Прэм’ера Горвата

У чэрвені — жніўні 2019 года я працавала ў журы Літаратурнай прэміі Ежы Гедройца. Лета выдалася гарачым, вясковым, насычаным падарожжамі і напоўненым прозай, выдадзенай летась па-беларуску. Уражанні запісваліся ў чытацкі дзённік, які мусіў заставацца ў шуфлядзе, пакуль не будуць абвешчаныя лаўрэаты.

hovat1.jpg

Лаўрэатамі сёлета сталіся Алена Брава з раманам «Садомская яблыня» (3 месца), Міхал Андрасюк з раманам «Поўня» (2 месца) і Ілля Сін з раманам «Libido» (абсалютны пераможца).

Цяпер, калі складзеныя ўсе рэйтынгі і раздадзеныя ўсе рэгаліі, я гатовая падзяліцца ўражаннямі ад прачытанага.

Пачынаю з кнігі, якая падчас чытання ў рэжыме «не сабе, а людзям» выклікала ў мяне як у сяброўкі журы невырашальную дылему. Якую, мусіць, адчуў і сам аўтар, бо скарыстаўся новаўвядзеннем Прэміі Гедройца і самаадвёўся ад удзелу ў прэміяльнай гонцы. За што яму, па шчырасці, вялікі дзякуй.

*****

Андрэй Горват. Прэм’ера. — Мінск: Медысонт, 2018.

У шостым класе настаўніца рускай літаратуры сказала нам, што мы цяпер не нейкі там пяты клас, а таму паводле метадычак мусім адвучвацца казаць аб прачытаным: «кніга мне спадабалася» або «кніга мне не спадабалася». Надыйшоў час вучыцца літаратурнаму аналізу. Гэтак ад веку 12 гадоў я пазбягала публічна любіць ці ненавідзець кнігі, пакуль не трапіла ў Беларускі Калегіюм. Дзе Максім Жбанкоў сказаў нам, што ўсё лухта: «спадабалася — не спадабалася» — асноўны крытэр любога крытыка культуры.

«Прэм’ера» Андрэя Горвата мне спадабалася. Яна дастаткова іранічная і сюрэалістычная, каб задаволіць мой густ, а вокамгненнасць, з якой Прудок змяняецца Берлінам, Амстэрдамам ці падмосткамі Купалаўскага — абсалютна ў маім тэмпе. Прачытала ў кагосьці параўнанне другой кнігі Горвата з палотнамі Шагала, калі ў краявіды Парыжа ўплеценыя віцебскія хаткі. Яно абсалютна дакладнае.

Мне спабадалася і тое, што пісьменнік разбівае лірычнага героя на «аўтара» і «персанажа», аддзяляючы іх адно ад аднога, як жаўток ад бялка шкарлупінкамі яйка. Плюс, відавочна іранізуючы з нейкіх невядомых мне крытычных закідаў адносна першай кнігі, уклейвае ў другую наўмысна неакрэслены жаночы вобраз, які называе «кардонным».

Спадабалася аднак толькі розумам. Прыём цікавы і празрысты, але калі ў першай кнізе мы мелі жывога — неістотна, аўтара ці персанажа — то ў другой у гэтым плане усё мёртва і глуха. Летась у чытацкай анкеце Радыё Свабода, якую я таксама запоўніла, былі пытанні: якія кнігі прымушалі вас апошнім часам смяяцца, і якія — плакаць. Да майго здзіўлення, маім адказам на абодва было: «Радзіва Прудок». Пра «Прэм’еру» я чагосьці такога не магу сказаць і блізка.

Параўноўваць розныя кнігі аднаго аўтара не зусім карэктна, а ў кантэксе Прэміі Гедройца — і супраць прынцыпаў, але з Горватам гэтага немагчыма пазбегнуць. Ад «Прэм’еры» ўва мне прачнулася злосць школьнай выдатніцы, якая не можа напісаць кантрольную на «дзясятку», бо настаўніца перамудрыла з заданнямі. Я прачытала «Радзіва Прудок», але ўсё адно пачувалася абдзеленай, бо не глядзела спектакль паводле кнігі, пастаноўку якога нібыта апісвае аўтар. «Прэм’ера» атрымалася рэччу ў сабе, феноменам, замкнёным у часе і прасторы, увязненым у кантэксце. Проза Горвата мае ўсе прыкметы тусовачнай літаратуры, створанай для асяроддзя, якое нумаруе анекдоты і смяецца пасля слова «каза». Чалавек, які выпадкова купіць «Прэм’еру», не ведаючы нічога пра першую кнігу, можа не зразумець, дзе тут каза і калі смяяцца. І гэта сумна з гледзішча нашага нованароджанага кніжнага рынку, які чакае супер-новую зорку, нібы старазапаветныя габрэі Месію.

Другая кніга Горвата — канстатацыя факту, што цэнтры прыцягнення ў літаратурным жыцці ў нас па-ранейшаму аўтары, а не выдавецтвы. Гэта, дарэчы, някепска для літаратуры як абсалюту, таму што няма нічога больш сумнага, чым таленты, пажэртыя кніжнай камерцыяй. Што было б, калі б Горват дэбютаваў у Расіі ці Польшчы? Інфа 100%: выдавец бы не даў яму забіць фэйсбук і пераключыцца з празаічных карацелек на буйнейшы фармат. Не даў бы зняць руку з пульсу мэтавай аўдыторыі. Грабі са свайго Прудка ў Варшаву, Парыж, Вільню — хоць у Антарктыду, сказаў бы гэты дзялок, але толькі рабі, як было. Таму што гэта ўжо спрацавала.

Андрэй Горват — чалавек і параход: кніга, спектакль, медыя-канал, рыэліці-шоў і крафтавае піва, якое нехта прысвяціў ягонай казе. Андрэй Горват — брэнд, і гэта выклікае непадробны інтарэс, пачуццё гонару, жаданне патроліць або ўзяць аўтограф — хто на што вучыўся. І кніга тут храналагічна далёка не першы элемент іміджу, але элемент скрайне неабходны. Кніга павінна быць. Кніга ёсць нават у Ірыны Кабасакал — і пытанне часу, калі яна з’явіцца ў Люсі Лушчык. Якая даўно ўжо Люцыя Герашчанка, але каго тое хвалюе — і гэта лішняя ілюстрацыя праблемы Горвата-селебрыці. Як «Марыя Мартысевіч» я цалкам разумею «Андрэя Горвата», але як Марыйка магу прадбачыць, што яму яшчэ доўга давядзецца пазбаўляцца ад свайго Эдзічкі — Андрусіка Іванавіча. І няясна, ці яно наагул трэба.

Але вернемся да кнігі. Калі літаратура — толькі складнік удалага і цэльнага брэнду, то літаратурны аналіз бачыцца тэхнічнай праблемай. Частку нельга разглядаць без цэлага, але калі стаіць задача выставіць ацэнку выключна кнізе, без усяго мерчу, ёсць рызыка, што такая ацэнка не будзе аб’ектыўнай. Бо піва «Горватава каза» нельга намінаваць на Прэмію Гедройца.

Зрэшты, галоўнае, што пацвярджае «Прэм’ера»: Горват душэўна піша. І ў тым, як ён піша, адчувальны імпэт пісаць. Застаецца надзея, што калі-небудзь беларусы прагаласуюць за тое, каб у космас у беларускай ракеце паляцела менавіта кніга Андрэя Горвата — і гэта нават будзе не «Радзіва».

На развітанне — тусовачны лімерык. Вы ведаеце, пасля якога слова смяяцца.


Малады літаратар з Прудка

Абяцаў нам: ні дня без радка.

Ды радкі піша ў .doc,

І Парыж — не Прудок

Тчэ, казы не даіўшы, рука.