурт “Бабіна лета” з Пружанскага раёна ў Брэст. Пазнаёмілі берасцейцаў з рэгіянальнай спадчынай іх вобласці. Пасля зладзілі ў Мінску “Дзіцячы спеўны сход” — дзеці спявалі веснавыя песні.

Сяргей Доўгушаў. Фота vk.com

Сяргей Доўгушаў. Фота vk.com

“Спеўныя сходы” — гэта не стабільная група, на іх прыходзяць розныя ўдзельнікі. Ёсць ядро — некалькі дзясяткаў чалавек, якія наведваюць Сходы пастаянна. Ідэя сталых курсаў (ці варштатаў) у тым, каб людзі пагружаліся ў традыцыю не аднаразова: патрэбна рэгулярнасць наведвання. Гэта прывяло да стварэння курсаў для стабільных груп. Адны курсы прайшлі вясной мінулага года, другія завяршыліся на гэтым тыдні (на іх выкладала Вікторыя Міхно з гурта “Guda”). Набралі два разы па 40 чалавек — збіраецца, у асноўным, жаночая аўдыторыя. Магчыма, у жанчын большая матывацыя ў самараскрыцці, пошуку сябе, адчуванні эмоцый праз голас. Вядома, немагчыма займацца спевамі, не спяваючы, але ўсё ж наша першасная задача — пазнаёміць людзей з традыцыяй, каб яны адчулі яе. Нашыя спевы — інструмент знаёмства з традыцыяй.

— Як гэтая ініцыятыва апынулася ў рамках міжнароднага праекта "CHOICE-Беларусь: спадчына i сучаснасць"? 

— Спачатку мы працавалі з мецэнатам, пасля знайшлі падтрымку на “Талацэ”. Потым я за два месяцы напісаў праект для CHOICE — гэта была складаная праца. Вельмі добра, што ў нас ёсць такія магчымасці. У рамках CHOICE айчынныя дзеячы культуры ўжо шмат чаго зрабілі.

— Ці ёсць ужо нейкія планы па далейшым развіцці з улікам таго, што традыцыйная культура — гэта не толькі спевы?

— Так, мяне цікавяць розныя аспекты культуры і гісторыя таксама — я навучаюся ў Школе ВКЛ "Лятучага ўніверсітэта". Ёсць планы займацца папулярызацыяй спадчыны ў самым шырокім сэнсе.

Летась я зарэгістраваў культурна-асветніцкую ўстанову “Культура роднага краю” і ў яе межах планую развіваць і іншыя кірункі дзейнасці. Адзін з іх — вандроўкі па Беларусі.

Што да спеўнага накірунку, цяпер рыхтуем “Любанскі спеўны сход” — прывязем гурт “Павалякі” з Любані, каб яны паспявалі разам з тымі, хто жыве ў гарадскіх умовах. Традыцыйны спеўны стыль “Паваляк” уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. “Любаньскі спеўны сход” пройдзе 6 красавіка ў прасторы “Верх” на Куйбышава, 22 а 19.00.

Таксама ў найбліжэйшых планах выданне спеўніка з усімі песнямі, якія мы спявалі падчас спеўных сходаў.

— Закранаючы тэму вандровак — у гэтай галіне даволі вялікая канкурэнцыя, ды і рынак турызму не на ўздыме…

— А мы не думаем у рамках канкурэнцыі, у ёй думаюць тыя, хто займаецца бізнесам. Мы думаем у рамках культурнай палітыкі. Для нас першаснае — рабіць культурны прадукт і даваць яго людзям. Першасная — ідэя, а камерцыя — на другім месцы.

— Падсумоўваючы размову, скажы, што трэба рабіць беларусам, каб захаваць і папулярызаваць сваю спадчыну?

— Патрэбныя новыя фарматы працы. Напрыклад, мне вельмі падабалася ідэя, якую калісьці пачынала ажыццяўляць “Беларусьнафта”, калі запраўкі станавіліся своеасаблівымі турыстычнымі кропкамі, на іх можна было знайсці буклеты аб мясцовасці. Можна было пазнаёміцца з культурнымі аб’ектамі дадзенага рэгіёна, спланаваць свой маршрут з наведваннем гістарычных помнікаў. Трэба выкарыстоўваць інтэрнэт-тэхналогіі, ствараць мапы культурных аб’ектаў, у тым ліку і спеўных рэгіёнаў, адукоўваць па-новаму… Мы пра гэта думаем — і робім.

 eurobelarus.info