Дзядзька. Словы пра Антона Кісяля

Твары на дошках гонару такія афіцыйныя, што знаёмых людзей у іх цяжка пазнаць. У рэальным жыцці ў людзей твары зусім і не геройскія. Раней дошак гонару было шмат. На кожным прадпрыемстве, каля кожнай фабрыкі і кожнага завода стаялі стэнды з фотапартрэтамі герояў працы.

З любым дзядзькам

З любым дзядзькам

Эпапеі

Дзядзька Антон зачытваўся тоўстымі кнігамі. Дзюма, Купер, Шышкоў пісалі прыгодніцкія эпапеі для такіх чытачоў, як наш Антон. Ён браў важкі двухраманны том Фенімора Купера, клаў на стол, а побач ставіў высокі кубак з моцнай і духмянай гарбатай. Антон чытаў пра прыгоды непераможнага індзейца Чынгачгука — Вялікага Змея, еў батон з яблычным павідлам і запіваў гарбатай. Захапленне раманамі прыйшло да Антона ад старэйшай сястры — Ніны. Праўда, яна зачытвалася зусім іншымі пісьменнікамі, такімі, як Дыкенс, Бальзак і Заля.

Кош

«Валодзя, вазьмі кош і занясі ў палатку да салдатаў. Я сабрала паесці: сыр, хлеб, сала. Наш Антачак служыць. Можа, і ён у якой палатцы сядзіць. Хай бы нехта і яму прынёс паесці. І ў Карэліі павінны быць добрыя людзі. Яны паўсюль павінны быць… Ідзі!» —  баба Ядзя дала мне кошык з харчамі. Вельмі апетытна выглядалі ў ім свежыя гуркі. Пёры цыбулі, сабраныя ў пук, глядзеліся шыкоўна побач з мармурова-белымі варанымі яйкамі. Ісці да чужых салдатаў мне зусім не хацелася. Трэці дзень за горадам, на скрыжаванні, каля шашы Мінск-Брэст стаяла вялікая брызентавая палатка. У ёй жылі чацвёра вайскоўцаў. Ішлі вучэнні. Аднаго разу па нашай вуліцы ўночы праехалі танкі. Зямля дрыжэла. У бабіным буфеце пазвоньваў шкляны посуд. Выйсці на вуліцу і паглядзець на танкі зблізку ніхто з нашых не рызыкнуў…

«Пакажы-пакажы… Што ў кошыку? — салдат паперакладаў сабранае бабай Ядзяй і сказаў нечаканае: — Не вазьму. Нам тут дзеўкі столькі ўсяго панапрыносілі, мы і за месяц не з’ямо. Нясі ўсё дадому. Скажаш бацькам «дзякуй»».

Сыходзіць я не спяшаўся, было крыўдна за бабу Ядзю, якая сабрала гэткі прыгожы кошык для салдатаў, збірала, як для нашага Антона, а яны не ўзялі. «Пачакай! — салдат схаваўся ў палатцы, а праз хвіліну выйшаў з поўнымі жменямі дарагіх шакаладных цукерак. — Вось табе шакалад, за добрую службу!» Салдат высыпаў цукеркі ў мой кош.

Калі Антон вярнуўся з Карэліі, я папытаўся, ці прыносіў хто з карэлаў салдатам паесці. «Ніхто ніколі нічога не прыносіў», — адказаў былы памежнік.

Войска

Антон збіраўся паступаць ва ўніверсітэт, а потым перадумаў і вырашыў ісці служыць у войска. У той час былі паўсюдныя недаборы, бо хлопцаў, якія нарадзіліся ў час вайны, было зусім мала, а таму забіралі служыць на тры, на пяць, а то і на ўсе сем гадоў. Антона ў ваенкамаце сустрэлі з радасцю. Сказалі, што ён самы здаровы прызыўнік у Койданаве. Здаровага і вясёлага прызыўніка закінулі служыць памежнікам на карэла-фінскай мяжы. Антон служыў у Запаляр’і. Там нават гарэлка замярзала так, што ў бутэльцы з лёдам заставалася вадкім адно яечка спірту. Антон расказваў, што на мяжы лавілі перабежчыкаў. Усіх іх называлі бандытамі і расстрэльвалі без суда і следства. Маладыя салдаты не хацелі страляць у людзей. Тады гэтых непаслухмяных салдатаў прымушалі закапаць бандыта жыўцом. «Закапаеш жывога чалавека ў зямлю, і наступным разам страляеш так, каб забіць, бо гэта больш гуманна і не так страшна, як жывога пад зямлёй пакідаць». Ахова мяжы на далёкай і чужой Поўначы праходзіла для Антона складана. Там ён і цяжкае раненне атрымаў. З напарнікам і аўчаркай Антон бег за бандытамі. Лейца, якой напарнік стрымліваў сабаку, заслізнула ў расколіну і захрасла ў ёй. Пакуль напарнік вырываў з расколіны лейцу, Антон бег за бандытамі адзін. Бег і наляцеў на нож. Бандыт схаваўся за дрэвам, прапусціў Антона наперад і напаў на яго са спіны. Вялікім нажом ён парэзаў Антону бок. Бандытаў не выратаваў той крывавы напад. Іх упалявалі і пазабівалі. Антона ўзнагародзілі гадзіннікам і адпусцілі ў адпачынак ажно на цэлых дзесяць дзён.

Казытка

У дзяцінстве мяне, пэўна, як і ўсіх нас, прымушалі спаць пасярод дня. Былі спакойныя дні, калі я клаўся і хутка засынаў, а здараліся выпадкі, калі не спалася. Прыйшоў дзядзька Антон з войска ў адпачынак. Усе з ім гавораць не нагаворацца, усе яго слухаюць не наслухаюцца, а мне трэба ісці і класціся ў ложак. Сям’я сядзіць за сталом, а мяне праганяюць. Упа́рчуся, злуюся, ваўком пазіраю… Баба Ядзя кажа Антону, каб завёў мяне ў спачывальню і паклаў спаць. Антон вядзе мяне і гаворыць, што можа навучыць не баяцца казыткі. Усе дзеці яе баяцца. Усе адзін аднаму расказваюць, як бандзюкі і кітайцы заказытваюць сваіх ахвяраў да смерці.  Не веру я Антону. Хацеў бы паверыць, але не верыцца. Ён прапаноўвае паказытаць яго. Казычу — не смяецца. Антон кажа, што трэба навучыцца трываць казытку. Ён казыча мае падэшвы, я трываю. Казыча па рэбрах — трэваю. Нават казытку пад пахамі я ператрываў. Стаміўся ад напружвання і заснуў. Прачнуўся і адразу згадаў, што навучыўся трываць казытку. Сапраўды навучыўся на ўсё жыццё.

Дзядзька Антак на родным падворку

Дзядзька Антак на родным падворку

Паравоз

Я з маці чакаў Антона на пероне. Ён вяртаўся з Карэліі, дзе адслужыў бясконцыя тры гады. Зіма. Чорна-сіні вечар. Блакітны рыпучы снег. Залатое святло вакзальных ліхтароў. Я страшэнна змерз. Маці прапаноўвала чакаць у вакзальным будынку, але мне хацелася стаяць на пероне. Здавалася, што так хутчэй дачакаюся сустрэчы з Антонам. Нарэшце чорна-чырвоны паравоз прыцягнуў ланцуг зялёных вагонаў. З вагонаў неяк вельмі хутка насыпалася на перон процьма пасажыраў. У таўкатнечы і мітусні мы баяліся размінуцца з Антонам. Дарэмна баяліся, бо гурт салдатаў у жоўта-зялёных бушлатах нельга было не заўважыць. Маці закрычала на ўвесь вакзал: «Анто-о-он!» Адзін з салдатаў спыніўся і азірнуўся. Ён! Антон! Вярнуўся! Жывы!!! Маці абдымала свайго брата і нават плакала. Я стаяў на снезе і чакаў. Я чакаў, пакуль дзядзька Антон скажа: «Які ты вялікі! Мужчына!» З паравоза на перон ляцела белая па́ра. Антон развітаўся з салдатамі, і мы ўтрох пайшлі праз марозны вечар на трамвайны прыпынак.


Значкі

Калі Антон вярнуўся з войска, у яго на гімнасцёрцы было шмат розных значкоў. «Гэх! Каб жа мне такіх значкоў на грудзі паначапляць, я быў бы самым шчаслівым хлопцам!» — так я думаў, але сказаць пра тое Антону не наважыўся. Пра значкі сказаў Толік Кісель. Ён быў на два гады старэйшы за мяне, і рашучасці меў больш. Толік ужо ў школу хадзіў, а я яшчэ ў сад. «Барыс Ладаўшчук, калі прыйшоў з войска, дык параздаваў сваім хлопцам усе значкі з гімнасцёркі! Яны лёталі па вуліцы і выхваляліся, што ў іх ёсць вайсковыя значкі, а ў нас такіх няма і не будзе. Мы сказалі, што Антон вернецца з войска — і падорыць нам свае значкі!» — такую гісторыю Толік распавёў Антону. Той зняў з гімнасцёркі значкі і паначапляў нам на грудзі. Я быў такі шчаслівы, што ўсміхаўся, адкрыўшы рот. Так мяне і сфатаграфаваў Славік Александровіч. На здымку я атрымаўся з шырокай усмешкай, са значкамі на куртцы, але без пярэдніх верхніх зубоў. Дзед Бронік паглядзеў на маю зялёную куртку, абчапляную вайсковымі значкамі, і сказаў: «Табе можна ў войска не хадзіць, усе ўзнагароды ты цяпер маеш».

Папяросы

Толік Кісель скраў у свайго бацькі папяросу «Север», а я вытрас з татавай пачкі папяросу «Беломор-канал». З папяросамі і запалкамі мы схаваліся за хлеў. Пакуль дарослыя за накрытымі сталамі балявалі, мы пускалі дым у сіняе вераснёвае неба. За пакурваннем нас злавіў дзядзька Антон. Ён сварыўся не столькі за крадзёж папярос, колькі за тое, што курылі мы каля складзенай за хлявом саломы, якую яшчэ не закінулі на гарышча. Каб, не дай ты Бог, салома ўспыхнула, дык мог згарэць і ўвесь наш хлеў з кабанамі ды матацыкламі. Кабаноў было шкада па-сапраўднаму.

Дараванне

Вэнджаны кумпяк смачнейшы за кумпяк засолены. Таму і сабраліся нашы койданаўскія мужчыны і паставілі ў казікавым садзе вежу вяндлярні. Вырашылі шэсць кумпякоў вэндзіць. Два кумпякі прынёс Іван Мілько, два кумпякі прыцягнуў Казік Кісель, і два даў наш дзед Бронік Кісель. Вэндзіць трэба доўга — некалькі дзён узапар, таму мужчыны напісалі расклад на тры змены. Антону дасталася начная змена. Ён цэлу ноч падкідаў на вуголле ядлаўцовыя лапкі, падкідаў, падкідаў, а пад раніцу заснуў. Антон заснуў, а вяндлярня загарэлася. Шэсць кумпякоў пападалі ў вуголле і моцна абгарэлі. Што не згарэла, тое спяклося. Тры сям’і засталіся без вэнджаных кумпякоў. Антон страшэнна перажываў. Абяцаў Івану і Казіку адкупіць кумпякі. «Антачак, ды не еш ты сам сябе! Згарэла сала? Чорт яго бяры! Выкармім мы новых кабаноў…» —  так мая баба Ядзя суцяшала сына. «Мама, паслухайце, што скажу… Віця Мілько не заснуў! Шурык Мілько не заснуў! А я, дурань слабавольны, заснуў у апошнюю ноч. Дзе справядлівасць? Каб п’яны быў. Каб ператомлены чым. Цвярозы заснуў. Крыўдна!» — Антон ледзь стрымліваўся, каб не заплакаць. Каб чаго кепскага з ім не здарылася, усе гаспадары абгарэлых кумпякоў сабраліся і вырашылі Антону дараваць за сапсаваныя харчы. Каму іншаму — можа, і не даравалі б. Іншаму давялося б адкупляць кумпякі.

Свінтус

Койданаўскіх кабаноў мы называлі па-рознаму. Дзюдзькі, дзюдзі, кабаны, кабанчыкі, свінні... Дзядзька Антон казаў на самага вялікага Свінтус-грандыёзус. Усё дзяцінства я быў упэўнены, што наш Антон сам прыдумаў для кабана такую манументальную мянушку. Нават паглядзеўшы камедыю нашага земляка Кандрата Крапівы «Хто смяецца апошні», у якой той Свінтус-грандаёзус і нарадзіўся, я ўсё адно не паверыў, што сатырык Кандрат Кандратавіч вынайшаў грандыёзнага свінтуса сам. Нешта ў гэтай мянушцы ёсць праўдзіва-народнае, надаўтарскае і не зусім каб тэатральнае. Пра Свінтуса-грандыёзуса добра казаць і жартаваць у хляве, дзе пахне свежым гноем, варанай бульбай і смалістым пілавіннем.

Дошка гонару

Твары на дошках гонару такія афіцыйныя, што знаёмых людзей у іх цяжка пазнаць. У рэальным жыцці ў людзей твары зусім і не геройскія. Раней дошак гонару было шмат. На кожным прадпрыемстве, каля кожнай фабрыкі і кожнага завода стаялі стэнды з фотапартрэтамі герояў працы. Я асабліва не ўглядаўся ў перадавікоў вытворчасці, бо нікога са знаёмых тамака не было. Нікога, акрамя майго дзядзькі Антона. Ён працаваў токарам на маторарамонтным заводзе. Яго гераічны фотапартрэт быў выстаўлены на вулічнай дошцы гонару. Калі я ішоў з чыгучнага вакзала ў дзедаў дом ці з дому бег на вакзал, дык абавязкова вітаўся з дзядзькавым фотапартрэтам. «Добры дзень, Антон!» — «Антон, добры вечар!» Не стану нешта-нейкае казаць пра астатніх на дошцы маторарамонтнага, а дзядзькам маім можна было ганарыцца па-сапраўднаму. Токар ён быў адметны. Каля станка і ногі згубіў. Ад штодзённага сямігадзіннага стаяння ў Антона пачаўся трамбафлібіт, а пазней зрабілася кепска з сэрцам. З завода давялося сыходзіць. Фотапартрэт яшчэ нейкі час пакрасаваўся на дошцы, але потым яго замянілі іншым ганаровым тварам.

Праца

Антон неяк хутка стаміўся ад жыцця. Хваробы напалі на яго з розных бакоў: ногі, сэрца, вочы... Давялося аформіць інваліднасць.

Войска і завод высмакталі з нашага волата ўсе сокі. Ён занудзіўся. Пачаў выпіваць. Аднойчы раніцай Антон пазваніў у дзверы маёй мінскай кватэры. Ад Антона моцна пахла віном. Мы пагаварылі, стоячы ў пад’ездзе, бо зайсці ў кватэру ён адмовіўся. Дзядзька папрасіў знайсці яму працу ў Мінску. Хацеў змяніць лад жыцця. Збіраўся кінуць выпіўку. Я правёў Антона на чыгуначны вакзал і даў яму грошы. Ён спрабаваў адмовіцца, але ўсё ж забраў дваццаць даляраў «на дарогу да станцыі Койданава». Працу ў Мінску для былога токара з інваліднасцю я не знайшоў. Шукаў, размаўляў са знаёмымі, прасіў. Ніхто не захацеў дапамагчы хвораму чалавеку, якому было за пяцьдзясят.

Чаравікі

Доўга выбіраў. Доўга прымерваўся. Доўга разлічваў, як бы атрымаць максімальную скідку на чаравікі швейцарскай фірмы «Бэйлі». Нарэшце намераў. Выбраў з трох пар зручнейшую. Праўда, зручнасць чаравікаў лепей называць зножнасцю. У зножных абновах іду я па мінскай вуліцы Багдановіча, а побач са мной крочыць мой дзядзька — Антон Кісель. Я іду па ходніку, а ён — па траве. Яна пад ягонымі ступакамі не змінаецца. Трава нават не варушыцца. Разумею — Антон мёртвы. Ён даўно пакінуў наш мала ўтульны свет. Чаму ён вярнуўся? Каб пераадолець няёмкасць гнятлівага маўчання, кажу: «Бачыш? Я сабе ў Барселоне набыў швейцарскія чаравікі. Гады тры буду насіць. У мяне такія і раней былі. За тры гады падэшва ўсё ж сцерлася. Выдатныя чаравікі...» Антон на мяне зірнуў праз тоўстыя лінзы акуляраў і кажа: «Я свае пантофлі гадоў дзесяць нашу, не здымаючы, а яны ўсё як новыя. Як надзелі мне іх... Ну ты ж разумееш... Так і хаджу. Падэшва не сціраецца зусім». Прачнуўся я — яшчэ сонца не ўставала з-за гары. Ад начной сустрэчы з дзядзькам у мяне ўзняўся настрой. Прыемна сустрэць, хай сабе і ў сне, чалавека, які цябе любіць.

Надзейнасць

У мяне было тры дзядзькі: Антон, Сава і Ян. Сава і Ян — бацькавы родныя браты, Антон — зводны брат маці. Усіх сваіх дзядзькоў я паважаў. У Саве бачыў разумнасць і практычнасць, Ян быў рамантыкам і вандроўнікам, Антон — сама надзейнасць. Антон быў і самы блізкі мне, бо шмат чытаў, збіраў бацькавы і мае кнігі. Калі здаралася якая непрыемнасць ці трэба было перахавацца, я ехаў на станцыю Койданава, у Дзяржынск, да Антона. Аднойчы пракурорскія пагражалі мне арыштам, я перачакаў мітусню і тузаніну ў Антона. Было і такое, што маскоўскія і тульскія бандыты сачылі за мной, «забівалі стрэлкі» і вялі суворыя перамовы, тады ўсё заробленае я хаваў у Антона. Яму можна было верыць, як верыш маці і бацьку. Антон браў з маіх рук пакунак і хаваў яго. Дзядзька нават не пытаўся… Што ў пакунку? Грошы? Колькі іх там? Браў моўчкі, а калі разборкі з тульскімі і маскоўскімі бандытамі сканчаліся, ён вяртаў мне той пакунак. Не так і шмат людзей на свеце, каму ты можаш даверыць пакунак з грашыма, сабранымі на чорны дзень. У мяне быў такі чалавек — Антон з Койданава, надзейны родны дзядзька.

Віншаванні

Дзядзька Антон заўсёды тэлефанаваў мне на дзень нараджэння. Здаралася так, што мы чулі адзін аднаго толькі раз у год. Я, каюся, ніколі не віншаваў дзядзьку з ягоным днём народзінаў. Ягоную сястру — цётку Рэню — віншаваў і віншую, бо так у нас склалася. Цяпер сяджу і сам сабе пытанне задаю… Чаму я ніколі не віншаваў Антона? Было ж прасцей простага пазваніць і сказаць некалькі добрых слоў. Сказаць, што я яго паважаю і люблю. Не званіў і не казаў. Паважаў і любіў, але ні разу яму пра гэта не сказаў. Сорамна. Асабліва цяпер, калі ў сацыяльных сетках я штодня віншую шмат самых розных сяброў, знаёмых і фрэндоў. Віншую людзей, якіх нават у рэальнасці ніколі не бачыў. Новы час — новыя павевы ў этыкеце. Добра, што чалавек можа атрымліваць процьму віншаванняў на свой дзень нараджэння… Трэба будзе Антону кветкі на магілу занесці. Скончыцца зіма, вясною ці летам паеду ў Койданава і занясу Антону кветкі, васількі. Антон заўсёды любіў васільковы колер, Рэня любіла чырвоны, а ён — васільковы.