«Дзіцячы спеўны сход»: Вясна-красна абяцала вярнуцца
У мінулыя выходныя шум цэнтральнай сталічнай магістралі парушылі звонкія дзіцячыя галасы, якія пад зычны гук беларускай дуды, дружна заспявалі: «Свяці-свяці, сонейка, каб нам было цёпленька!»

Гэта ўдзельнікі «Дзіцячага спеўнага сходу» гукалі вясну-красну на вачах здзіўлена-замілаваных мінакоў…
«Дзіцячы спеўны сход» — гэта адзін з першых праектаў, што ажыццяўляецца ўстановай «Культура роднага краю», якую ўзначальвае паэт, журналіст і арганізатар культурніцкіх імпрэз Аляксей Чубат. Пасля таго, як «Спеўны сход», стваральнікамі якога ад пачатку былі лідар гурту «Vuraj» Сяржук Доўгушаў і Аляксей Чубат, пераўтварыўся ў «Спеўны сход Сержука Доўгушава», Аляксей засяродзіўся на ажыццяўленні сваіх планаў. Менавіта пра іх перад пачаткам гэтай песеннай сустрэчы мы і просім распавесці Аляксея Чубата:
— «Спеўны сход» — гэта наша з Сержуком Доўгушавым ініцыятыва, якую мы пачалі рэалізоўваць у сакавіку 2014 года. У Сержука была ідэя спеўнай талакі, і ён шукаў шляхі яе ўвасаблення. Мяне ж цікавілі новыя формы прасоўвання, папулярызацыі беларускага фальклору. І таму мы з ім пачалі працаваць у адным напрамку.
За гады існавання «Спеўнага сходу» мы правялі шмат тэматычных песенных сходаў, каб пазнаёміць іх удзельнікаў з фальклорнай спадчынай беларускага народа інтэрактыўна: тут і зараз. Для нас было галоўным, каб слухачы, так бы мовіць, прапускалі праз сябе старажытныя мелодыі і такім чынам далучаліся да нашай песеннай спадчыны.

Аляксей Чубат — кіраўнік "Культуры роднага краю"
«Спеўны сход» сфармаваўся як месца правядзення музычных сустрэч. Гэта ніякая не інстытуцыя, а менавіта фармат. Як вы ведаеце, Сяржук Доўгушаў распачаў свой самастойны шлях у гэтым напрамку, а я са сваімі сябрамі — свой.
Што тычыцца ўстановы «Культура роднага краю», якую я зарэгістраваў у мінулым годзе, дык яе мэта — даваць веды пра нашу спадчыну ў розных фарматах. Цяпер мы праводзім «Дзіцячы спеўны сход. Веснавыя песні». Плануюцца і іншыя мерапрыемствы па папулярызацыі нацыянальнай культуры, — распавёў Аляксей Чубат.

Надзея Чугунова ладзіць рэпетыцыю Гукання вясны
Гэты ў нечым эксперыментальны «Дзіцячы спеўны сход» арганізавалі, каб паказаць дзецям іншы культурны пласт, адрозны ад таго, што яны бачаць у тэлевізары: гарманічны і збалансаваны. Весці яго было прапанавана ўдзельніцы этна-праектаў «Shuma» і «Kazalpin» Надзеі Чугуновай. «Я раней ведаў, што Надзея займаецца спевамі з дзецьмі і запрасіў яе быць вядучай», — падкрэсліў Аляксей Чубат.
Арганізатары «Дзіцячага спеўнага сходу» адзначылі, што ён з’яўляецца сумесным мерапрыемствам з праектам «Дзіцячыя творчыя майстэрні», якія ўжо доўгі час дзейнічаюць пры галерэі сучаснага мастацтва «Ў». Кіраўнік «Дзіцячых творчых майстэрняў» Ірына Лукашэнка адзначыла, што іх праект — адукацыйны, арыентаваны навучанне дзяцей разуменню сучаснага выяўленчага мастацтва, у прыватнасці, беларускага.

"Весянчукі" распачынаюць Дзіцячы спеўны сход
Праект знаёмяць дзяцей і падлеткаў з вядучымі мастакамі, мастацтвазнаўцам, дызайнерамі, пісьменнікамі, музыкантамі нашай краіны. «І вось цяпер «Дзіцячыя творчыя майстэрні» вырашылі супрацоўнічаць з «Дзіцячым спеўным сходам», каб злучыць народныя спевы, абрады з сучаснымі мастацкімі тэндэнцыямі», — дапоўніла Ірына Лукашэнка.

Самыя руплівыя вучаніцы
Але дзеткі, які разам са сваімі бацькамі завіталі ў кнігарню «ЛогвінаЎ», ужо чакалі, калі пачнецца тое, чаго яны хацелі больш за ўсё — спевы і гульні. Вось таму вядучая сходу Надзея Чугунова разам са сваім гуртом «Весянчукі» распачала навучанне ў гульнявой манеры. Спявачка прасіла дзетак прыкласці далонькі да твару, каб пахукаць, разагрэцца перад спевамі, а затым прапанавала ім вывучыць тэкст вяснянак, якімі яны будуць клікаць вясну.

Перад тым, як заспяваць, трэба ведаць тэкст
Калі стала відавочна, што ўсе дзеці добра разумеюць сэнс спеваў і вывучылі словы, яны разам з гуртом «Весянчукі» і ўдзельнікамі студыі «Варгін» Юліяй Хальковай-Гармаза і Мікітам Хальковым заспявалі некалькі вяснянак: «Свяці-свяці, сонейка», «І вясна-красна», «Вясна на калочку», «Благаславі, маці».

Спяаем разам, пакуль па паперцы
Дзеці так прыгожа і натхнёна рыхтаваліся да Гукання вясны, што і дарослыя з радасцю далучаліся да юных спевакоў. Нават вядомая фолк-спявачка, лідар праекта «Shuma» Руся, якая завітала ў галерэю «Ў» на «Дзіцячы спеўны сход» як прыватная асоба, з задавальненнем падтрымала сваім спевам дзіцячы хор!

Разам дзеці і дарослыя
Асабліва ўдзельнікам «Дзіцячага спеўнага сходу» спадабалася веснавая гульня «Ляцела, ляцела…», пасля якой цікаўнасць да свята Гукання вясны дасягнула найвышэйшага ўзроўню. Да гэтага і імкнуліся арганізатары сходу, якія запрасілі дзетак і дарослых прайсці з імі ў жывапісныя мясціны, побач з Домам-музеем І з’езду РСДРП.

Гучыць дуда, заве Вясну!
Веснавое шэсце маленькіх удзельнікаў «Дзіцячага спеўнага сходу» і іх бацькоў пад гук беларускай дуды Мікіты і бубна Юліі са студыі «Варгін» выклікала шмат пазітыўных пачуццяў і ўсмешак гараджан, але самае галоўнае — дзіцячых усмешак і зацікаўленасць беларускімі спевамі.

Пешым ходам за Вясной-красной
Тут, побач з Домам-музеем, дзеці разам з сваёй настаўніцай Надзеяй Чугуновай, паклікалі вясну — заспявалі вывучаныя на занятках вяснянкі, а пасля на галінках дрэўцаў, якія высаджаны побач, развесілі зробленыя сваімі рукамі папяровыя птушачкі — сімвалы надыходу вясны.

Прыйдзі, Вясна, прыйдзі, красна!
І не важна, што на некаторы час неба над удзельнікамі «Дзіцячага спеўнага сходу» спахмурнела, а на іх твары ўпалі нечаканыя сняжынкі. Галоўнае, што Вясна-красна вярнулася разам са спевамі беларускіх дзетак і пасялілася ў сэрцах кожнага з нас!

Зробленае сваімі рукамі, быццам цуд!