Беларускія гісторыі для Расійскай імперыі
Напрыканцы мінулага года на экран выйшлі дзве расейскія карціны, значны ўдзел у якіх узялі беларусы. «Ёлкі» і «Брэсцкая крэпасць» — вельмі
розныя стужкі. Адна — навагодняя камедыя. Другая — пафасная ваенная драма. Але іх яднае тое, што беларускія гісторыі напоўніцу выкарыстоўваюцца для сучаснай расійскай
прапаганды.
Навагодняя камедыя «Ёлкі» — быццам бы па-за ўсялякай ідэалогіяй. Але стужку можна разглядаць як самы ўдалы рэкламны ролік прэзідэнта Мядзведзева.
Напрыканцы мінулага года на экран выйшлі дзве расейскія карціны, значны ўдзел у якіх узялі беларусы. «Ёлкі» і «Брэсцкая крэпасць» — вельмі
розныя стужкі. Адна — навагодняя камедыя. Другая — пафасная ваенная драма. Але іх яднае тое, што беларускія гісторыі напоўніцу выкарыстоўваюцца для сучаснай расійскай
прапаганды.
Навагодняя камедыя «Ёлкі» — быццам бы па-за ўсялякай ідэалогіяй. Але стужку можна разглядаць як самы ўдалы рэкламны ролік прэзідэнта Мядзведзева.
Сірата з дзіцячага дому зусім заблыталася. Маленькая дзяўчынка ўсім нахлусіла, што яе тата — прэзідэнт. Цяпер з няшчаснай кпяць і патрабуюць доказаў: у навагоднім звароце расійскі прэзідэнт
мусіць сказаць ключавую фразу пра Дзеда Мароза. Знаёмы хлопчык абяцае, што праз шэсць выпадковых людзей просьба дзяўчынкі дойдзе да адрасата.
І закруціліся навагоднія прыгоды. Папулярную спявачку таксіст-фанат выратоўвае ад прадзюсэра. Самотная прыгажуня марыць знайсці сваё шчасце — і знаходзіць дальнабойніка, які носіць яе на
руках. Небарака-працаголік спяшаецца да каханай — і падазрае суседа па самалёце ў амурах са сваёй дзяўчынай.
Каб знайсці сюжэты, кінастудыя абвясціла конкурс: гледачы самі дасылалі навагоднія гісторыі і анекдоты. Іх назбіралася пад 20 000. Сцэнарысты анекдоты апрацавалі. Расійскі кліпавы творца Цімур
Бекмамбетаў прыступіў да здымак.
Вялікі ўдзел у стужцы прыняў беларускі сцэнарыст Андрэй Курэйчык. Ён склаў тры гісторыі з шасці. Каронная тэма Курэйчыка, з падменамі, адразу распазнаецца: злодзей выдае сябе за міліцыянера і мусіць
спыніць рабаўнікоў: фальшывых Снягурку і Дзеда Мароза. Але беларускія матывы нятоеснасці, прыстасавання і «ваўкалацтва» (як у мінулагодняй «Масакры»!) —
падпарадкаваныя расійска-дзяржаўнаму шчасцю.
Замест Раства Хрыстова — абжорнае свята Новага года. Замест Калядных цудаў — спажывецка-кліпавыя радасці з шампанскім, мандарынамі і салатай Аліўе. Замест Бога — чарговы
крамлёўскі небажыхар, здольны пачуць любую дзяўчынку і апошняга гастарбайтэра.
Фінальныя кадры «Ёлак» эмблематычныя. Уся Расія спіць пасля святаў. І толькі ў Крамлі гарыць святло. У асветленым акенцы — сілуэт прэзідэнта. Ён думае за народ і з далечыні
мудра ўглядаецца ў занатаваныя на снезе просьбы, каб іх выканаць, як найлепшы цудатворца.
Кадры з фільма «Ёлкі»
Беларускі імпэт і прыдумкі, пацешныя досціпы — пайшлі на ахайную спажыву імперскаму стоду.
У выпадку з іншай карцінай такой спажывай сталася нядаўняя гісторыя «Брэсцкай крэпасці».
Стужка Аляксандра Ката заяўлена як першы фільм Саюзнай дзяржавы. Гэта сумесная вытворчасць Расіі і Беларусі.
У фільме хлопчык Саша, які стаў сведкам ваенных дзеянняў, расказвае пра абарону крэпасці ад нацыстаў. Супраціў ачольваюць камандзір Пётр Гаўрылаў, камісар Яфім Фамін і кіраўнік памежнай заставы
Андрэй Кіжаватаў.
У Расіі карціну абвясцілі шэдэўрам; гледачы захлынаюцца ад патрыятызму. Але стужка — вялізны пластмасавы кліп, які граматна выціскае слёзы. Замаруджана-вайсковыя сцэны, выбуховая бутафорыя,
крыху знявечаных целаў. Кампутарныя эфекты разбаўляюцца жменькай чалавечых эмоцыі: страх, нянавісць, клопат, любоў.
Але гэта эмоцыі не людзей, а алавяных жаўнерыкаў, якія мусяць быць знішчаныя ў чарговым эпізодзе. Вас толькі зачапілі выбухам, ледзьве стукнулі чалавечай рэакцыяй на бяду; досыць — пяройдзем
да іншага пункту праграмы.
З «Брэсцкае крэпасці» тырчаць не столькі гламурна-галівудскія вушы, калі рэжысёр безнайдзейна спрабуе паўтарыць подзвігі жаўнера Раяна дый эфекты «Пёрл-Харбару»,
але беларусьфільмаўскія мілітарныя радасці.
Танк едзе па целах, дзяўчынка сядзіць з адкрытым ротам — вітайце крыху ачалавечаны «Дняпроўскі рубеж». Акцёр Анатоль Кот грае чарговага шпега — ну як не прыгадаць
тут «Шчыт Айчыны» пра заходніх нягоднікаў на Беларусі!
«Брэсцкая крэпасць» зроблена са значна большым майстэрствам за беларускі вайсковы трэш мінулых гадоў, але гэта не адмяняе яе штучнасці.
Савецкі сцяг на целе хлопчыка, які занураецца ў чырвоны золак; сталёвая непахіснасць; вайнушка з кампутарнымі эфектамі — і з гераічнымі, амаль нязменнымі грымасамі. На гэтым свяце Саюзнай
дзяржавы няма месца ані для Беларусі, ані для глыбокіх эмоцый.
Але, як бы там не было, «Ёлкі» і «Брэсцкая крэпасць» — жывейшыя за іншыя расійскія стужкі.
З суседскай імітацыяй велічы ўсё настолькі кепска, што ім патрэбная беларуская сыравіна.
Кадры з фільма «Брэсцкая крэпасць»
---------------------------------------------------------------
Елкі
Расія, 2010, каляровы, 90 хв.
Рэжысёры: Цімур Бекмамбетаў, Аляксандр Вайцінскі, Дзмітры Кісялёў, Аляксандр Андрушчанка, Яраслаў Чыжэўскі, Ігнас Ёнінас
Ролі выконваюць: Іван Ургант, Сяргей Светлакоў, Вера Брэжнева, Сяргей Гармаш, Артур Смальянінаў, Кацярына Вілкава, Марыя Сімакіна, Сяргей Пахадаеў, Віктар Вяржбіцкі
Жанр: навагодняя камедыя паводле сцэнару Андрэя Курэйчыка, Цімура Бекмамбетава, Дзмітрыя Алейнікава і інш.
Брэсцкая крэпасць
Расія–Беларусь, 2010, каляровы, 131 хв.
Рэжысёр: Аляксандр Кот
Ролі выконваюць: Аляксей Капашоў, Андрэй Мярзлікін, Павал Дзеравянка, Аляксандр Коршунаў, Яўген Цыганоў, Юры Анпілогаў
Жанр: ваенны фільм