Беларусь была класічнай калоніяй Расіі
З 1772 па 1917 гады Беларусь была класічнай калоніяй у складзе Расіі, заявіў 17 ліпеня ў Мінску на чарговым пасяджэнні лекторыя «Гісторыя Беларусі з найстаражытнейшых часоў да нашых дзён» прафесар Анатоль Тарас.
На пачатку сваёй лекцыі на тэму «Знаходжанне Беларусі ў складзе Расійскай каланіяльнай імперыі», навукоўца адзначыў: Беларусь, як і ўсе нацыянальныя ўскраіны Расіі, была
калоніяй, пра што сведчаць наступныя абставіны. Па-першае, Беларусь была захоплена Расіяй у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай. Па-другое, Беларусь стала залежнай тэрыторыяй без самастойнай
палітычнай і эканамічнай улады (мясцовая ўлада была зліквідаваная, а замест былых выбарных пасад цар прызначаў каланіяльную ваенную, грамадзянскую і гарадскую адміністрацыю — губернатараў і
гараднічых). Па-трэцяе, беларускія землі цары налева і направа раздавалі рускім дваранам.
Таксама трэба мець на ўвазе, што жыхары Беларусі генетычна, антрапалагічна і гістарычна адрозніваліся ад рускіх; на Беларусі паўсюль існавала засілле рускіх чыноўнікаў, настаўнікаў і святароў, была
ўведзена рыса аселасці для яўрэяў, чыніліся ўсякія перашкоды пратэстантам і каталікам.
Ад каланіяльнага статуса Беларусі вельмі страцілі ўсе слаі насельніцтва краіны, у тым ліку шляхта, святары, мяшчане і сялянства. Так, расійскія гісторыкі старанна затушоўваюць той факт, што ў Еўропе
былі ўсяго дзве краіны — Расія і Прусія, дзе існавала рабства сялян, і яны не былі асабіста свабоднымі. Больш нідзе ў Еўропе сялян не прадавалі, не дарылі, не мянялі. Акрамя таго, у Вялікім
Княстве Літоўскім сяляне не ведалі такога страшнага зла, як рэкрутчына, калі маладога мужчыну ва ўзросце 19–35 гадоў забіралі ў армію спачатку пажыццёва, потым на 25 гадоў, і толькі з
сярэдзіны XIX стагоддзя — на 15 гадоў. У ВКЛ і Рэчы Паспалітай армія была наёмная і добраахвотная.
Паколькі пад гнётам Расіі ўсе слаі насельніцтва нічога не прыдбалі, а толькі згубілі, на Беларусі ўвесь час існавалі прычыны для нацыянальна-вызвольнага руху. Яго спецыфіка ў тым, што доўгі час,
амаль 70 гадоў, пачынаючы з паўстання 1794 года і заканчваючы паўстаннем 1863 года, гэты рух насіў польскі характар. Справа ў тым, што на чале руху стаяла польская шляхта рознага этнічнага
паходжання, якая спавядала каталіцызм, размаўляла па-польску і дабівалася ўзнаўлення незалежнасці Рэчы Паспалітай, што па Канстытуцыі 1791 года была абвешчана ўнітарнай дзяржавай без аўтаноміі ВКЛ,
падкрэсліў Тарас.
Такім чынам, паводле слоў Тараса, калі б Расія не захапіла Беларусь, яе насельніцтва ў бліжэйшыя 100–150 гадоў непазбежна было б паланізаванае. «Захоп Расіі меў для ВКЛ супярэчны
характар. З аднаго боку, ВКЛ знікла, перарвалася традыцыя дзяржаўнасці, вельмі затармазілася пераўтварэнне этнічнай супольнасці (народа) у супольнасць палітычную (нацыю). Але, з другога боку, замест
паланізацыі на Беларусь прыйшла моцная русіфікацыя. Разам з тым, барацьба з мяцежным польскім духам і яго вынішчэнне, якую ўвесь час вёў царызм, а таксама правядзенне буржуазных рэформ пасля адмены
прыгонніцтва далі нечаканы і непажаданы для ўладаў вынік — узнікненне беларускага нацыянальна-вызвольнага руху», — сказаў навукоўца.
Трэба адзначыць, што ў лекторыі ўдзельнічалі больш за 60 чалавек, у асноўным моладзь. Гэтае пасяджэнне лекторыя было дзясятым. У праграме яшчэ тры пасяджэнні.