«Да смерці заставаўся ПАЭТАМ». Выйшла новая кніга пра творчасць Анатоля Сыса
«Feci quod potui. Спадчына Анатоля Сыса і паэзія ХХ стагоддзя» — навукова-папулярнае выданне пра творчую спадчыну выбітнага беларускага паэта Анатоля Сыса, якое пабачыла свет восенню 2019 года.
Кніга напісана прафесарам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Іванам Фёдаравічам Штэйнерам, выкладчыкам Анатоля Сыса. Прэзентацыя выдання адбылася 23 кастрычніка перад студэнтамі філалагічнага факультэта гомельскага ўніверсітэта. Гэта другі зварот даследчыка да спадчыны Анатоля Сыса. У 2008 годдзе пабачыла свет манаграфія «Свае руны мне не вышыць…”: спадчына Анатоля Сыса».
У новай манагарфіі аб’ём матэрыялу ў параўнанні з папарэдняй значна пашыраны, Іван Штэйнер разглядае творчасць Анатоля Сыса праз прызму развіцця сусветнай і беларускай паэзіі ХХ стагоддзя.
Манаграфія Штэйнера прыкметна вылучаецца на фоне існуючых работ, прысвечаных Сысу. Трэба адзначыць, што да асэнсавання творчасці паэта звярталіся Леанід Галубовіч («Сыс»), Андрэй Мельнікаў («Анатоль Сыс. Псальмяр эпохі перагною»), А. Макмілін («Анатоль Сыс — пакутніцкая душа») і інш. Можна ўзгадаць прысвечаны Сысу нумар часопіса «Крыніца», шматлікія ўспаміны.
Іван Штэйнер у сваёй кнізе засяроджваецца перш за ўсё менавіта на аналізе творчасці паэта. Прычым гэты аналіз праведзены на шырокім культуралагічным фоне: сусветная і нацыянальная міфалогія, літаратура, філасофія, Даследчык сцвярджае: «Толькі паэзія, што адмаўляе і разбурае звыклыя межы рэчаў і свету, можа прывесці да сапраўднага іх разумення. Сыс разбурае сусвет на састаўныя частачкі і гэтак жа будуе яго па-свойму, магчыма, не менш загадкавым і таямнічым».
Усім ходам разважанняў Штэйнер прыходзіць да высновы, што «Жыццё і творчасць А. Сыса — гэта своеасаблівы эксперымент, праведзены нейкай сілай з адпаведнай мэтай — вызначыць змест, сутнасць, перспектывы развіцця беларускага прыгожага пісьменства мінулага стагоддзя. А ягоная творчасць — гэта “кароткі паўтарыцельны курс” (М. Багдановіч) усёй беларускай паэзіі, развага аб яе значнасці і незапатрабаванасці, ідэалах і арыенцірах».
Урэшце, нельга не пагадзіцца са словамі даследчыка: «Сваю жыццёвую задачу, наканаванасць, лёсавызначальнасць ён (Сыс — І. Н.) здзейсніў. <…> …ён да смерці застаўся ПАЭТАМ, але паэтам у жыцці, у побыце, у любові, ва ўсіх варунках і дачыненнях з людзьмі».
Канцэптуальнай выглядае і вокладка кнігі Івана Штэйнера: на ёй чытач можа пабачыць вядомы твор мастака Пітэра Брэйгеля «Падзенне Ікара». У прамове да кнігі адносна выбару вокладкі тлумачыцца: «Велічны палёт Ікара не мог зварушыць абыякавасці людзей, звыклых глядзець толькі пад ногі. Вялікі мастак увасабляе не столькі саму падзею, колькі яе наступствы, ці, што дакладней, адсутнасць падобных».
Тыраж у кнігі невялікі, усяго 50 асобнікаў. Таму найбольшая верагоднасць знайсці кнігу Івана Штэйнера ў бібліятэках.