Фестываль “Горад і кнігі”: 5 маленькіх праектаў пра літаратуру
Вырасціць крышталь, станчыць літаратурнае танга альбо зрабіць слана сваімі рукамі — чаго толькі не прапаноўвалася падчас двухдзённага фэсту “Горад і кнігі” ў Нацыянальнай бібліятэцы. Канцэрты, майстар-класы, дзіцячыя спектаклі і нават цэлая “Бібліяноч”. Усё гэта зладзілі тры неўтаймаваныя дзяўчыны-бібліятэкаркі.
А яшчэ на фэсце можна было пазнаёміцца з маленькімі прыватнымі праектамі для кнігалюбаў, пра якія мы пачулі ўпершыню. “Будзьма” абрала пяцёрку самых незвычайных.
1. Крама “Кніжная нара”
Інтэрнэт-кнігарня запрацавала ў канцы мінулага года. Гаспадыня “Нары” Кацярына Аверкава кажа, што прадае кніжкі, якія цікавыя ёй самой. На сайце неблагі выбар навінак расійскіх выдавецтваў Ad Marginem, АСT, Corpus, “Лімбус-прэс” ды іншых – тут і замежная класіка, перакладныя бэстсэлеры, і дзіўненькая нефарматная проза, а таксама даволі разнастайная падборка навукова-папулярных выданняў.
Праўда, праз пару месяцаў пасля адкрыцця ўладальнікі “Кніжнай нары” зразумелі, што дарослыя часцей набываюць кнігі не для сябе, а для дзяцей. Таму дадалі вялікі раздзел з разумнымі і прыгожымі кніжкамі для маленькіх. Абіраць іх было проста, бо сама Кацярына – маладая мама. Цяпер яна плануе папоўніць асартымент і яркімі беларускімі кнігамі.
Паколькі крама існуе толькі ў інтэрнэце і не арандуе памяшканне, цэны тут сапраўды ніжэйшыя, чым у астатніх кнігарнях.
Сайт крамы http://bookhole.by/
2. Макет горада і тактыльныя кнігі
На фэсце былі адразу два праекты для людзей са слабым зрокам. Першы з іх – ад праграмы Mivia, якая праводзіць экскурсіі пад назвай “Дотык да Мінска”. Каб невідушчыя маглі больш дакладна ўяўляць гарадскія будынкі, прапануецца спачатку навобмацак азнаёміцца з імі па макетах. На стэндзе праграмы якраз стаялі мініяцюрная ратуша і тактыльная мапа плошчы Незалежнасці.
Другое падобнае пачынанне – дзіцячыя тактыльныя кнігі, якія робяць самі арганізатаркі фэсту (праект“ЗаЧтение”). У гэтых кніжках шмат пукатых дэталяў з розных матэрыялаў, у звяратак ёсць поўсць, а адзенне герояў зробленае з тканіны. На фэсце праходзіў майстар-клас, на якім шылі першую такую кніжку – “Гісторыю пра маленькага трусіка” расійскай пісьменніцы Каці Талстой.
Пра тактыльныя кнігі падрабязней па спасылцы, а аб праекце “Мівія” тут.
3. Літаратурныя кава і гарбата
Гэтыя літаратурныя вечары ладзяць дзве сяброўкі, якія любяць чытаць, Наталля Сялецкая і Алёна Вялічка. Апошняя да таго ж чайны майстар і мае ўласную студыю. У ёй і праходзіць “Літаратурная гарбата”, на каву ж запрашаюць у кавярню. Сяброўкі штораз абіраюць новага аўтара і прапануюць гасцям пад кубачак гарачага напою паслухаць пра тое, як ён жыў і пісаў. “Абіраем пісьменнікаў, якія нам падабаюцца, – кажа Алёна Вялічка, – у нас бываюць і беларускія, і рускія, і еўрапейскія і лацінаамерыканскія аўтары, карацей, самыя розныя. Нашым гасцям не трэба быць падрыхтаванымі, яны могуць увогуле чуць пра пісьменніка ўпершыню”.
Кажуць, што тыповы наведнік іх літаратурных вечароў – чалавек ад 25 да 45 гадоў, але выключэнні, зразумела, бываюць. “Аднойчы ўнукі прывялі бабулю, якая аказалася былой бібліятэкаркай і вельмі дасведчана і натхнёна ўступала ў дыскусію”, – расказваюць арганізатаркі.
Найбліжэйшая “Літаратурная кава” пройдзе ў кавярні GURU 30 красавіка і будзе прысвечаная Мілараду Павічу, а “Літаратурная гарбата” ў студыі Алёны Вялічка – 14 траўня і раскажа пра Федэрыка Гарсія Лорку. 28 траўня зноў кава – цяпер ужо пра Тэры Пратчэта. Уваход на мерапрыемства каштуе каля 80 тысячаў, гарбата ўключаная ў цану, а вось каву госцю давядзецца набыць у кавярні дадаткова.
Сайт “Чайнай студыі” тут.
4. “Макулатурныя вечары” і вобраз ад Эдэльвейнік
Як і ў папярэднім выпадку, гэта таксама праект дзвюх начытаных сябровак, адна з якіх – дызайнерка адзення. Дзяўчаты праводзяць нешта накшталт літаратурных салонаў – за сталом пры свечках збіраюцца прыгожа апранутыя людзі, п’юць гарбату, ядуць пірагі і дыскутуюць наконт папярэдне абранага твора. Дызайнерка Алёна Вейнік-Клышка (“Эдэльвейнік”) нават можа стварыць вобразы для ўдзельнікаў пад атмасферу кнігі. Зразумела, трапіць за гэты стол могуць не ўсе: трэба прайсці адбор, адказаўшы на некалькі пытанняў Укантакце (пытанні на летуценнасць кшталту “Ці лічыце вы сябе Асоль?”). Дзяўчат прыцягвае руская класіка – ужо былі пасядзелкі наконт “Ідыёта”, а найбліжэйшым часам звернуцца да “Пунсовых ветразяў”. Таксама прадметам дыскусіі былі “Хронікі Нарніі” Льюіса. Беларускую літаратуру ў высакародны гурток пакуль не пускаюць, ва ўкантактных абмеркаваннях ацэньваючы як местачковую. За літаратурны вечар з удзельнікаў бяруць невялікую плату – на гарбату і свечкі.
Сама дызайнерка Алёна Вейнік-Клышка ў сваіх калекцыях натхняецца кніжнымі гераінямі. Таму асобна на замову стварае вобразы для пяшчотных паэтычных паненак. Кліентка можа прыйсці да яе з канкрэтным запытам – “пад Ганну Карэніну” альбо з жаданнем проста стылізацыі пад моду дарэвалюцыйнага часу. Пакупніца атрымлівае сукенку, іміджавую фотасесію, дзе выглядае жывой кніжнай ілюстрацыяй. А Аліна Сардарава суправаджае гэта ўсё невялічкім абстрактным сачыненнем на тэму (напрыклад, “у стылі Талстога”). “Цяпер працую над вобразам для беларускай пісьменніцы фэнтэзі Надзеі Ясмінскай, – распавядае дызайнерка, – гэта будзе фотасесія ў лесе, у сукенцы са скураным гарсэтам і з мячом”.
Паглядзець вобразы ад Эдэльвейнік можна тут, а пра “Макулатурныя вечары” прачытаць тут.
5. Кнігі напракат
Напэўна, гэта для фанатаў папяровых кніг, якія чытаюць вельмі шмат, таму захапленне абыходзіцца нятанна. Таксама актуальна для дзіцячых выданняў, бо іх немагчыма замяніць электроннымі, а густы дзіцяці імкліва мяняюцца. “Частая гісторыя, калі бацькі набываюць кнігу за 100-200 тысяч, яна не дачытваецца да канца, кладзецца на паліцу, і больш дзіця да яе ніколі не вяртаецца з прычынаў, вядомых толькі яму”, – кажа кіраўніца праекта Кацярына Грабеншчыкова. Таму і ўзнікла ідэя кніг напракат: за 250 тысяч рублёў можна ўзяць адну кнігу на тры месяцы і абменьваць яе хоць штодня цягам гэтага тэрміну, выпрабоўваючы на сваім дзіцяці. За 400 тысяч можна ўзяць тры кнігі, а за 550 – пяць і таксама абменьваць іх усе ці часткова. Такім чынам можна зладзіць сабе ці дзіцяці чытальны марафон, скажам, падчас летніх вакацый, глытаючы кнігу за кнігай.
Сайт праекта – bookabook.by
Аляксандра Дорская, budzma.by
Фота Зарыны Кандрацьевай