Сіні раман Вішнёва: ода Менску, якога больш няма

У 2018 годзе Зміцер Вішнёў апублікаваў свой не зусім раман ці антыраман «Калі прыгледзецца — Марс сіні». Раман, які варта чытаць, узабраўшыся на падваконне і схіліўшы галаву да шкла.

dlwcfbakr5o.jpg


Гэта тое чытво, якое не ідзе з першага наварату — да яго вяртаешся ўпарта яшчэ і яшчэ — толькі тады твор прымае. І гэты твор варта чытаць як набор гісторыек і кур’ёзных, часам абсурдысцкіх цытатак. З гэтым творам Вішнёва трэба быць акуратным: вы нібыта з разбегу забягаеце ў кветкавы рай і ўздымаеце хмаркі кветкавага пылку. Супакойцеся: паступова кветкавы пылок асядае — і вам пачынае смакаваць. Так прыблізна ў мяне было з Рычардасам Гавялісам, так сталася з творам Зміцера Вішнёва. Дарэчы, раманы «Калі прыгледзецца — Марс сіні» і «Віленскі покер» у нечым вельмі родныя: тыя ж ухілы ад класічнасці, а часам папросту ад вядомшчыны, поп-культуры і поп-літаратуры, тыя ж завуаляваныя оды сваім улюбёным местам — Менску і Вільні, тая ж філасафічнасць і кплівасць з усяго, а перадусім з саміх сябе, а яшчэ тыя ж мазаічнасць вобразаў, тэмаў, скокі і пункцірнасць сюжэту.

Чытаючы Вішнёва, я ўвесь час заўважаў яшчэ адно падабенства паміж ягоным тэкстам і тэкстам слыннага летувіса: схаваная сацыяльшчына, якой звычайна так унікаў антыраман у Францыі, і без якой ніяк не абысціся ў нас. А яшчэ абодва вельмі рамантычныя, лірычныя: так, напрыклад, пасаж Зміцера пра дождж і як «ён супакойвае нервы, абараняе ад варожага свету, змывае ўсіх ворагаў і ўвогуле ўвесь негатыў» — якраз з тых, які канчаткова шармуе і ўлагоджвае чытача.

Зрэшты, абодва аўтары праз няпростую манеру пісьма закранаюць светапоглядныя, часам балючыя пытанні адпаведна летувіскай і беларускай ідэнтычнасці. Так, у Зміцеравым сінім рамане безупынку вядуцца размовы, а часам і маналогі адэптаў саветчыны і незалежнікаў — да іх далучаюцца і прасталыткі, і наркаманы, і алкаголікі.

У тэксце паўсюль бачыцца след мастака-абстракцыяніста: раман напісаны, бы намаляваны ў сініх тонах. На жаль, сярод чытацтва ёсць такія, хто хуценька прамінае ля такой карціны і жадае слінай нелюбові і неразумення запырскаць твор: так, адна беларуска Вільні набыла раман Зміцера, а потым неяк пад сакрэтам сказала мне, што гэта — не сіні, а сінюшчы раман. Шкада, што такое прызнанне аб непрачытанай кнізе часта дамінуе і ў нас, у выніку твор застаецца наводшыбе, на бяспечнай дыстанцыі… Але ёсць такія, хто паступова адкрываюць, любуюцца і прызнаюць авангарднасць, мастацкую смеласць і ўбудычынюбегласць рэдкага твору беларускай літаратуры. Крыху елка, што конкурсы і прэміі абмінулі ўвагай шматабяцальны твор, хоць так часта здараецца ў сусветнай практыцы, так часта было з беларускімі творамі, сталымі прызнанымі з крыўдным спазненнем. І потым сам аўтар скептычна ставіцца да прэміяў, бо і героі сіняга раману кажуць пра тое, што «прэміі проста ўплываюць на выбар пакупнікоў».

«Калі прыгледзецца — Марс сіні» — твор, да якога прыглядаюцца доўга і падазрона, у тым ліку крытыкі, накшталт крытыкесы з раману, якая расчаравалася ў літаратурным працэсе. Сам аўтар у працэсе не расчараваны, хоць і бачна, як часам няспеласць чытацтва і крытыкаў кідаюць яго ў роспач. Будзем спадзявацца на творчы працяг аўтара і на тое, што ён не перакінецца на пісанне кулінарных кніг і рэцэптаў.

Зрэшты, мова твору заслугоўвае ўхвалы і заўвагі — Зміцер так хораша і смачна жанглюе ўрбаністычнай размоўнай беларускай мовай, унікаючы русізмаў і зрэдчас дазваляючы сабе трасянкавыя звароты (бо так размаўляюць сучасныя беларусы), што на пэўны час забываеш пра сапраўдную моўную рэчаіснасць радзімы. Аўтар проста і так дакладна фемінізуе, хоць і гуляецца праз сваіх герояў у тое, што не ведае, як цяпер правільна казаць — паэтка, крытыкеса, вагонаважатая, бухгалтарка, знаёміца і падобнае, — не спыняецца перад звышмаралізмам і звышпаліткарэктнасцю, дазваляючы сабе паразважаць як просты чалавек, ці павінна паэтка быць прыгожай ці страшнай, ці з’яўляецца феміністка сябрам чалавека, ці можа хлопец набыць сабе гумавую дзяўчыну… Аўтар стварае цікавыя слоўныя гулянкі кшталту: дождж — Джаконда — ром «Пірат Джон», груз — ты загрыз — гарбуз, інтэлектуал — тэлеканал, інжынер — інжыр, платформа — форма — плафон і г.д. Таму твор да ўсяго становіцца моўнай гулянкай, сацыялінгвістычнай круцігалоўкай.

Сіні колер твору, кнігі, вокладкі, вядома, звязаны з Марсам, з кнігарняй «Марс», але да Марса рэальнага аўтар нас не вязе, не запускае, мы задавольваемся толькі прыгляданнем, угляданнем, але не ў далечы касмічныя, а ў нетры менскія. Менск паступова становіцца таксама сінім. Прыемнае ўражанне, здзіўленне ад таго, што і наш Менск можа быць такім марсіянскім, нягэтульным, дзівосным, казачным. Ведаю, што ў будучыні па Менску будуць ладзіць экскурсіі па мясцовых марсіянскіх маршрутах, апісаных пісьменнікам, як гэта, напрыклад, робяць цяпер у Парыжы па маршрутах Амелі Пулен.

Я не ведаю Зміцера, знаёмы з аўтарам хіба прыхапкам, але праз тое, што я так лёгка ў кнізе спазнаю Менск з ягонымі трамваямі, якія нагадваюць падводныя лодкі, дзівоснымі, барочнымі трамвайніцамі, крамамі, кавярнямі, пад’ездамі, кнігарнямі ў былых тэхнічных ці прамысловых будынках, з ягонымі ўсюльіснымі алкаголікамі і міліцыянтамі, я нібыта шчыльней знаёмлюся адначасова і з аўтарам, і з Менскам. І потым сіні Менск ці Менск у сіняй смузе вядомы мне са студэнцтва, а таму гэта не толькі марсіянскі колер.

Дарэчы, сам аўтар слушна і пастаянна фарбуе менскае паветра ў сіні колер ад «міліцэйскіх мігалак, кэдэбэшнага шэпту, п’яных позяхаў рабочых са шматлікіх заводаў» і параўноўвае яго з атручаным няўлоўным паралітычным газам. Шчырае апісанне сталіцы, прапанаванае аўтарам з такой любоўю і каліўкам суму, мяне задавальняе больш, чымся афіцыйная інфармацыя пра горад-герой: я хутчэй пагаджаюся са Зміцерам і з тым, што цяперашні Менск — горад-прывід, горад-інвалід з шырокімі праспектамі, у якія цяжка верыцца, якія не пераконваюць.

Зрэшты, калі зусім шчыра, то дзякуючы Зміцеру, я ўпершыню прачытаў такую кранальную оду Менску. Дзякуючы Зміцеру я зноў хачу пабачыць Менск, які пакінуў шмат гадоў таму…