Пластыкавы посуд у грамхарчы забароняць з 2021 года

Забарона на выкарыстанне і продаж у аб'ектах грамадскага харчавання аднаразовага пластыкавага посуду ўводзіцца з 1 студзеня 2021 года, паведамляе zviazda.by са спасылкай на Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Фота з сайта grodnonews.by

Фота з сайта grodnonews.by

Пастановай Савета Міністраў ад 27 лістапада 2019 года №797 унесеныя змены ў правілы продажу асобных відаў тавараў і ажыццяўлення грамадскага харчавання і Палажэнне аб парадку распрацоўкі і зацвярджэння асартыментнага пераліку тавараў.

"Патрабаванні дакумента накіраваныя на скарачэнне выкарыстання ў аб'ектах грамадскага харчавання аднаразовага пластыкавага посуду. У прыватнасці, пастановай з 1 студзеня 2021 года ўстанаўліваецца забарона на выкарыстанне і продаж у аб'ектах грамадскага харчавання аднаразовага пластыкавага посуду, у адпаведнасці з пералікам, які распрацоўваецца МАРГ", — праінфармавалі ў ведамстве.

Аднак які менавіта посуд забароняць, і ці пазбавіцца грамхарч наогул ад усяго пластыкавага посуду, пакуль не зразумела. Пералік аднаразовага пластыкавага посуду будзе вызначаны Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю ў трохмесячны тэрмiн з дня афіцыйнага апублікавання пастановы. Нагадаем, у Беларусі ў гэтым годзе была прынятая дырэктыва № 7, у якой гаворыцца аб паэтапным зніжэнні колькасці поліэтыленавай упакоўкі і замяшчэнні яе пакаваннем бяспечным, у тым ліку са шкла і паперы.
Еўрапарламент у канцы сакавіка ўвёў на тэрыторыі ЕС забарону на аднаразовыя пластыкавыя талеркі, кантэйнеры, кубкі, посуд для фастфуду, відэльцы, нажы, лыжкі. Табу накладзена таксама на вытворчасць кактэйльных саломінак і ватных палачак. Еўрапейскі закон уступіць у сілу таксама ў 2021 годзе.