Беларускае кіно перад новай загрузкай

Леташняя канская ўзнагарода, да якой атрымалася далучыцца, сецевыя кінапрэм’еры, першыя фільмы студэнтаў і сыход Аляксандра Колбышава — гэтыя чыннікі будуць вызначаць беларускае кіно ў 2013 годзе.  



d9325dfe_ec95_4acc_b103_b5a7f357f020_mw800_s.jpg

Самая значная стужка

Самая значная стужка 2012 года, што мела дачыненне да Беларусі, — «У тумане» Сяргея Лазніцы. Фільм быў пастаўлены паводле аднайменнага апавядання Васіля Быкава. Карціна, якая атрымала прыз канскай кінапрэсы ды неўзабаве была паказаная на «Лістападзе», — гэта адна з найлепшых экранізацый Быкава. Але ўдзел беларускага боку — мінімальны. Яго, увогуле, магло і не быць — што, зрэшты, не перашкодзіла б фільму, знятаму пераважна на нямецкія грошы, з’явіцца.

«Беларусьфільму», які пачэсна ёсць у цітрах, папросту пашанцавала заскочыць у апошні вагон. Хаця студыя, што сядзіць без грошай, зрабіла стаўку на сумесную прадукцыю аўтарскага кіно, нічога падобнага на фільм Лазніцы сёлета не прадбачыцца. Што да прыватнай кінавытворчасці, то яна пакуль не запрацавала, хаця намёкі на яе дзейнасць з’явіліся.

У любым выпадку, ад канскіх — і якіх-небудзь іншых статусных прэм’ераў — Беларусь можа адпачыць, прынамсі, гадоў сем.

Самы абяцальны фэст

Самым абяцальным сёлетнім кінафэстам быў «Бульба-муві», што праходзіў у Варшаве другі год запар. На яго запрашаліся маладыя творцы, якія робяць першыя крокі ў кіно. На фэст даслалі пад 60 заявак з самых розных куткоў Беларусі — у паказах удзельнічала 19 карцін. Здзівіла разнастайнасць: былі ігравыя і дакументальныя фільмы, анімацыя і сацыяльныя ролікі, меладрама, прыпавесці на хрысціянскую тэму, і нават спробы кінафантастыкі.

Паказальна, што рэй вялі аўтары, не звязаныя з дзяржаўнымі інстытутамі: карціны студэнтаў Акадэміі мастацтваў выглядалі самымі «тэхнічнымі», але самымі нежывымі. Уганараваны дакументальны нарыс Арцёма Лобача «Простыя рэчы» быў зняты на ўласныя сродкі, неігравая стужка Алеся Лапо «Вандроўнік не вернецца» стваралася як дыплом паўгадавой кінашколы, а Андрэй Палупанаў, які прадставіў сацыяльны ролік «Жыццё ў клетчатай торбе», сам арганізаваў «Менскую кінашколу».

Далёка не ўсё ў мастакоў атрымлівалася. Але маштаб імпэтнае кінатворчасці, што расце, як трава — паўсюль і стыхійна, — дае надзею, што працэс не спыніцца, і пануры асфальт бязвіднага беларускага кіналандшафту нарэшце будзе ўзламаны.

Самы цікавы праект

pukst_niemaulia_700.jpg

Новыя творы мусяць абапірацца на кінагісторыю — і праект «Тузін. Немаўля», прыдуманы Сяргеем Будкіным, даў гэтай гісторыі другі подых. Нямыя беларускія карціны 1920-х гадоў «Прастытутка», «Кастусь Каліноўскі» і «У агні народжаная» былі агучаныя жывой музыкай — для сучаснай публікі.

Падляшскі гурт «Ilo&Friends», гурт «Рэлікт» і беларускі музыка Сяргей Пукст прапанавалі для старых стужак сваё музычнае — і вельмі неардынарнае — прачытанне. Прэм’ера была абкатаная ў Беластоку, а ў Мінску наведнікі арт-кавярні тры дні цешыліся незвычайным відовішчам.

Цікавасць да беларускага кіно не згасае і, калі ўсе чыннікі складуцца добра, можна чакаць новых праектаў.

Самая цікавая тэндэнцыя

16_1.jpg

Кінапрэм’еры ў сеціве — новая тэндэнцыя беларускага кіно. Запачаткаваў яе фільм «Вышэй за неба» Андрэя Курэйчыка і Дзмітрыя Марыніна. Стужка, знятая на грошы Праграмы развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь, мусіла абмежавацца серыялам, што распавядае пра ВІЧ. Стваральнікі карціны разыгралі сацыяльную рэкламу як актуальнае жыццё беларускай моладзі — пад партрэтам вусатага прэзідэнта, уплішчылі забароненых музыкаў і прапанавалі дадаткова асобны ігравы фільм. Зляканыя чыноўнікі здымачную групу распусцілі, матэрыялы забралі, але чарнавы варыянт так і не ўзгодненай карціны 8 чэрвеня 2012 пратачыўся ў сеціва.

З таго часу карціна абрасла ўдзячнай публікай пад чвэрць мільёна гледачоў-піратаў і, нягледзячы на перыядычныя знішчэнні, пачуваецца вельмі добра.

Для ісландскай групы «Sigur Rуs», што абвясціла сецевы адбор лепшага кліпа на сваю музыку, беларускі рэжысёр Руслан Фядотаў зняў медытатыўны твор з брутальна-дзівацкімі вобразамі. Хаця гурт аддаў перавагу іншай — мінімалістычнай кампазіцыі, сецевая аўдыторыя ўпадабала беларускі кліп.

Нарэшце, летась рэжысёр Кірыл Нонг, які год адвучыўся ў Нью-Ёрку, зняў са сваімі беларускімі сябрамі жывы і іранічны баявік. 50-хвілінны фільм з гелікоптэрам, спецназам, пагоняю на машынах абышоўся ў 2 650$ — але выглядае недасягальна галівудскім для грувасткага «Беларусьфільму», не гаворачы ўжо пра тэлевізію. Рэжысёр праявіў надзвычайную вынаходлівасць: спецназ сыгралі знаёмыя гульцы ў страйкбол, камеру прычапілі на машыну — і здымалі пагоні на мінскіх вуліцах, паскараючы рух на мантажы, а гелікоптэр арандавалі на 15 хвілінаў.

Гісторыя пра сяброў, якія здымаюць шпегаўскі баявік і раптам сутыкаюцца з сапраўднымі агентамі, занадта вялікая для кароткага метру і занадта малая для поўнага, але гэта не замінае фільму быць адным з самых яскравых беларускіх дэбютаў.

Прэм’еру карціны Кірыл Нонг зладзіў адразу ў сеціве.

Беларускае сеціва пашыраецца.

Жаўнер варты арміі

29 ліпеня 2012 года нечакана памёр акцёр і рэжысёр Аляксандр Колбышаў. Ягоны зухаваты выхваляка Штыркін з «Акупацыі» і святар-паўстанец з «Масакры» — трагікамічныя персанажы з двайным жыццём, якім цяжка знайсці аналагі ў айчынным кіно. Суворыя, акадэмічныя «Ваўкі» пра ўцёкі са сталінскага ГУЛАГу былі рэжысёрскай працай Колбышава, выверанай і дакладнай у маральных ацэнках.

Колбышаў, які добра ведаў цану праўды, даваў годны прыклад прафесійнага і чалавечага служэння. Гэта самы энергічны баец беларускага кіно, варты цэлай арміі — і замяніць яго няма кім. Рэжысёр працягваў высокую традыцыю кінематографа.

Усе, хто прыйдуць на змену, будуць іншымі.