Дзіва чалавечага ператварэння з офіснай планктонiны
У літаратурным музеі Петруся Броўкі адбылася сустрэча з аўтарам зборніка апавяданняў "Дшежерь", які патрапіў у шот-ліст Усерасійскага літаратурнага конкурсу "НОС–2013", Кастусём Чарухiным.
Калі я збіралася на творчую сустрэчу з пісьменнікам Кастусём Чарухіным, успамінала аб вечарах паэзіі ў рэвалюцыйным Петраградзе. Тады быў голад і разруха — здавалася, каму была справа да літаратуры, да акмеістаў і сімвалістаў, да любоўных перажыванняў.
Зараз іншае: сытасць, дастатак, адносны мір, але творчыя вечары здзіўляюць гэтак жа. Якія могуць быць літаратурныя сустрэчы, калі прэс-канферэнцыя прэзідэнта Лукашэнкі, хуткія выбары, вайна на Украіне, землятрус у Непале... Які мікраскапічны маштаб падзеі — творчы вечар з прадстаўніком непатрэбнага племя пісьменнікаў, амаль такога ж экзатычнага і рэдкага віду, як нумізматы і шахматысты. Але гэта “мізэрнае” кідае цень у будучыню, менавіта па ім нашчадкі будуць ведаць нас з нашым бессэнсоўным і бязглуздым жыццём.
На сустрэчу з аўтарам у вельмі ўтульнае і светлае памяшканне — літаратурны музей Петруся Броўкі — прыйшло зусім няшмат чалавек, дзясятка паўтара.
— Гэта нічога, зараз нас яшчэ шмат, суцешыла прысутных арганізатар сустрэчы Сабіна Брыль. Вось на паэтычную сустрэчу з Някляевым прыйшоў толькі адзін чалавек. І, ведаеце, ён аднаму яму чытаў свае вершы!
Намінант прэміі Новай рускай славеснасці, аўтар зборніка апавяданняў "Дшежерь", які выйшаў у 2013 годзе і патрапіў у шот-ліст Усерасійскага літаратурнага конкурсу "НОС-2013", Кастусь Чарухiн пачаў сустрэчу сціпла:
— Тое, што я з сябе ўяўляю, месціцца ў гэтым тонкім зборніку, я не прыхільнік асобаснага падыходу да творчасці.
Сваю біяграфію ён апісаў сцісла: з дзевяці гадоў пачаткаў пісаць, але ніколі не заканчваў. У 39 гадоў, у сілу жыццёвых абставінаў, прыйшлося навучыцца заканчваць. Зборнік прапанавала выдаць піцерскае выдавецтва, натхняльнікам была былая беларуска Алена Кузьмiнок. І для піцерскага выдавецтва, і для аўтара гэты праект стаў лепшым. Хоць апавяданні ў зборнік падбіралі "з вышыні Казанскага сабора", і шмат з таго, кажа Чараухін, што ён уключыў бы, забракавалі.
Гутарка перамяжоўвалася з аўтарскім чытаннем аповеду "Бэла, чао", які не ўвайшоў у зборнік.
Галоўны герой, работнік аўтазапраўкі, закахаўся ў прыгожую даму, якая прыязджала запраўляцца на асабістым новым "нісане" колеру вохры. Пагоня і доўгае блуканне пад вокнамі катэджа каханай так і не падштурхнула героя на высакародныя ўчынкі і вялікія здзяйсненні. Закаханасць не перашкаджае "маленькаму чалавеку" рабіць вялікія і маленькія подласці.
У гэтым сюжэце — выяўная аўтарская барацьба з літаратурнымі штампамі: непрынята так пісаць пра каханне: не пра глыбокія эмацыйныя перажыванні, а з асэнсаваннем з'явы. Цвярозы востры погляд на закаханага героя, выразны маральны пасыл сведчыць аб тым, што перад намі вельмі мужчынская дарослая проза.

На сустрэчы была дзіўна камерная абстаноўка. Прысутныя слухалі, разважалі, задавалі аўтару пытанні. Пра каханне, пра мову, пра вытокі творчасці:
— Чытаць я заўсёды любіў, а патрэба пісаць узнікла як патрэба пажыць у гэтым напісаным свеце. Хоць, калі аповед ужо напісаны, адчужаешся ад яго, і ад цябе нічога не застаецца там.

Жонка пісьменніка Кастуся Чарухіна з дачкой Евай
Арганізатар сустрэчы баялася пытання пра мову, які магла задаць беларуская публіка беларускаму аўтару, які піша па-руску. Пра мову Кастусь сказаў так:
— Руская мова для мяне, беларуса, як тыпавыя дарогі і тыпавыя блокі, з якіх прыпадае аднаўляць рэаліі Беларусі, касмічнай у сваёй закінутасці.

Заўсёднік літаратурных салонаў Алена Генадзеўна
Упэўненая, што Канстанцін Чарухін увойдзе ў гісторыю сусветнай літаратуры. Не толькі таму, што ён добры пісьменнік і аўтар годнай кнігі. Але перш за ўсё таму, што сваім жыццём ён адкрыў шлях тысячам людзей у адчаі. Страціўшы ў аварыі абедзве рукі і нагу, каханую жанчыну, якая пакінула яго ў той цяжкі час, ён знайшоў у сабе сілы працягваць жыць, і не проста жыць, а заняцца літаратурнай творчасцю. Дзіва чалавечага ператварэння з офіснай планктонiны (выраз Кастуся) у пісьменніка, з вельмі левага радыкала ў верніка-каталіка.
І які б адчай ні авалодваў, прыклад пісьменніка не дазволіць аддаць сябе пагібель разбурэння.
Выбірацца мы будзем, трымаючыся за тваю нітку Арыядны. Дзякуй табе, Кастусь!