Школьнікі ў Дзятлаве плацяць, каб схадзіць на фізкультуру. Як так?
Бацькі школьнікаў у Дзятлаве Гродзенскай вобласці мусяць плаціць грошы за заняткі плаваннем. Гаворка ідзе пра ўрокі фізкультуры ў басейне, якія прадугледжаны школьнай праграмай, — 16 гадзін у чвэрць. Як так сталася, што сярэдняя адукацыя ў краіне бясплатная, але бацькам даводзіцца плаціць за школьныя заняткі? Можа, у нас хутка ўвядуць аплату іншых урокаў, напрыклад працы ці малявання, задаецца пытаннем «Еўрарадыё».
Праблему платных заняткаў у басейне ў Дзятлаве ўзняў мінскі настаўнік Сяргей Альшэўскі. Пра гэта яму расказалі бацькі мясцовых школьнікаў.
«Міністэрства адукацыі прыдумала ўвесці плаванне ў вучэбную праграму, дык няхай прыдумае, як за гэтае заплаціць, — кажа «Еўрарадыё» Альшэўскі. — Але не бацькі мусяць за гэта плаціць. Чыноўнікі дэкларуюць, што ў вучняў мусяць быць роўныя ўмовы, дык няхай яны будуць роўныя і ў правінцыі, і ў сталіцы [у Мінску вучні наведваюць басейн у межах школьнай праграмы бясплатна. — «Еўрарадыё»]».
Напрыклад, для сем’і з трыма школьнікамі заняткі ў басейне абыходзяцца ў 72 рублі, падлічвае ён. Для Дзятлава з сярэднім заробкам 300–400 рублёў гэта немалыя грошы.
«Дзе вы бачылі, што басейны бясплатныя?»
Басейн у Дзятлаве працуе на базе мясцовага ЖКГ. У адрозненне ад Мінска, дзе басейны існуюць пры школах, адносіцца ён не да сістэмы адукацыі. Менавіта гэтым дырэктар Дзятлаўскай ЖКГ Сяргей Луня тлумачыць платныя заняткі.
«Дзе вы бачылі, што басейны бясплатныя? Ёсць цана аднаго наведвання басейна. Пытанні не да мяне. Да пабачэння», — коратка адказаў ён на пытанні «Еўрарадыё».
На думку Сяргея Альшэўскага, рэч у тым, што басейн у Дзятлаве не карыстаецца папулярнасцю, а выконваць план па платных паслугах трэба.
«Кіраўніцтва басейна не можа прыцягнуць карыстальнікаў, а грошы трэба зарабляць, план даводзіцца ўсім, — гаворыць «Еўрарадыё» настаўнік. — Плаванне на фізкультуры — гэта вучэбны працэс. І за вучэбны працэс нельга браць грошы, таму што мы ўжо заплацілі падаткі. Калі б гэта быў нейкі прыватны басейн ці дадатковыя заняткі, дык я б не спрачаўся. А атрымліваецца, што гэта платны ўрок фізкультуры».
Райвыканкам: дзеці плацяць не за заняткі, а за арэнду
Летась у жніўні Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 295, згодна з якім школьнікі могуць бясплатна наведваць дзяржаўныя спартыўныя комплексы. Ці чулі пра гэта чыноўнікі Дзятлаўскага райвыканкама і чаму ў раённым цэнтры платныя ўрокі фізкультуры?
Намесніца начальніка аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Алена Жадзейка расказала «Еўрарадыё», што ўсе ўрокі бясплатныя, а дзеці… толькі даплачваюць за арэнду і паслугі ЖКГ.
«За наведванне басейна плацілі, але не цалкам. Толькі 50%, каб было танней, — гаворыць чыноўніца. — Але разглядаем пытанне, каб было бясплатна арганізавана плаванне. Мы арандуем [басейн. — «Еўрарадыё»], і за гэтую арэнду дзеці і даплачвалі. Дакладней, нават не за арэнду, а за паслугі ЖКГ».
У тое, што для сям’і, дзе некалькі школьнікаў, паход у басейн абыходзіцца ў капейчыну, прадстаўніца райвыканкама не верыць.
«Басейн знаходзіцца не на базе ўстановы адукацыі, — працягвае чыноўніца. — Чаму плацяць за харчаванне? Не думаю, што ў круглую суму выліваецца, улічваючы, што палову аплачвае бюджэт райвыканкама».
Мінадукацыі: урокі фізкультуры ў Дзятлаве бясплатныя
У сваю чаргу прэс-сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая заявіла «Еўрарадыё», што плаціць за ўрокі фізкультуры ні ў якім разе нельга. Па яе словах, пасля званка нашага журналіста міністэрства звязалася з Дзятлаўскім райвыканкамам.
«Начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага раёна паведаміла, што заняткі фізкультуры ў басейне бясплатныя. У рамках школьнай праграмы за заняткі плаціць не трэба», — расказала Высоцкая.