Беларускі вытворца печыва адмаўляецца ад пальмавага алею

Найбуйнейшы вытворца печыва ў Беларусі, кандытарская фабрыка «Слодыч», мінімізуе выпуск прадукцыі на пальмавым алеі. У першую чаргу гэта тычыцца дзіцячага асартыменту — прысмакі для дзетак гатуюцца выключна на сметанковым масле і сланечнікавым алеі.

peczene.png


«Зараз стаўленне да пальмавага алею вельмі неадназначнае: апублікаваныя дзясяткі навуковых работ з зусім рознымі высновамі. Згодна з беларускімі даследаваннямі, пальмавы алей шкодны. Нашы навукоўцы рэкамендуюць цалкам выключыць яго з дзіцячага рацыёну і мінімізаваць яго ў прадуктах для дарослых. Гэта мы і робім», — сцвярджаюць у кампаніі.

У «Слодычы» адзначаюць, што праводзяць пастаянны маніторынг асартыменту кандытарскіх вырабаў з мукі ў гандлёвых сетках. Згодна з ім, на беларускіх паліцах складана знайсці дзіцячае печыва без пальмавага алею ад іншых вытворцаў: «хіба што хтосьці вырабляе дарагое крафтавае і маленькімі аб'ёмамі».

Сярод уласнага асартыменту асаблівы гонар кампаніі — новая лінейка дзіцячага «развіваючага» печыва «Знайка-зазнайка» з рознымі смакамі. Яшчэ на стадыі тэставання яно заваявала залаты медаль міжнароднага конкурсу Superіor Taste Award, які праводзіцца Іnternatіonal Taste Іnstіtute ў Брусэлі (Бельгія).

Па словах галоўнага тэхнолага прадпрыемства Марыны Ярошкінай, пры вытворчасці гэтага печыва выкарыстоўваюцца выключна натуральныя інгрэдыенты: на ўпакоўцы няма ні адной Е. Асаблівасці смаку дасягаюцца за кошт кавалачкаў садавіны і ягад (апельсін, яблык, чарніцы) італьянскай вытворчасці. Таксама зніжана ўтрыманне цукру, а салодкім печыва атрымліваецца за кошт дадавання натуральных сокаў.

Да таго ж прысмакі накіраваныя на развіццё дзетак: у лінейку ўваходзяць пячэнькі, зробленыя ў форме літар, лічбаў, геаметрычных фігур і сілуэтаў розных жывёл. «З дапамогаю нашага печыва можна складаць словы ды сказы. Яно дазваляе дзецям вучыцца ў гульнявой форме і знаёміцца з навакольным светам, а бацькам — не турбавацца наконт якасці прадукту, адмыслова створанага для дзяцей. Таксама мы запланавалі выпуск печыва без цукру для дзяцей ва ўзросце ад 6 месяцаў», — распавядае начальнік аддзела маркетынгу і рэкламы Людміла Аляксеенкава. Усяго з канвеера «Слодыча» за гадзіну сходзяць больш за 50 тысяч дзіцячых пячэнек.

НАН Беларусі на працягу 4 гадоў праводзіла даследаванні пальмавага алею — спачатку на пацуках, а затым на добраахвотніках. Вынікі, што агучыў генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні Зянон Лоўкіс, несуцяшальныя: літаральна праз 3 месяцы ва ўсіх добраахвотнікаў павысіўся ўзровень агульнага білірубіну, парушыліся метабалічныя працэсы ў печані, пагоршыўся стан сасудаў.

Паводле прэс-рэлізу