На «Спеўным сходзе» сустрэлі сапраўдную вясну (фотарэпартаж)
«Спеўны сход с Сержуком Доўгушавым» 2 красавіка — у вельмі цёплую нядзелю — зладзіў чарговае мерапрыемства. Гэта сустрэча ў кавярні «Грай» была прысвечана веснавым песням нашых продкаў. Да гукання вясны далучыўся Полацкі фальклорны калектыў «Варган».

Госці з Полацку распачалі вечар амаль двухгадзінным канцэртам. Музыкі не
толькі выконваюць спевы, але і займаюцца вывучэннем беларускай народнай
творчасці ды ладзяць фальклорныя экспедыцыі. Прынцыповая пазіцыя ўдзельнікаў
гурта — імкненне перадаць аўтэнтычную арыгінальную манеру выканання.

«Варган» удзельнічае
ў разнастайных культурных мерапрыемствах, займаецца рэканструкцыяй абрадавых
дзеяў, праводзіць спеўныя і танцавальныя вечарыны.
Кожную песню калектыў выконваў розным складам, а некаторыя песні сваіх бабуль удзельнікі гурта спявалі сольна.
Другая частка мерапрыемства склалася з традыцыйных спеваў, на гэты раз падзвінскіх, даволі не простых. Сяржук Доўгушаў спачатку даў некалькі парад наконт выканання. А далей свой майстар-клас па этнамузыцы прадэманстравала Вольга Емяльянчык. Цудоўнае надвор’е і народныя спевы-вяснянкі стваралі сяброўскую цёплую атмасферу.