Вядомы кінакрытык выступіў супраць цэнзуры
Кінакрытык Андрэй Расінскі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку надрукаваў зварот да кінаграмадскасці, гледачоў і міжнароднай супольнасці з патрабаваннем скасаваць "цэнзуру кінаненавіснікаў" і адправіць іх "у глыбокую адстаўку".
У звароце адзначаецца, што "ўсталяванне міністэрскай цэнзуры над Нацыянальным конкурсам “Лістапад” пагражае знішчыць самую буйную міжнародную кінапляцоўку Беларусі. У фестываляў ёсць свае цвёрдыя правілы, і галоўнае з іх – незалежнасць адбору, адмененае міністэрскімі чыноўнікамі.
Некампетэнтным чыноўніцам і чыноўнікам, якія ненавідзяць кіно так жа моцна, як і не ведаюць, месца не ў культуры, а ў глыбокай адстаўцы".
Нагадаем, што 23 кастрычніка, падчас прэс-канферэнцыі "Лістапада" стала вядома, што цяпер дырэкцыя фестывалю не будзе прымаць удзел у выбары фільмаў для нацыянальнага конкурсу. Канчатковае рашэнне будзе за камісіяй, на чале якой — першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга.
Пасля гэтага Андрэй Расінскі прапанаваў байкатаваць "Лістапад". Але ў выніку ўдзельнічаць у фестывалі адмовіліся толькі Ева-Кацярына Махава і Дзяніс Пуцікаў — аўтары дакументальнага фільма "Перазімаваць".
Андрэй Расінскі заклікае іншых мастакоў падтрымаць свабоду творчасці і свабоднае кінажыццё ў Беларусі і прапануе ўсім, хто згодны, падпісацца пад яго пастом у каментарах.
"Фестывалю – ягоныя паўнамоцтвы, кінематографу – свабоднае развіццё!Не – цэнзуры кінаненавіснікаў!Жыве беларускае кіно!"