Цёплыя, захапляльныя, балючыя. 5 кніг пра важнае для дзяцей і дарослых
Гэта стэрэатып — што «дзіцячая» літаратура мусіць быць абавязкова з казачным сюжэтам і хэпі-эндам, у якім дабро перамагае зло. Сучасныя кнігі для дзяцей вельмі нават «дарослыя»: яны ўздымаюць важныя праблемы, ставяць складаныя пытанні і расказваюць дзецям і іх бацькам пра тое, які насамрэч складаны наш свет. Прапануем некалькі такіх кніг — якія, без сумневу, вам запомняцца!
«Оскар — галодны аднарог», Лу Картэр
Уявіце сябе аднарогам. Вельмі-вельмі галодным аднарогам. Такім галодным, што вы з'елі сваё жытло, і вам цяпер няма дзе жыць. Трэба шукаць прытулку — але ніхто не хоча быць побач з тым, хто гатовы праглынуць усё, што трапіцца пад руку. Ні добрыя феі, ні злыя піраты, ні нават страшныя цмокі не гатовыя мець з вамі справу. І што рабіць?
Не было б, канешне, ніякай гісторыі, калі б вам не трапілася адна прынцэса, якая якраз усё жыццё марыла пра аднарога. Не такога, канешне, ненажэрнага, але іншага не далі. Давядзецца неяк ужывацца!
Пацешная гісторыя пра сяброўства і пошук свайго месца ў свеце, яна адразу ж палепшыць вам настрой і дакладна запомніцца сваімі яркімі малюнкамі (калі вы, як і я, любіце разглядаць ілюстрацыі ў кнігах). Мастачка Нікі Дайсан пастаралася!
Дарэчы, у кнігі ёсць працяг — пра тое, як галодны аднарог з'ёў Каляды і Вялікдзень, а яшчэ пра тое, як прынцэса Ула падарыла Оскару сябра — аднарога-малянятка. Як думаеце, ці з'есць Оскар і яго?
«Eight Princesses and a Magic Mirror», Наташа Фарант
Памятаеце ўрывак са сказкі Пушкіна: «Свет мой зеркальце, скажи...»? Прынцэсам са старых казак важна было быць самымі прыгожымі, бо менавіта ў прыгажосці была іх сіла. Сучасных прынцэс цікавіць зусім іншае. Што менавіта? Пра гэта расказвае Наташа Фарант.
Арабская прынцэса абараняе свой народ ад жорсткага караля; лацінаамерыканская прынцэса трымае ў якасці хатняга гадаванца кракадзіла; шатландская прынцэса даследуе адкрытае мора; афрыканская прынцэса выбірае спачуванне і дабрыню замест каралеўскай пыхі... Карацей, зусім не вяжуцца гэтыя вобразы з уяўленнем пра прынцэс. А можа, гэта якраз тое, што трэба маленькім дзяўчынкам, каб расці смелымі адважнымі, ісці за сваімі марамі і слухаць толькі сваё сэрца?
У рускім перакладзе кніга называецца «Отважные принцессы со всего света», у ёй захаваныя арыгінальныя малюнкі Лідзіі Коры. Выдатны падарунак для маленькіх і вялікіх дзяўчынак, які можна замовіць і ў Беларусі.
«14 лясных мышэй», Кадзуа Івамура
Да нас вельмі рэдка даходзіць штосьці з усходняй культуры, асабліва з таго, што можна паказаць дзецям (за выключэннем манга і анімэ). Калі перагледжаныя ўжо ўсе шэдэўры знакамітага Хаяа Міядзакі, можна звярнуць увагу на кнігі Кадзуа Івамуры — яго гісторыі пра мышак, якія жывуць у лесе, займаюцца сваімі хатнімі справамі, расцяць дзетак, клапоцяцца пра старэйшых, адкрываюць для сябе навакольны свет ва ўсёй яго прыгажосці.
Гэтыя кнігі цікавыя тым, што ў іх амаль адсутнічае тэкст — то-бок «чытаць» іх трэба па малюнках, кожны раз самім прыдумляючы гісторыю. Ідэальны варыянт для сумеснага вечара, які ніколі не надакучыць — незалежна ад узросту. Бо і дарослыя, і дзеці вельмі любяць прыдумляць гісторыі — і хай яны будуць прыгожымі, яркімі і павучальнымі.
«Марта і яе мара пра снег», Ганна Янкута
Не толькі замежныя аўтары ўмеюць пісаць добрыя, цікавыя і ўтульныя кнігі, якія хочацца чытаць і перачытваць. Беларускія таксама не адстаюць. Ганна Янкута, аўтарка любімага дзецьмі «Ката Шпрота», напісала кнігу пра дзяўчынку Марту, якая зусім не як іншыя дзяўчынкі, бо ў яе ёсць пастаянны і незаменны спадарожнік — інвалідны вазок. Катацца ў ім па калюжынах вельмі непрыемна, вось іншая справа — снег! Пухнатыя камякі, якія збіваюцца ў сумёты — прадвеснікі святаў, цудаў і незвычайнасцей, асабліва для тых, хто больш за ўсіх іх заслугоўвае. І Марта — якраз з такіх.
Гісторыя чытаецца на адным дыханні, яе вельмі любяць і дзеці, і дарослыя — настолькі, што трэба яшчэ пастарацца, каб знайсці гэтую кнігу ў крамах (прынамсі, па-беларуску). Ёсць рускі пераклад, і ён яшчэ сустракаецца ў продажы. Але, канешне, нішто не заменіць арыгінальнай версіі з цудоўнай беларускай мовай! Бонусам для аматараў прыгажосці — цудоўныя малюнкі Ліліі Давыдоўскай.
«Мой дзядуля быў вішняй», Анджэла Нанэці
У маім дзяцінстве не было кніг пра смерць. Нас аберагалі ад гэтага страшнага слова, як быццам яно само па сабе прыносіць няшчасці. Сучасныя дзеці пазбаўленыя гіперапекі — прынамсі, з боку пісьменнікаў і пісьменніц. З імі размаўляюць як з дарослымі — пра ўсё на свеце, бо і дзецям таксама даводзіцца перажываць зусім не дзіцячыя моманты, бывае што і сам-насам, калі дарослыя занятыя сабой і сваімі важнымі справамі.
Так здарылася і з героем кнігі Анджэлы Нанэці, які з дзяцінства назіраў за тым, як з'яўляюцца і знікаюць у бабулі і дзядулі куры, гусі, іх дзеткі, а потым — і самі бабуля і дзядуля... І што застаецца хлопчыку, як не разумаўляць з дрэвам, якім мусіў стаць дзядуля пасля смерці — вішняй на імя Фелічэ, якая была пасаджаная, калі нарадзілася маці нашага героя? Асабліва калі дзядуля абяцаў, што менавіта так і будзе — што ён заўсёды будзе побач, да яго можна будзе прыйсці, пасядзець у яго цені і расказаць пра самае-самае.
Гісторыя напісаная самымі простымі словамі, у ёй няма выкшталцоных тропаў, разумных слоўцаў і іншых «прыгожасцей». Але яна б'е ў самае сэрца — так што, калі збярэцеся чытаць, падрыхтуйце загадзя насоўкі і сурвэткі, яны вам спатрэбяцца. А пасля не забудзьце абняць сваіх любімых.