Чэрвеньскія традыцыі беларусаў

Каляндар народных святаў, якім здаўна карысталіся беларусы, расказвае, што і як святкуюць у чэрвені. Прычым, у некаторых выпадках — двойчы. «Будзьма беларусамі!» сабралі спіс асноўных святаў першага летняга месяца.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


З даўніх часоў людзі намагаліся ўладкаваць сваё жыццё, гарманізаваць яго з навакольным светам. Адным са спосабаў гэта зрабіць стаў святочны каляндар. Назіраючы за цыклічнасцю ўсяго існага, нашы продкі ўладкоўвалі свой быт згодна з прыроднымі законамі. Кола святаў і «асаблівых» дзён стварыла неабходную рытмічнасць жыцця. А абрады і рытуалы дадалі пачуцця кантролю і бяспекі: запаліш вогнішча — дапаможаш нарадзіцца новаму Сонцу, якое пераможа холад і зіму.

Такім чынам, народны каляндар — гэта не проста прыгожыя традыцыі і звычаі, ён быў адным з падмуркаў устойлівасці, уладкаванасці карціны свету і адпаведна — псіхічнага здароўя людзей. Ён і сёння можа даць апору і падтрымку ў зменлівых і няўстойлівых абставінах.

Беларускі народны каляндар мае сваю адметнасць — амаль усе вялікія святы ў нас адзначаюцца двойчы: па юльянскім і грыгарыянскім календарах.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Чэрвень — сярэдзіна года. Як і апошні месяц, гэта магічны і таямнічы перыяд. Час найвышэйшага росквіту прыроды. На чэрвень прыпадаюць самыя доўгія светавыя дні і кароткія ночы.

2 — 3 чэрвеня у 2023 годзе адзначаюцца Траецкія (Духаўскія, Сёмушныя) Дзяды. Вылучаюцца сярод іншых памінальных дзён большай урачыстасцю (як і Асяніны ў лістападзе). Але, у адрозненне ад восеньскіх, тут меншая колькасць і разнастайнасць страваў на святочным стале.

Яшчэ адной адметнасцю Траецкіх Дзядоў з’яўляецца тое, што паміналі больш тых, хто памёр не сваёй смерцю: тапельцаў, самагубцаў.

Яшчэ гэты час называлі Стаўроўскімі Дзядамі. Такая назва звязана з паданнем пра першанасельніка беларускіх зямель — князя Бая і яго сабак Стаўры і Гаўры. Вельмі любіў іх князь, нават загадаў свайму народу шанаваць сабак і пасля смерці.

3 (па юльянскім календары) чэрвеня — Ульяны (Алена). Дзень пасадкі льну. Калі пасеяць лён на Ульяніцу, то будзе багаты ўраджай. Сеяць варта ў чыстай кашулі, каб лён быў чыстым, не парос пустазеллем.

Лён у нашых продкаў асацыяваўся з жаночай доляй. Лічылася, што дзяўчынкі, якія нарадзіліся ў гэты дзень, стануць сапраўднымі прыгажунямі і будуць умець вырошваць асаблівы лён.

4 чэрвеня — Зелянец (Тройца, Сёмуха, Зялёныя святкі, Духаў дзень). Хрысціянская традыцыя прымерквала старажытнае свята да Пяцідзясятніцы — дня сашэсця Святога Духа да апосталаў. У народным календары гэта памежнае свята, што звязвае веснавы і летні цыклы. Усе рытуальныя дзеянні скіраваны на падвышэнне плодных сіл Прыроды.

Распаўсюджана традыцыя ўпрыгожваць хаты, падворкі, а таксама цэрквы і касцёлы зелянінай, якую называюць май. Часцей за ўсё гэта галінкі бярозы, клёна, ліпы. Таксама выкарыстоўвалі аер і рагоз.

Дзяўчаты хадзілі ў лес «завіваць» бярозы (звязваць 2 суседняі галінкі ці галінкі з 2-х суседніх дрэў), кумавацца (абіраць сабе сяброўку на год), варажыць. Сямейныя людзі ездзілі на госці. Абавязковай стравай такіх гасцяванняў была яешня.

5 чэрвеня — Куста. На другі дзень пасля Тройцы (дзе-нідзе на саму Тройцу) па вёсках вадзілі Кусту (Густу) — упрыгожаную зелянінай дзяўчыну, жанчыну ці нават маладую пару. Такі персанаж увасабляе жыццёвую сілу прыроды, па іншых меркаваннях, гэта сімвал продкаў. Так ці інакш Куста (Куст) мусіць спрыяць дабрабыту ды ўрадлівасці.

5 — 11 чэрвеня — Русальны тыдзень. Вобраз русалкі ў традыцыйнай беларускай культуры вельмі неадназначны. Ён звязаны з вітальнымі (жыццёвымі) сіламі прыроды. З аднаго боку, русалкі спрыяюць урадлівасці. З іншага — могуць прычыніць вялікую шкоду чалавеку.

Тыдзень пасля Зелянца — магічны час, калі трэба быць асабліва асцярожным і пільным, каб не нашкодзіць сабе і наваколлю. З панядзелка да чацвярга нельга было працаваць.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Серада на гэтым тыдні называецца «Градабой» альбо «Серада Русаль». Даследчыкі бачаць у гэтым свяце сляды культу Перуна.

Чацвер на Русальным тыдні — Конскі Вялікдзень. У гэты дзень было табу не толькі на конскую працу, але і на працу ўвогуле — лічылася, што гэта прывядзе да засухі.

Таксама чацвер называлі Наўскай Тройцай. Было прынята хадзіць на могілкі, упрыгожваць іх маем ды месці бярозавымі галінкамі.

11 — 12 чэрвеня сёлета святкуюць Розыгры (альбо провады Русалкі). Апошнія дні панавання русалак на зямлі. Зараз яны самыя небяспечныя, але ж і больш за ўсё спрыяюць урадлівасці палёў.

Шмат у якіх рэгіёнах Беларусі праводзяць абрадавыя шэсці: абіраюць дзяўчыну з самымі даўгімі валасамі (неад’емны атрыбут русалкі — даўгія валасы). Яе ўпрыгожваюць зелянінай і вядуць у жыта.

22 — 23 чэрвеня — Купалле. Кропка найвышэйшага росквіту Прыроды. Прымеркавана да летняга сонцавароту — самы даўгі светавы дзень (больш за 17 гадзін) і кароткая ноч. Лічылася, што ў гэты дзень зёлкі набываюць найвялікшую моц.

Аснова свята — агонь. Сама назва паходзіць ад індаеўрапейскага кораня kup- прагнуць, кіпець. Купальскае вогнішча шматфункцыянальнае. Праз яго скачуць тыя, хто жадае ачысціцца ад грахоў альбо сурокаў. Пары выпрабоўваюць над ім свае пачуцці і варожаць на будучы лёс: глядзяць, ці расчэпяцца рукі дзяўчыны і хлопца, калі яны разам пераскокваюць праз вогнішча. Таксама на купальскім вогнішчы прасушваюць вопратку хворых людзей, каб яны хутчэй ачунялі, грэюць ля яго слабенькіх дзетак і г. д. Калі ж на досвітку пакупацца ў рацэ альбо пакачацца ў расе, увесь год будзеш моцны ды здаровы.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


У Купальскую ноч неверагодную сілу набываюць вядзьмаркі ды ведзьмары і трэба быць пільным, каб не патрапіць пад іх чары. Дзеля гэтага на вокны і дзверы вывешваюць апатрапеі — абярэгі. У якасці такога абярэга можа выступаць любы колючы, рэжучы прадмет альбо калючая, пякучая расліна (крапіва, чартапалох).

У гэтую ж ноч прынята шукаць папараць-кветку, якая дае магчымасць знаходзіць скарбы, разумець мову птушак і звяроў.

26 чэрвеня — Акуліна-задзярыхвост. У гэты час з’яўляецца шмат аваднёў і каровы ад іх укусаў скачуць па выгане, задраўшы хвост. Адсюль і назва дня. На Акуліну было прынята сеяць грэчку.

29 чэрвеня (па грыгарыянскім календары) — Пятрок, дзень святых Пятра і Паўла. Завяршэнне купальскіх святаў. У гэты дзень дзяўчаты хадзілі ў лес і «развівалі» бярозкі, якія былі «завітыя» на Сёмуху. Па тым, ці засталіся звязаныя галінкі жывымі, ці засохлі, меркавалі пра лёс.

У артыкуле выкарыстаны матэрыялы з манаграфіі Алены Ляшкевіч «Традыцыйны каляндар. Нарысы» (Мн.: 2022).