MOVABOX: як змяніўся вобраз сучаснай беларускай літаратуры?
Праект MOVABOX прадставіў адноўлены вобраз беларускай літаратуры i ТОП-10 сучасных пісьменнікаў

28 красавіка сацыяльна-культурны праект кампаніі velcom MOVABOX падвёў вынікі першага этапу і прадставіў змены ва ўспрыманні беларускай літаратуры ў выглядзе новага графічнага ўвасаблення яе вобразу.
Важным крокам першага этапу праекта стала правядзенне даследавання вобразу сучаснай беларускай літаратуры сярод чытачоў. З гэтай мэтай кампанія velcom правяла два інтэрнэт-апытанні: да пачатку рэалізацыі праекта і пасля завяршэння першага этапу. Рэспандэнтам было прапанавана назваць найбольш распаўсюджаныя тэмы, да якіх звяртаюцца ў сваіх кнігах беларускія пісьменнікі і паэты, а таксама ахарактарызаваць тыповага галоўнага героя іх твораў. Паводле вынікаў першага апытання быў створаны вобраз беларускай літаратуры, які дапоўніўся новымі рысамі па выніках другога даследавання.

Эксперымент дазволіў атрымаць уяўленне аб тым, ці здолелі арганізатары праекта змяніць існуючыя ўяўленні аб беларускай літаратуры. Як сведчаць яго вынікі, MOVABOX даволі адчувальна паўплываў на яе ўспрыманне:
· значна змяніўся спіс пісьменнікаў, якіх называлі ўдзельнікі апытання. Кожны з чатырох аўтараў, чые творы былі прадстаўлены на тым ці іншым этапе рэалізацыі праекта, увайшоў у гэты пералік. Цалкам топ—10 найчасцей узгаданых сучасных беларускіх пісьменнікаў выглядае так:
· Альгерд Бахарэвіч;
· Андрусь Горват;
· Уладзімір Арлоў;
· Віктар Марціновіч;
· Адам Глобус;
· Андрэй Хадановіч;
· Віктар Жыбуль;
· Людміла Рублеўская;
· Наста Кудасава;
· Валянцін Акудовіч.
· сярод галоўных тэм сучасных беларускіх твораў значна большую долю ў параўнанні з папярэднім апытаннем занялі каханне, а таксама праблемы і пытанні, актуальныя для сучаснасці;
· вобраз беларускай літаратуры значна актуалізаваўся: пры тым, што такія героі, як «просты чалавек», «беларус», «народ» па-ранейшаму складаюць тройку самых папулярных варыянтаў, удвая скарацілася ўзгадванне такога вобразу, як «мужык». У пераліку герояў выніковага апытання з’явіўся «чалавек ў пошуку сябе», які ў папярэднім выпадку не фігураваў увогуле;
· галоўнае дасягненне праекту MOVABOX — на 43% павялічылася колькасць тых, хто хаця б аднойчы чытаў творы прадстаўнікоў сучаснай беларускай літаратуры.

Яшчэ адным цікавым вынікам апытання стаў той факт, што сярод матываў, якія б маглі падштурхнуць рэспандэнтаў да прачытання твораў беларускай літаратуры, амаль на 20% павялiчылася роля рэкамендацый знаёмых і сяброў. Дапамагчы патэнцыйным чытачам пасябраваць з беларускай кнігай — задача movabot, спецыяльна створанага ў межах праекта MOVABOX чат-бота ў сацыяльнай сетцы Facebook, з якім можна параіцца наконт выбару беларускамоўных твораў. У якасці крыніцы для яго рэкамендацый выступае база анлайн-бібліятэкі беларускіх электронных кніг kniharnia.by.
«Вобраз сучаснай беларускай літаратуры, на наш погляд, стаў больш жывым і адпаведным рэчаіснасці. А сама беларуская літаратура знайшла шмат новых чытачоў — і, я ўпэўнены, шчырых прыхільнікаў. За шэсць месяцаў сайт праекта наведалi амаль 50 тыс. чалавек, больш за 20 тыс. прайшлі тэсты па кнігах і, хацелася б спадзявацца, знайшлі для сябе шмат нечаканага і цікавага ў сучаснай беларускай літаратуры», — адзначыўкіраўнік аддзелу брэнд-менеджменту velcom Зміцер Курловіч.
Праект MOVABOXствораны з мэтай пазнаёміць шырокую аўдыторыю з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі і іх творамі, а таксама прадэманстраваць, што беларускі літаратурны працэс разнастайны і цікавы ў міжнародным кантэксце.

На пряцягу шасці апошніх месяцаў у межах праекта адбылося знаёмства з творамі чатырох разнапланавых аўтараў: ад прыгодніцкага фэнтэзі Людмілы Рублеўскай да авангардысцкіх вершаў Віктара Жыбуля; ад казкі-антыўтопіі аб самавызначэнні ад Альгерда Бахарэвіча да пошуку ўласнага Космасу ў беларускай глыбінцы паводле вопыту Андруся Горвата. У цэнтры ўвагі на кожным з этапаў знаходзіўся ўнікальны набор MOVABOX — кніга і звязаныя з ёю прадметы-артэфакты, з дапамогай якіх не толькі яе змест, але настрой і нават атмасфера раскрываліся больш выразна і аб’ёмна.
Падзеі праекта разгортваліся як у рэальнай, так і ў віртуальнай прасторах. У кавярнях Мінска і яшчэ шасці гарадоў кнігі аўтараў-удзельнікаў і іншых беларускіх пісьменнікаў можна было знайсці ў спецыяльных скрынях для беларускамоўнага буккросінгу. А наведвальнікі сайта movabox.by мелі магчымасць прайсці тэст па кожнаму з чатырох прапанаваных твораў і выіграць свой уласны MOVABOX ці нават сустрэчу з яго аўтарам ў якасці нечаканага, але прыемнага дадатку.
Бліжэйшым часам праект MOVABOX працягне сваё існаванне ў фармаце беларускамоўнага буккросінгу ў 7 гарадах Беларусі, які карыстаецца значнай цікавасцю з боку аўдыторыі, а таксама ў выглядзе movabot.

******
Аўтары-ўдзельнікі MOVABOX распавілі пра ўражанні ад праекта.
Людміла Рублеўская, аўтар цыкла раманаў аб прыгодах Пранціша Вырвіча:
«Вельмі прыемна, што з’яўляюцца такія незвычайныя праекты, як MOVABOX — каб створаныя пісьменнікамі незвычайныя прыгоды і героі жылі так, як нам, аўтарам, таго хацелася б: не на паперы, а ў сэрцах чытачоў».
Альгерд Бахарэвіч, аўтар рамана «Дзеці Аліндаркі»:
«Праект MOVABOX яшчэ раз засведчыў, што сучасная беларуская літаратура, разнастайная, актуальная і цікавая для шырокага кола чытачоў — не міф і не ўтопія. Гэта рэальнасць, якую мы дзякуючы гэтаму праекту ствараем разам».
Віктар Жыбуль, аўтар паэтычнага зборнiка «Дзяцел i дупло»:
«Шкада, калі штампы і стэрэатыпы перашкаджаюць успрымаць нешта вартае ўспрымання такім, якое яно ёсць на самой справе. Дзякуючы праекту MOVABOX часткі такіх штампаў ў дачыненні да беларускай літаратуры атрымалася пазбавіцца, і ў гэтым я бачу яго найбольшую каштоўнасць».
Андрусь Горват, аўтар дзённіка «Радзіва «Прудок».
«Каб нешта атрымалася добра, трэба прапусціць ідэю праз самае сэрца, даць ей пусціць у ім карані і паспець. Менавіта так адбылося з праектам MOVABOX, які сёння збірае надзвычай добры ўраджай».