«Ого, гэта я!»: хто стаў 9-м фігурантам справы аб «замаху на Лукашэнку»

Хто такі Віталь Макаранка, які стаў дзявятым фігурантам справы аб «дзяржаўным перавароце», высвятляла «Еўрарадыё».

glavnaya_7.jpg

Раніцай 30 красавіка стала вядома пра дзявятага фігуранта справы аб «замаху на Лукашэнку». Ім стаў нехта Віталь Макаранка. Мяркуючы па публікацыях у дзяржаўных СМІ, запыт на яго экстрадыцыю неўзабаве будзе адпраўлены ва Украіну.

Да таго было вядома пра васьмярых фігурантаў справы. Чацвёра з іх: Аляксандр Фядута, Юрый Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч — затрыманыя і знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Яшчэ чацвёра: Зміцер Шчыгельскі, Аляксандр Перапечка, Павел Кулажэнка і Ігар Макар — за мяжой. Віталь Макаранка згадваецца ўпершыню.

Чалавек з такім імем і прозвішчам знаходзіцца ў Партыі БНФ, якую ўзначальвае Кастусёў. Раней ён кіраваў магілёўскай абласной арганізацыяй партыі. Дарэчы, Кастусёў таксама з Магілёўскай вобласці і нават затрыманы быў на радзіме ў Шклове.

17 красавіка на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Макаранка павіншаваў Кастусёва з Днём нараджэння і выказаўся пра крымінальную справу, фігурантам якой неўзабаве станецца сам:

— Вельмі шкада, што ён вымушаны сустракаць Дзень нараджэння ў вязніцы, дзе заточаны па абсурдным абвінавачанні.

Некалькі гадоў таму Віталь Макаранка пераехаў ва Украіну. Намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што Макаранка застаецца сябрам Сойма БНФ, але апошнім часам аб'ектыўна не меў магчымасці займацца партыйнымі справамі.

— Цяпер ён кіраўніком не з'яўляецца — з таго моманту, як выехаў ва Украіну. Думаю, ужо некалькі гадоў. Але я нават не ведаю, ці пераехаў ён туды назусім і ці бываў у Беларусі, — кажа Аляксей Янукевіч. — Чаму ім маглі зацікавіцца сілавікі? Абсалютна не ўяўляю.

— З чаго вы ўзялі, што я праходжу па справе? — здзівіўся Віталь Макаранка, калі «Еўрарадыё» звязалася з ім.

— Ого, гэта я! — працягнуў Макаранка, калі яму паказалі ранішнія навіны. Ад больш разгорнутага каментара меркаваны фігурант справы «аб захопе ўлады» пакуль адмовіўся.

— Цяпер крыху не да гэтага. Я падаю на бежанства, заняты, — сказаў на заканчэнне Макаранка.

Тэарэтычна магчыма, што фігурантам справы стаў нейкі іншы Віталь Макаранка. У «Еўрарадыё» пакуль не атрымалася ўдакладніць у сілавых структурах, ці ідзе сапраўды гаворка пра сябра Партыі БНФ.