Ці правільна казаць пра каталіцкія і праваслаўныя Каляды?
Большасць праваслаўных цэркваў свету ўсё ж перайшла на грыгарыянскі календар, юліянскага трымаюцца толькі адзінкі — у тым ліку і Руская Праваслаўная Царква, да якой належыць і Беларуская. Але справа не толькі ў календары.
Каляды 25 снежня святкуюць разам з каталікамі і пратэстантамі праваслаўныя грэкі, балгары, румыны, чэхі, кіпрыёты, і першы сярод роўных Канстантынопаль. На пазіцыях юліянскага календара застаюцца Руская, Грузінская, Сербская, Іерусалімская цэрквы. Беларуская праваслаўная царква ёсць кананічным падраздзяленнем РПЦ, таму праваслаўныя вернікі нашай краіны таксама святкуюць Каляды 7 студзеня. Між тым, яшчэ ў 1917 годзе Сабор РПЦ прыняў рашэнне перайсці на новы стыль, але дагэтуль яго не выканаў. Дзеля пераходу на грыгарыянскі календар зараз нават не патрабуецца пастановы Памеснага Сабору, Сіноду дастаткова толькі выканаць рашэнне 1917 года, але...
Упартае трыманне юліянскага календара можна патлумачыць толькі традыцыяй. Варта нагадаць, адкуль увогуле дата 25 снежня. Тут таксама не такая ўжо і адназначная гісторыя, бо хрысціянскія цэрквы пачалі святкаваць нараджэнне Хрыста толькі ў IV стагоддзі. "Раннія хрысціяне святкавалі момант аб'яўлення Хрыста — 6 студзеня (Вадохрышча — называем мы па-беларуску), калі Ісус прымае хрост ад Яна Хрысціцеля і ў развёрстых нябёсах бачыць Духа Святога, што ў выглядзе голуба спускаецца, і чуе голас, які кажа: "Ты Сын мой улюбёны", — заўважае ў размове са Службай інфармацыі "ЕўраБеларусі" Ірына Дубянецкая.
Гэта вельмі старажытнае свята. І на яго прыпадала асноўнае святкаванне з'яўлення Хрыста. І мы ведаем, што ў ІІ і нават на пачатку ІV стагоддзя хрысціянскія пісьменнікі нават здзекваліся з ідэі святкавання дзён нараджэння і дзён нараджэння багоў.
Хаця нават і ў ІІ стагоддзі ў Ірынэя Ліёнскага мы бачым спасылкі на тое, што зачацце адбылося на 25 сакавіка, што прыпадае на дзень вясновага раўнадзенства, а нараджэнне, значыць, на дзень зімовага сонцавароту — на 25 снежня. Такія ідэі былі, але Царква не адзначала такія святы да IV стагоддзя. Па дакументах мы ведаем, што першае святкаванне нараджэння Хрыста 25 снежня — гэта сярэдзіна IV стагоддзя ў Рыме. Ва ўсходніх жа цэрквах гэтае свята было ўведзенае яшчэ пазней — у самым канцы IV стагоддзя, дзякуючы ў тым ліку і гарачай прапагандзе гэтага свята Янам Залатавусным.
Паварот да Сонца, нараджэнне Сонца — гэта вельмі вядомае свята ва ўсіх традыцыйных культурах, там, дзе мелі значэнне салярныя календары. Гэта і ў старажытнабеларускай традыцыі, старажытнаеўрапейскай, старажытнаскандынаўскай. У Рымскай імперыі гэтае свята называлася Нараджэнне непераможнага Сонца. Калі ж хрысціянства стала афіцыйнай рэлігіяй у Рыме, то ідэя непераможнага Сонца сінкрэтызавалася з Нараджэннем Хрыста як Сонца Праведнасці. Якраз пра гэта піша Ян Залатавусны: "Калі яны гэта называюць нараджэннем Сонца непераможнага, то хто непераможны як толькі наш Госпад?". І ён, паводле Яна Залатавуснага, якраз ёсць Сонца Праведнасці.
Такім чынам, уся ідэя Нараджэння Хрыста ад IV стагоддзя прыпадае не на дату. 25 снежня прыпадае на зімовы сонцаварот, і гэта ёсць галоўным — менавіта зімовы сонцаварот, нараджэнне Сонца.
І толькі далей узнікае праблема юліянскага/грыгарыянскага календара. Юліянскі каляндар паціху адстае ад трапічнага года, і ад канца ХVI стагоддзя, калі быў прыняты грыгарыянскі календар, тры дні ў чатыры стагоддзі. У наступным стагоддзі святкаванне Нараджэння Хрыстова паводле юліянскага календара будзе не 7-га, а 8 студзеня, гэтак як у ХІХ стагоддзі яно адзначалася 6 студзеня. І калі ўявіць сабе на вельмі далёкую перспектыву, то з кожным стагоддзем святкаванне Нараджэння Хрыстова па юліянскім календары будзе адыходзіць усё далей і далей ад дня зімовага сонцавароту, ад ідэі Нараджэння Хрыста як Сонца Праведнасці.
Першасная прычына непрыняцця праваслаўем грамадзянскага календара — гэта тое, што пераход на новы каляндар быў прапанаваны Папам Рымскім. І вядомае меркаванне Маскоўскай царквы, што "лепей разысціся с сонцам, чым сысціся з Папам Рымскім".