Драматург Курэйчык гатовы прадаць сцэнар «замаху на Лукашэнку» Галівуду

Але пры гэтым сцэнарыст адзначае, што за агучаную суму, выдадзеную на «замах» — 11 млн. долараў, — высокабюджэтны баявік зняць немагчыма.

andriei_kurieichik_my_vsie_umriem_a_film_ostanietsia.png.jpg


Сённяшнія падзеі ў Беларусі і прапагандысцкія фільмы, дзе распавядаецца пра тэрарыстаў, кулямёты і джыпы, драматург і рэжысёр Андрэй Курэйчык назваў сцэнарам «Мы, браты-2».

«Калі памятаеце, быў такі фільм з Эрыкам Робертсам, дзе асноўную ролю грала служба бяспекі прэзідэнта і нібыта планавалася “каляровая рэвалюцыя” ў нашай краіне па аналогіі з Егіптам — удакладніў ён у эфіры "Еўрарадыё". — Тут яны пайшлі далей. Нам распавядаюць — і гэта проста фантастычна прыгожа: 150 джыпаў з кулямётамі, якія нейкім чынам без растаможкі праедуць ад Гудагая да Мінска, акружаць гэтую няшчасную рэзідэнцыю і ўсіх там расстраляюць».

Вядучы «Еўрарадыё» Зміцер Лукашук спытаў Курэйчыка, ці пагадзіўся б ён прадаць сцэнар гэтага баевіка Галівуду?«Чаму не? Тут мы сапраўды маем шмат фантазіі: гранатамёты і ўсё астатняе. Калі адміністрацыя Лукашэнкі гатовая замовіць мне гэты сцэнар, я нават вярнуся са Славакіі, каб яго напісаць, і мы прададзім яго Галівуду», — іранізуе рэжысёр. Праўда, пры гэтым ён удакладніў, што для добрага баевіка трэба болей грошай, чым для перавароту ў Беларусі: за 11 мільёнаў долараў зняць высокабюджэтнае кіно не атрымаецца.

Пасля гэтага Андрэй Курэйчык адкінуў жарты і пракаментаваў падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі.

«На маю думку, на вялікі жаль, ФСБ Расіі і ўлады Беларусі скарысталіся пэўным глупствам гэтых людзей (абвінавачаныя ў "замаху" Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў і Юрась Зяньковіч. — НЧ.). Я выдатна разумею логіку падзей. Яна наступная: калі нельга змяніць уладу законным шляхам, праз выбары, — а яе нельга так змяніць у Беларусі, як паказаў 2020 год — людзі пачынаюць фантазіраваць, думаць, як яна змяняецца ў іншых краінах. А варыянтаў усяго тры: гэта пераварот (і мы гэта бачылі шмат разоў у розных краінах), гэта інтэрвенцыя, калі прыходзіць іншая дзяржава і ставіць “свайго чалавека”, і гэта смерць дыктатара», — сказаў Курэйчык.

«Людзі сталі гэта абмяркоўваць і, як яны думалі, знаходзячыся ў бяспецы, нагаварылі лішняга. Мабыць, іх падчапілі на нейкі ГБшны кручок, выцягнулі ў Маскву, там разгаварылі яшчэ больш. І цяпер гэта памножылася на гэтыя “джыпы, ЦРУ, ФБР” і ўсё астатняе і нам уцюхваецца», — дадаў ён.

Драматург лічыць, што ў такой краіне, як Беларусь, злачынства — нават думаць, размаўляць пра тое, што можна «прыбраць Лукашэнку», не кажучы ўжо пра тое, каб дзейнічаць. «І атрымліваецца, мы ў нейкім заганным коле: праз выбары не прыбярэш, а па-іншаму ён сыходзіць не хоча», — адзначыў ён.

Пры гэтым Андрэй Курэйчык падкрэсліў, што ўсё роўна народ зрабіў свой выбар, усе гэта бачылі сваімі вачыма.

«У тым, што хваляванні будуць працягвацца, у мяне няма ніякіх сумневаў. Таму што сітуацыя для людзей працягвае пагаршацца, будуецца канцлагер. А ў канцлагеры заўсёды бываюць паўстанні, і чым больш ты закручваеш гайкі, тым больш людзі пачынаюць паўставаць, коштам страшных рызык, коштам свайго жыцця часам. І ты не можаш спыніць гэты працэс, таму што сам, як турэмшчык, яго запусціў», — сказаў на заканчэнне беларускі драматург і рэжысёр.