Данбас у ценю імперыі хлусні

Сёлетняя карціна «Данбас» Сяргея Лазніцы, якую вельмі баяцца паказваць у Беларусі, — гэта дакладны аналіз гібрыднай вайны, дзе зброяй з’яўляецца тэлекамера, а хлусня — падставовым правілам. Але ці толькі пра Данбас ідзе гутарка?

m.media-amazon.com

m.media-amazon.com

Пачалося ўсё з тэлевізара.
Грымёры малявалі кабетам пісягі пад вачыма, падабраны быў ужо рэквізіт, мітусілася здымачная група: стары мусіў выглядаць згаладалым, старая — зляканай.
Яны беглі зладжаным камандным гуртам, чакалі апошніх выбухаў і, як заўжды, па камандзе, уголас спавядаліся на тэлекамеру. Простыя людзі-акцёры гралі простых людзей Данбасу, якія пакутуюць ад «бандэраўскай хунты» — і дзеляцца гэтымі пакутамі з расійскаю тэлевізіяй — на тле свежаакрываўленых трупаў.
Карціна Сяргея Лазніцы «Данбас» пачынаецца са сцэны фальшывых навінаў, што разыгрываюцца і ставяцца адмыслова на тэлекамеру. Азызлая кабета гучна дакарае сваіх сяброў з масоўкі за ляноту і непрафесіяналізм.Мы ўсе бачылі такія навіны: круглатварая крыклівая цётка ў адным расійскім рэпартажы паспела пабыць кіеўлянкай, у другім — адэсіткай, а ў трэцім — аплакала забітага баевіка Матаролу. А дзесьці ў суседнім кадры тулілася сведка пяцігадовага хлопчыка, «укрыжаванага кіеўскай хунтай», якую ў гэтым выпуску панізілі да ролі забінтаванай кантужанай. Меліся і гаваркія казакі, якія змагаюцца «з Амерыкай і фашызмам» ды й узасос цалуюць абразы.
За аснову свайго ігравога трагіфарса Сяргей Лазніца ўзяў дакументальныя кадры данбаскіх падзей, шырока прадстаўленыя ў інтэрнэце. Сярод крыніц-дакументаў былі і шумныя вяселлі, і дагляды людзей на прапускных пунктах, і пакаранне ўкраінскага добраахвотніка, прывязанага да ганебнага слупа ў акупаваным мястэчку.Рэжысёр-дакументаліст паставіў гэтыя сцэны, запрасіўшы паўтарыць іх акцёраў і жыхароў Крывога Рога, што на неакупаванай тэрыторыі Украіны (некаторыя ўкраінцы граць сепаратыстаў катэгарычна адмовіліся). У фільме, складзеным з кароткіх эпізодаў-падзей, няма аднаго героя, а гісторыя разгортваецца праз другасных персанажаў, якія ў наступнай сцэне становяцца галоўнымі, каб потым увогуле знікнуць. Падобную структуру меў сюрэалістычны «Прывід свабоды» Луіса Бунюэля — і Лазніца свядома арыентаваўся на гэтую стужку. Але данбаскі сюрэалістычны гратэск намалявала само жыццё.

m.media-amazon.com

m.media-amazon.com

Ігравое кіно паўтарае дакумент, але і дакумент-крыніца, у сваю чаргу нядбала капіруе ігравыя стужкі і старыя клішэ. Так мажная ўзброеная кабета, якая даглядае пасажыраў-«дэзерціраў» (была ў навінах — і ёсць у кіно) — гэта копія колішняй «Камісаркі», сыгранай Нонай Мардзюковай, а начальнік паліцыі «Наваросіі» вядзе сябе з бізнесменам, як савецкі ўпаўнаважаны са спекулянткаю (увасобленай Фаінай Ранеўскай).
Карыкатурны казак пазычыў мянушку «Чапай» (у арыгінале — «Бабай») з аднайменнага савецкага фільму, а ягоныя «калегі» з нагайкамі нагадваюць злыя постаці з гісторыка-рэвалюцыйных карцін. Толькі гэтыя постаці-карыкатуры чамусьці вырашылі дакладна ўвасобіць муштроўна-катавальніцкія практыкі часоў Мікалая І (Леў Талстой у падтэксце, салодкія царкоўныя званы па-за кадрам). Зрэшты, нейкая антыфашысцкая царкоўная арганізацыя, увогуле, ладзіць тур святых мошчаў Чурылы Плёнкавіча, які ў сваім фальклорным жыцці быў эратычным героем.
Фарс дасягае піку ў сцэне вяселля Анжэлы Купердзягінай і Івана Яешніцы, спісанага з данбаскае цырымоніі шлюбу «апалчэнкі Лялькі і апалчэнца БМВ». І гэта ўжо Гогаль з ягоным нястрыманым гратэскам.

m.media-amazon.com

m.media-amazon.com

У фарсе мана падмяняе і топча праўду — і выдаецца за рэальнасць, а знявечанае жыццё хаваецца ў падзямеллі. Мірныя месцічы ўцяклі ад выбухаў і вайны ў склеп, дзе цвіль, бруд, цемра і волкасць. Дачка, якая наблізілася да верхаводаў «народнай рэспублікі», прыехала да сваёй старэнькай матулі — і аніяк не можа дагрукацца да яе. Старая абірае застацца ў склепе, чым выбрацца на сцэну падробленага жыцця. Але й гэта падробленае жыццё — бясконцымі выпускамі фальшывых навінаў само спускаецца ў склеп і навісае над месцічамі.

m.media-amazon.com

m.media-amazon.com

Тэлевізійныя экраны і камеры тэлефонаў узмацняюць і правакуюць зло. Спачатку маладыя людзі проста фатаграфуюцца з вязнем, прывязаным да ганебнага слупа, але потым, распаленыя запісанымі кадрамі, пачынаюць яго збіваць, прыцягваюць іншых — і вось ужо натоўп лінчуе састарэлага чалавека. «Скажы толькі адно: хто табе заплаціў?» — крычаць раз’юшаныя кабеты і чарназубыя мужчыны, танклявыя дзяўчыны і хлопцы-гопнікі.

m.media-amazon.com

m.media-amazon.com

У свеце фальшывых навінаў няма сумлення, і няма праўды, а за ўсім відочным заўжды хаваецца злы лялькавод. Калі нямецкі журналіст трапляе на Данбас, то ўсё ніяк не можа дазнацца: «А хто тут кіраўнік?» Сапраўдныя ваенныя кіраўнікі, скіраваныя суседняй дзяржавай, адмаўляюцца прызнавацца — і з рогатам паказваюць на абсурдна-фальшывых аперэткавых персанажаў, якія ахвотна крыўляюцца на камеру. Хлусня дэманстратыўна адмаўляецца ад адказнасці і замест сябе падстаўляе іншых.
Гэта гібрыдная вайна імперыі хлусні.
Калісьці раней вайна была канвенцыйная: гэта былі бітвы каралеўскіх, рыцарскіх войскаў, а дзесьці ў тле цярпелі ад вайны мірныя жыхары.
Вайна ХХ стагоддзя павысіла статус мірнага жыхара: бітвы адбываліся з апорай на масы насельніцтва, па якіх ужо маглі наносіцца ўдары, каб прымусіць варожае войска капітуляваць.
У вайне партызанскай абодва бакі ўжо змагаліся за насельніцтва: акупанты страшылі яго ці перацягвалі на свой бок, а партызаны — абапіраліся на падтрымку.
Нарэшце, у гібрыднай вайне войскі — толькі тло для сапраўднай вайны супраць мірных жыхароў. Вайна вядзецца супраць іх, іхнім коштам і, часам, іхнімі сіламі. Зброя — толькі дадатак да тэлекамеры, усё робіцца з тэлекамерай, пад тэлекамеру — і для яе, а палі бітвы — людская свядомасць.

m.media-amazon.com

m.media-amazon.com

Імперыя хлусні гібрыднай вайной трымаецца і будуе сваю піраміду хлусні.
На самым доле — тыя, хто хлусні вераць. Яны ўпускаюць хлусню ў сваё сэрца і ў свае думкі, яны прыслухоўваюцца да яе, цешацца маной — і выплёўваюць ману ў выкрыках, спрабуючы заглушыць голас уласнага сэрца. Яны абураюцца, лінчуюць, рагочуць. Яны — ахвяры, і яны — ужо каты.
На другім узроўні — тыя, хто падыгрываюць хлусні. Яны хлусяць свядома, атрымліваючы за гэта кавалак хлеба і дробныя грашы, гэта шараговыя журналісты хлуслівых тэлеканалаў ды й нанятыя акцёры масоўкі (з якіх пачынаўся і якімі завершыўся фільм).
Нарэшце, на самым версе піраміды хлусні — тыя, хто ёй кіруюць. Яны арганізуюць усё. Але заканамерна, што хлусня, у рэшце рэшт, забівае ўсіх сваіх носьбітаў. Яна забівае і месціча, які з пенаю ў роце хлусню адстойваў, і сваіх акцёраў, якія ўжо не спатрэбяцца, нарэшце, хлусня падрывае саміх арганізатараў піраміды, бо тыя зашмат ведаюць.

wikimedia.org

wikimedia.org

На прэм’еры ў Крывым Рогу Лазніца папярэдзіў: калі нехта звязаўся з д’яблам, той можа яго скарыстаць — у тым ліку ў якасці трупа для наступнага сюжэта навін.
І гэта падставовае правіла імперыі хлусні, у ценю якой апынуўся Данбас.
Зрэшты, хіба Данбас толькі?