Пінокіа загаварыў і па-беларуску. А ў Наваградку адшуквалі цуды на гары Міндоўга

Адразу дзве дзіцячыя кнігі прэзентавалі выдавецтва «Галіяфы» і «Акадэмкніга».

Фота akademkniga.by

Фота akademkniga.by

Міхась Зізюк напісаў прыгодніцкі твор «Таямніца гары Міндоўга». Чацвёра неразлучных сяброў выправіліся ў падарожжа. Бо адзін з бацькоў абмовіўся, што бачыў нешта незвычайнае на старадаўняй гары Міндоўга, якая знаходзіцца ў Наваградку. І ім захацелася даведацца, што там такое.

Дзяцей зацікавіла, што там было нейкае ззянне, быў шум незвычайны. І ім падалося, што там могуць быць скарбы. А скарбы, канечне, трэба шукаць. Вось з гэтага ўсё і пачалося. З простай дзіцячай зацікаўленасці вырасла незвычайная прыгода.

16d129be_401d_4770_89e8_9c785cc87c3c_w1080_h608_s_b.jpg

Як распавёў аўтар, падзеі пераносяцца ў ХVIІ стагоддзе, у той час, калі ішла вайна з Масковіяй. Калі было самае першае вялікае разбурэнне Навагрудскага замка казакамі Залатарэнкі. І вось яго героі трапілі ў самыя драматычныя часы.

«Я не першы год у літаратуры, — адзначыў Міхась Зізюк. — Я заўважыў, што не хапае падлеткавай літаратуры. Дзіцячай хапае, і перакладаюць, і пішуць многа. Я сам напісаў дзве дзіцячыя кніжкі. А вось падлеткавы ўзрост, ад 10 да 15 гадоў, ну практычна няма. І гэта першае, чаму мне прыйшла ідэя напісаць гэту кнігу. А другое, мне захацелася зацікавіць дзяцей, каб яны палюбілі сваю гісторыю.

У гэтай аповесці на прыкладзе ўсяго толькі аднаго раёна дзеці ўбачаць, колькі было ў нас знакавых аб’ектаў. Многія з якіх страчаныя, канечне. Але гэтым я хацеў паказаць, што гісторыя ў нас незвычайна багатая. І хоць не ўсё захавалася, але мы павінны ведаць, што было. Любіць і ганарыцца тым, што мы нацыя, багатая не толькі на лясы і балоты. Але багатая на культуру. І вось гэтую культуру адназначна трэба ведаць дзецям».

Зміцер Вішнёў з выдавецтва «Галіяфы» адзначыў творчы дэбют Лізаветы Валанцэвіч і Настассі Юстус: «Кніга аформлена маладымі мастачкамі вельмі разнапланава. Добра папрацаваў з Міхасём Зізюком і Віктар Жыбуль, які хваліў кнігу як рэдактар. Што вельмі важна. Таму што Віктар таксама добры спецыяліст у сваёй галіне. І ён не будзе проста нахвальваць. Прыгодніцкая кніга, якіх на сённяшні дзень не хапае. Пошук скарбаў — вечная тэма».

Фота ulej.by

Фота ulej.by


Другая важная падзея — знакамітая кніга Карла Калодзі«Прыгоды Пінокіа» упершыню пабачыла свет на беларускай мове. Яўген Салейчук пераклаў твор з італьянскай мовы. Малюнкамі кнігу аздобіў мастак Андрэй Пазняк. Рэдактар — Аксана Спрынчан.

«Я з таго пакалення, якое вырасла на Бураціне і нават не ведала, што гэта, можна сказаць, скрадзены персанаж, — сказала Аксана Спрынчан. — І калі я даведалася, як усё было, канечне, мяне не мог не захапіць лёс кнігі пра Пінокіа. Мне было шкада, што яе няма па-беларуску. Калі з’явіўся перакладнік з такой прапановай, канечне, я ўзялася. Праца была і складаная, і цікавая. І мне пашанцавала вось менавіта ўжо ў дарослым узросце прачытаць гэту кнігу для сябе. Я шчаслівая, што цяпер пра Пінокіа змогуць чытаць беларускія дзеці. Вельмі цікавая кніга. Мне падаецца, што яна больш філасофская ў параўнанні з Бураціна. І яна будзе цікава чытацца і дарослымі».

Фота ulej.by

Фота ulej.by


— Чаму вы ўзяліся за выданне такіх кніжак? — запыталі ў Змітра Вішнёва.

Ну якіх, добрых кніжак. Мы на тое і выдавецтва, каб выдаваць добрыя кніжкі. Мне здаецца, мы выдалі тыя кніжкі, за якія нам не сорамна. Мы толькі мусім ганарыцца.

— Наколькі запатрабавана дзіцячая літаратура, які попыт на яе?

Літаратуру для дзяцей насамрэч выдаваць цяжэй за ўсё,— распавёў Зміцер Вішнёў. —  Гэта так здаецца, што прасцей. Гэта складаней і даражэй. Мы выдаем самую разнапланавую літаратуру. І вось мы выдалі кнігу Карла Калодзі «Прыгоды Пінокіа», якую ніхто дагэтуль, на жаль, не выдаў. Мы першыя ў Беларусі. Гэта першы пераклад на беларускую мову. Уся каманда выдавецтва спрацавала належным чынам. У выніку тое, што выйшла, мне падаецца, гэта пачэсная справа. Выдатны пераклад Яўгена Салейчука. Дзякуючы карэктарскай, рэдактарскай і мастацкай працы ўсё атрымалася як мае быць.

Я думаю, што гэтыя кніжкі вельмі патрэбныя, і яны будуць запатрабаваныя. Праблема ў тым, што ў нас шалёныя падаткі, якіх няма ні ў каго з нашых суседзяў. У нас шалёная паліграфія, якая каштуе неверагодных грошай — і таму мы вымушаныя нашыя кніжкі друкаваць у Літве. На жаль, менавіта якасная паліграфія ў нас для нас нават непад’ёмная. І нам танней надрукаваць у Літве, прывезці, растаможыць, транспартаваць, чым тут надрукаваць на месцы. І гэта ўсё пытанне да нашай сістэмы.

Вялікія падаткі, тыражы малыя, кнігі дарагія. Усё ўзаемазвязана. Чытачоў хапае, грошай няма ў чытачоў, гэта праблема. Трэба змяняць штосьці з нашымі падаткамі. У гэтым праблема.

Фота ulej.by

Фота ulej.by


Першая пакупніца кнігі пра Пінокіа па-беларуску распавяла, для каго яе набыла: «Унучцы Машы месяц будзе. Я купіла для яе бацькоў, каб чыталі потым унучцы. Гэта на будучыню. Яны купілі ў Італіі кнігу пра Пінокіа на англійскай мове. А я ім — па-беларуску. І самі яны шмат на беларускай мове чытаюць кніг. І каб самі пачыталі, і ўнучку потым навучаць».

Набыць прэзентаваныя кнігі можна па ўсёй Беларусі. Акрамя «Акадэмкнігі», гэта і «Белкніга», Oz.by, Biblio.by  і малыя распаўсюднікі. «Таямніца гары Міндоўга» выдадзена накладам 700 асобнікаў, «Прыгоды Пінокіа» — 1000 асобнікаў.