Барыс Лазука: Культура гасціннасці стала часткай ментальнасці беларусаў
14 снежня ў Мінску падведзены вынікі адкрытага маладзёжнага конкурсу "Летапіс напояў у цэнтры Еўропы".
Прыём прац на конкурс праходзіў з 2 мая па 7 лістапада 2013 года. Удзельнічаць у адраджэнні звестак аб беларускай культуры спажывання напояў маглі людзі ва ўзросце ад 18 па 31
год.
Конкурс, арганізатарам якога выступіла ТАА "Лідскае піва", праводзіўся пры навуковай падтрымцы Музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору
НАН Беларусі. Гэты конкурс стаў працягам спаборніцтва "Піўны летапіс у цэнтры Еўропы", якое праходзіла летась і вынікам якога стала стварэнне першага "Піўнога
летапісу" Беларусі.
"Колькасць і разнастайнасць дасланых рэцэптаў у катэгорыі "Напоі без градуса" даказвае тое, што нашы продкі вельмі сур'ёзна ставіліся да таго, што ў іх на
стале, — адзначыў дырэктар па маркетынгу ААТ "Лідскае піва" Людміла Лыткіна. — Нашы продкі рабілі квас з бярозавага, кляновага соку, з
яблык і буракоў. У залежнасці ад сезона выкарыстоўвалі тое, што было пад рукой. Было нечакана і прыемна даведацца, што ўжо ў XVII стагоддзі раніца беларуса пачыналася з кубачка
кавы — і гэта ў той час, калі, як сведчыць аўтар працы, у Расіі яшчэ не ведалі нават пра гэты напой".
Пераможцам у намінацыі "Напоі з градусам" стаў студэнт БДТУ Арцём Дамуць (праца на беларускай мове "Вытворчасць піва ў маёнтку князёў Радзівілаў"), у
намінацыі "Напоі без градуса" — студэнтка БДУ Аліна Берасневіч ("Іван-чай і яго чароўныя ўласцівасці"), лаўрэатам у намінацыі "Напоі
з градусам" — студэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Ян Юрыс ("Напой згоды"), у намінацыі "Напоі без
градуса" — студэнт БНТУ Аляксандр Сарока ("Смак" майго дома..."). Усе яны ўдастоены дыпломаў і грашовых прэмій.
"Вельмі складана даць характарыстыку нашай культуры спажывання напояў, харчавання, — сказаў БелаПАН дырэктар Музея старажытнабеларускай культуры НАНБ
Барыс Лазука. — Але, акрамя ўсяго іншага, што было характэрна для іншых краін, іншых народаў, у беларусаў заўсёды была культура гасціннасці. Гэтая традыцыя мае глыбокія
карані і, больш за тое, пэўныя варыянты ў жыцці дома, сям'і, палаца, маёнтка, проста хаты. Гэтая культура гасціннасці стала ўжо часткай ментальнасці беларусаў. І частка гэтай
гасціннасці, яркая старонка нашай культуры — безумоўна, напоі. Вельмі хацелася б, каб гэтая старонка з нашага мінулага працягвала існаваць і была б набыткам нашых
спадчыннікаў".
Відэе Сяргея Сацюка, БелаПАН